Сіні пашпарт, як жа ты мне дораг

Мяне вельмі турбуе сітуацыя з маім пашпартам. Упэўненая, нас шмат такіх, хто з вялікім задавальненнем спаліў бы гэты гідкі сіні прастакутнік. Але каб нешта спаліць, трэба мець нешта ўзамен, а гэты прывілей мне пакуль недасяжны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Мой пашпарт дзее яшчэ пару гадоў. Не настолькі доўга, каб быць спакойнай у планаванні дзесяцігадовых жыццёвых гарызонтаў. Але і не настолькі коратка, каб ужо пачынаць перажываць. Пакуль што магу перажываць з іншых нагодаў, больш актуальных – віду на жыхарства, напрыклад.

Нядаўна я перасякала мяжу ў кампаніі сяброў. Сярод іх некалькі былі з расейскімі пашпартамі. Тое дзіўнае пачуццё, калі разумееш, што сярод іншых ты – чалавек не з самым кантэкстуальна зневажальным пашпартам. Ліпкая подлая радасць завалодвае свядомасцю, але доўжыцца гэта ўсё нядоўга – да таго часу, пакуль усім нам зноў не даводзіцца падзяляцца на групкі «грамадзяне ЕЗ» і «рэшта». З боку «рэшты» ў бок «грамадзянаў ЕЗ» накіраваны спапяляльны погляд, поўны зайздрасці – і трошкі годнасці. «Грамадзяне ЕЗ», аднак, не паспяваюць яго заўважыць. Вароты ў Смарагдавы горад адкрываюцца для іх практычна імгненна. А мы, «рэшта», працягваем стаяць у шарэнгах, усміхаемся, ківаем і баімся ляпнуць нешта не тое.

Падчас аднаго з такіх аэрапортных бадзянняў я ўбачыла навіну пра альтэрнатыўны беларускі пашпарт. Вось гэта мы, рабяты, зажывём! Можна будзе ездзіць без візаў па ўсім ЕЗ і не толькі! Не трэба будзе прыніжацца ў беларускіх амбасадах! Адзін з іх галоўных маніпуляцыйных інструментаў (пытання сям’і пакуль не чапаем) растане ў паветры як пшык. Ніхто больш не будзе асацыяваць нас з рэжымам Лукашэнкі, і не трэба будзе тлумачыць, што ты не баран і што мапед, у сэнсе танк, не твой.

Нядрэнна я аддалася марам, так? Мары марамі, а заяву на неабходнасць альтэрнатыўнага пашпарта я ўсё ж такі пакінула. Як мінімум для таго, каб было зразумела, колькі нас такіх, якія завіслі паміж светамі, калі ты нібыта не ў Беларусі, але ўсё ж прывязаная да яе мільёнам розных нітачак, адна з якіх – моцная, сіняя, пашпартавая.

Акрамя самой наяўнасці пашпарта ёсць яшчэ адна праблема, з ім звязаная, – гэта чыстыя старонкі або абмежаваны тэрмін дзеяння. У маім пашпарце, напрыклад, чыстых старонак у раздзеле «Візы» не засталося, і гэта значыць, што ўезд у ЗША ці Вялікую Брытанію для мяне ў найбліжэйшы час закрыты. Але хіба гэта праблема? Наогул не праблема, пражыву неяк і без іх, грэх скардзіцца. А вось тэрмін дзеяння – тут ужо ўсё больш сур’ёзна. Нядаўні інцыдэнт з пашпартам грамадзянкі Беларусі, якая жыве ў Нямеччыне з 2005 года і якой амбасада адмовілася выдаць на рукі новы пашпарт, наводзіць на думкі, што ўсё будзе толькі пагаршацца. Дзяржава на тое і дзяржава, каб займацца шкодніцтвам з любой амбасады-нары. Не прыдумалі яшчэ нейкай атруты супраць МУС? А вы за план «Перамога» ці анархізм?

За сітуацыяй з Вольгай Карач і ейным пашпартам я сачу як за дзіўным серыялам, гераіняй якога зусім не хочацца быць, але глядзець працягваеш – жудасна і цікава. Спачатку беларускі пашпарт анулявалі, а потым і ў Літве назвалі пагрозай нацыянальнай бяспецы і адмовіліся даць прытулак. Але і ў Беларусь яе не адправіш – таксама негуманна.

Вох-вох-вох, але ж не ўсе такія медыйныя, як Вольга. Сілаў усім нам, у каго няма «падвязак» і хто абівае парогі дзяржаўных інстытуцыяў, запаўняе пяцьсот разоў анкеты, нацягвае на твар усмешку пры размове з хамаватымі чыноўнікамі… Глыбока спакойна дыхаем – і ідзем з кантыянскім спакоем прымаць усе падарункі лёсу – як у аэрапорце, так і ў турме. Аднойчы гэта ўсё скончыцца.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў