«Чарговы тэрор». Шэсць чалавек загінулі ў выніку расейскага ракетнага ўдару па Харкаве


Позна ўвечары 21 кастрычніка расейскія ракеты ўдарылі па тэрмінале «Новай пошты» пад Харкавам. У выніку абстрэлу загінулі шэсць чалавек, 14 былі параненыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сынегубаў.

Расейцы абстралялі паштовы тэрмінал пад Харкавам. Шэсць чалавек загінулі.
Фота: Олег Синєгубов / Facebook

Як удакладніў Алег Сынегубаў, удар быў нанесены з тэрыторыі Белгародскай вобласці як мінімум двума ракетамі С-300.

«Гэта выключна цывільны аб’ект, расейцы ўчынілі чарговы тэрор супраць мірнага насельніцтва Харкаўшчыны», – напісаў Алег Сінегубаў на сваёй старонцы ў «Facebook».

У выніку ракетнага ўдару па «Новай пошце» пад Харкавам загінула 6 чалавек, раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі 14 чалавек. Усе яны цывільныя супрацоўнікі лагістычнага прадпрыемства. На месцы ўдару працуюць ратаўнікі, разбіраюцца завалы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў спачуванні сваякам загінулых і апублікаваў відэа з месца здарэння.

«Трэба ўзмацніць ціск на дзяржаву-тэрарыста. Нам трэба кожны дзень адказваць на расейскі тэрор сваімі ўдарамі на перадавой. Неабходна яшчэ больш умацоўваць адзінства свету ў барацьбе з тэрарызмам. І мы гэта робім.

Тэрорам і забойствамі Расея нічога не даможацца. Канец ва ўсіх тэрарыстаў адзін: адказнасць за ўчыненае», – напісаў Уладзімір Зяленскі.

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны пазней удакладніла, што на момант удару на тэрыторыі пошты знаходзіліся 22 чалавекі – шэсць з іх загінулі, 16 атрымалі раненні і дастаўленыя ў лякарні. У міністэрстве таксама паведамілі, што каля знішчанага ўдарам будынку былі знойдзеныя рэшткі ракеты С-300.

Агляд
Лакальныя поспехі бакоў па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?
2023.10.21 20:18

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў