Улады раскрылі, хто атрымае доступ да запісаў відэарэгістратараў у таксоўках і маршрутках. Спіс бясконцы


Абавязак усталёўваць відэарэгістратары ў таксоўках і маршрутках замацавалі ва ўказе аб пасажырскіх перавозах, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам у студзені. Урад падрыхтаваў праект пастановы, неабходнай для рэалізацыі гэтага ўказу. У дакуменце сярод іншага пазначана, якія дзяржаўныя органы атрымаюць права патрабаваць у перавознікаў запісы камераў назірання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таксі ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Праект урадавай пастановы апублікавалі на адмысловым прававым форуме. Дакумент называецца «Аб захадах у рэалізацыі ўказу прэзідэнта за 25 студзеня 2024 года».

«Белсат» раней пісаў, што той указ прадугледжвае стварэнне дзяржаўнага рэсурсу «Рэестр аўтамабільных перавозаў пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У гэты пералік будуць залучаць звесткі пра:

  • аўтаперавознікаў,
  • транспартавыя сродкі,
  • кіроўцаў,
  • дыспетчараў аўтаперавозаў,
  • дыспетчараў таксі.

Праца без рэгістрацыі ў гэтым рэестры будзе забароненая. Весці базу будзе транспартавая інспекцыя Міністэрства транспарту, а доступ да інфармацыі атрымаюць «надзораныя ды іншыя дзяржаўныя органы пры наяўнасці падставаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі».

Яшчэ ў рэестр перавознікі будуць штомесяц падаваць звесткі пра ўсе замовы, нават нявыкананыя, прычым у адмысловай форме належыць пазначаць імя, імя па бацьку і прозвішча пасажыра і маршрут паездкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтавакзал у Менсу, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Таксама ўказ зрабіў абавязковым усталяванне ў кожнай маршрутцы і таксоўцы відэарэгістратараў, якія мусяць «глядзець» як наперад праз ветравое шкло, гэтак і ў салон, а таксама запісваць гук. Савет Міністраў у пастанове ўдакладняе:

«Размяшчэнне тэхнічнага сродку мусіць забяспечваць максімальны кут агляду, у тым ліку агляд месцаў размяшчэння кіроўцы і пасажыраў (пры немагчымасці ахопу кутом агляду названых месцаў выкарыстоўваецца належная колькасць тэхнічных сродкаў). Якасць запісу мае адпавядаць узроўню, дастатковаму для адназначнай ацэнкі падзеяў, што адбываюцца перад транспартавым сродкам і ў салоне транспартавага сродку з прывязкаю да даты і часу іх фіксацыі, а таксама мець мінімальную разрознасць 1280 x 720».

Відэарэгістратар мусіць працаваць усю працоўную змену кіроўцы.

Спачатку меркавалася, што запісы будуць захоўвацца год, і, як казалі перавознікі, гэта запатрабавала б вялізных выдаткаў. Цяпер пастанова прадугледжвае істотна меншы тэрмін: 15 содняў.

Агляд
«Пакуль працуем, але ўсхваляваныя». Што зменіцца для маршрутак з новым указам аб перавозах?
2024.01.26 19:18

У каментарах на прававым форуме звярнулі ўвагу на норму, што камера мае фіксаваць усіх пасажыраў, і ў аўтобусах, напрыклад, на 50 месцаў гэтае патрабаванне будзе выканаць цяжка.

«У такім аўтобусе пры размяшчэнні ў праходзе камераў відэаназірання іх спатрэбіцца 6, плюс цвёрды дыск, манітор (дзеля кантролю працаздольнасці), блок сілкавання, асобны акумулятар і падменны фонд усіх кампанентаў, бо без відэафіксацыі нельга пачынаць рух. Таксама маніторынг цягам усёй паездкі. Навошта гэта ўсё кіроўцу?» – напісаў карыстальнік.

Ён упэўнены, што дзеля бяспекі (гэтак афіцыйна абгрунтавалі неабходнасць камераў) дастаткова адной камеры ў бок дарогі і другой у салон.

Іншы ўдзельнік абмеркавання падкрэсліў, што падчас паездак у таксоўках людзі часта размаўляюць на прыватныя або службовыя тэмы, цяпер жа, як мяркуе грамадзянін, паездкі будуць адбывацца «ў магільным маўчанні».

Праект пастановы ўраду вызначае, што перавознік або кіроўца «абавязаныя неадкладна даваць запісы» на патрабаванне:

  • суда;
  • пракурораў;
  • органаў, што ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць;
  • органаў дазнання і папярэдняга следства;
  • Камітэту дзяржаўнага кантролю,
  • Транспартавай інспекцыі;
  • ДАІ;
  • падаткавікоў;
  • «іншых дзяржаўных органаў (арганізацыяў), вызначаных заканадаўствам».

Аператыўна-вышуковаю дзейнасцю, паводле беларускага заканадаўства, займаюцца:

  • міліцыя,
  • КДБ,
  • памежнікі,
  • служба аховы прэзідэнта,
  • Аператыўна-аналітычны цэнтр,
  • органы фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю,
  • мытня,
  • выведка.

Папярэдняе следства можа весці Следчы камітэт і КДБ.

Органаў дазнання таксама багата. Вось некаторыя (акрамя міліцыі, КДБ, мытнікаў і памежнікаў):

  • вайсковыя камендатуры, камандзіры вайсковых частак, кіраўнікі вайсковых навучальных установаў;
  • начальнікі калоніяў і СІЗА;
  • дзяржаўны пажарны нагляд.

Патрабаванне даць запісы мае быць абгрунтаванае, таксама мусіць быць пазначаны тэрмін выканання.

Разбор
Што новага «накапаюць» на беларусаў сілавікі? Глядзім на новы ўказ пра сачэнне за інтэрнэтам
2022.10.25 11:15

У абмеркаваннях да праекту пастановы адразу некалькі заўваг датычылі нормы пра тое, што залучаная ў рэестр таксоўка не можа выкарыстоўвацца ў асабістых мэтах, кіроўца такой машыны зможа толькі на ёй працаваць:

«Забараняць індывідуальнаму прадпрымальніку выкарыстоўваць аўтамабіль у асабістых мэтах – гэта ані ў якія рамкі! Адна машына для працы, другая – у краму з сям’ёй ездзіць?»

Каментатары таксама канстатавалі, што змены, якія прапаноўваюцца, аніяк не легалізуюць онлайн-сэрвісаў у пошуку спадарожнікаў кшталту «BlaBlaCar».

Яшчэ прасілі дазволіць таксоўкам ездзіць па палосах для грамадскага транспарту, даць права кіроўцам адмовіць у паездцы, калі пасажыр нецвярозы ці ў «неадэкватным стане», крытыкавалі залішнюю справаздачнасць і абавязковае перадаванне персанальных звестак пасажыраў з маршрутамі паездак.

Ці прыслухаліся чыноўнікі да прапановаў, стане вядома, калі пастанову ўхваляць. Грамадскае абмеркаванне праекту скончылася 1 траўня.

Разбор
Паездкі пад каўпаком. Улады будуць ведаць, хто, каго і куды вязе таксоўкаю або маршруткаю
2023.11.18 13:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў