ЗСУ плануюць маштабную аперацыю на левабярэжжы Дняпра? Што вядома


«Белсат» падводзіць вынікі 606-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Ілюстрацыйны здымак. Вайсковец 93 ОМБр Холодний Яр.
Фота: Міністерство оборони України FB

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў войскі РФ правялі больш за 15 атак каля населеных пунктаў Сынькоўка, Іванаўка і Надзея, але поспеху не дасягнулі.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё ўжо ўкраінскіх атак каля гэтых населеных пунктаў, што ўказвае на сустрэчны характар баёў на паўночным усходзе Украіны.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы беспаспяхова атакавалі каля Белагораўкі, Спірнага, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Аналітыкі праекту Deepstate дадаюць інфармацыю пра наступальныя аперацыі УС РФ каля Макееўкі і Дзібровы.

Самыя ўкраінцы атакавалі каля Дзібровы, але таксама без зменаў па лініі фронту.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду)

На паўночным фланзе бахмуцкага кірунку актывізаваліся расейскія вайскоўцы, якія дасягнулі частковага поспеху ў ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка і Хромава (на паўночным захадзе ад Бахмуту). Украінскія вайскоўцы контратакуюць, імкнучыся вярнуць страчаныя пазіцыі.

Таксама фіксуюцца іхныя атакі каля Васюкоўкі (на поўначы ад гораду).

У гэты ж час на поўдні ад раённага цэнтру працягваецца наступальная аперацыя Збройных сілаў Украіны.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша аб прасоўванні за чыгуначнай лініяй на ўсходзе ад Клішчыеўкі і Андрэеўкі. Адначасова з гэтым ідуць цяжкія баі каля Курдзюмаўкі, але там расейцам удаецца трымаць пазіцыі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На поўначы ад Данецку наступаюць Узброеныя сілы РФ, намагаючыся ў выніку атачыць і захапіць Аўдзееўку. Паводле ўкраінскага камандавання, за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі больш за 15 атак праціўніка каля Кераміку, Стэпавога, Танэнькага, Первамайскага і самой Аўдзееўкі.

У Deepstate фіксуюць спробы расейцаў падысці і замацавацца каля чыгуначнай лініі з боку Краснагораўкі на поўначы ад Аўдзееўкі. Таксама ідуць баі за тэрыкон на гэтым участку фронту.

На паўднёвым захадзе ад гораду войскі РФ маюць частковы поспех каля Вадзянога.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што самыя ўкраінцы нечакана атакавалі ў кірунку населенага пункту Пяскі і крыху прасунуліся па фронце. Сцвярджаецца, што такім чынам ЗСУ намагаюцца зайсці ў тыл групоўцы праціўніка ў Вадзяным.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» гаворыць, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

На суседнім мар’інскім кірунку УС РФ правялі больш за 20 атак каля Краснагораўкі, Пабеды і Мар’інкі, але поспеху не дасягнулі.

Ілюстрацыйны здымак. Украінскі вайсковец.
Фота: Міністерство оборони України FB

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці)

На бярдзянскім кірунку ініцыятыва паступова пераходзіць да Узброеных сілаў РФ, якія цягам апошніх содняў атакавалі каля населеных пунктаў Прачыстаўка, Залатая Ніва, Старамаёрскае, а таксама на поўначы ад сяла Прыютнае. Паўсюль украінскія вайскоўцы змаглі спыніць сілы праціўніка.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку працягваюцца цяжкія баі ў ваколіцах гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Мінабароны РФ піша пра адбіццё атак праціўніка каля сёлаў Вэрбовае і Работына.

У Deepstate фіксуюць баі і каля суседняга населенага пункту Навапрокапаўка. Разам з тым аналітыкі адзначаюць, што фактычна сітуацыя на гэтым участку фронту патавая.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

Сямён Пегаў піша пра сустрэчныя баі на левабярэжжы Дняпра ў ваколіцах населеных пунктаў Пішчанаўка і Крынкі. Тут ЗСУ пры падтрымцы артылерыі намагаюцца захаваць і расшырыць свае плацдармы.

«НгП раZVедка» паведамляе пра навядзенне ўкраінцамі пантоннай пераправы цераз Дняпро паміж населенымі пунктамі Вольгаўка і Корсунка (на ўсходзе ад Новай Кахоўкі).

У гэты ж час украінскае камандаванне ніяк не ўзгадвае свае наступальныя дзеянні на левабярэжжы Дняпра, што ўскосна сведчыць пра магчымасць правядзення ЗСУ маштабнай аперацыі.

Рэжыму цішыні адносна сітуацыі ў Херсонскай вобласці прытрымліваюцца і аналітыкі Deepstate.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў