У Данецкай вобласці ў выніку расейскіх абстрэлаў загінулі двое мірных жыхароў


 У першай палове дня 22 кастрычніка расейскія войскі абстралялі чатыры паселішча ў Данецкай вобласці, у выніку чаго два чалавекі загінулі і яшчэ трое атрымалі раненні. Пра гэта паведамляе Офіс генеральнага пракурора Украіны.

Абстрэлы ў Данецкай вобласці, 22 кастрычніка 2023 году.
Фота: Офіс Генерального прокурора / Facebook

Раніцай 22 кастрычніка расейскія войскі абстралялі сяло Калінаўка Бахмуцкага раёна. Ад атрыманых траўмаў 58-гадовы мясцовы жыхар памёр на тэрыторыі ўласнага дому.

Пад мінамётны абстрэл таксама трапіла сяло Васюкоўка Бахмуцкага раёну. Ад удару варожага снарада ў легкавы аўтамабіль загінуў 61-гадовы мужчына.

У паселішчы Нетайлове Пакроўскага раёну ў выніку абстрэлу з боку расейцаў пацярпеў 19-гадовы хлопец, а ў Тарэцку страсенне мозгу атрымалі 59-гадовая жанчына і 60-гадовы мужчына.

Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы за парушэнне законаў і звычаяў вайны (ч. 1, 2 арт. 438 КК Украіны).

Hавiны
«Чарговы тэрор». Шэсць чалавек загінулі ў выніку расейскага ракетнага ўдару па Харкаве
2023.10.22 08:41

Абстрэлы ў нядзелю таксама фіксаваліся ў Херсонскай вобласці. Кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Аляксандр Пракудзін паведаміў 22 кастрычніку, што па паселішчах правабярэжжа Херсоншчыны расейцамі было выпушчана 12 кіраваных авіябомбаў.

Былі нанесены ўдары па Херсоне, Херсонскім раёне і трох сёлах Бярыслаўскага раёна. У абласным цэнтры пацярпелі дамы, будынкі транспартнага і харчовага прадпрыемстваў.

Агляд
ЗСУ плануюць маштабную аперацыю на левабярэжжы Дняпра? Што вядома
2023.10.22 19:59

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў