Зяленскі назваў Крымскі мост мэтаю для нейтралізацыі. У Крыме цяпер падгарае


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 21 ліпеня на Аспэнскім форуме бяспекі заявіў, што Крымскі мост для Украіны ёсць мэтай, якая мусіць быць нейтралізаваная. Неўзабаве пасля гэтага ў Крыме адбыліся выбухі.

Крымскі мост. Крыніца: wikipedia.org

Украінскі прэзідэнт адзначыў, што Крымскі мост – гэта не проста «маленькая лагістычная дарога, а дарога, якая выкарыстоўваецца для падсілкоўвання вайны». Яе выкарыстоўваюць штодня і мілітарызуюць Крым.

«Для нас гэты зразумелы сродак ворага, пабудаваны па-за законам, па-за міжнародным правам і ўсімі прыдатнымі нормамі. Таму, ясна, гэта нашая мэта. І любая мэта, якая нясе вайну, а не мір, павінна быць нейтралізаваная», – падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны таксама нагадаў, што вызваленне Крыму ад акупантаў – мэта Украіны, бо гэта суверэнная тэрыторыя краіны.

Тым часам 22 ліпеня кіраўнік анексаванага Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, украінскія беспілотнікі паспрабавалі атакаваць інфраструктурныя абʼекты паўвострава. На Крымскім мосце больш за гадзіну быў перакрыты рух аўтамабіляў, перадае ТАСС.

У сваю чаргу ўкраінскі УНІАН апублікаваў відэа са слупам дыму ў Крыме. Тэлеграм-канал «Інсайдер UA» піша, што ў раёне Кастрычніцкага адбылося траплянне ў склад боепрыпасаў. Расейскае выданне «Новая газета» адзначае, што ў Кастрычніцкім месцяцца нядзейны вайсковы аэрадром і нафтабаза. «ASTRA» піша пра моцны пажар у Сімферопалі. Там гарыць жылы дом.

Аксёнаў удакладніў, што ў выніку атакі беспілотніка на Чырвонагвардзейскі раён адбылася дэтанацыя на складзе боепрыпасаў. Пастаноўлена эвакуяваць насельніцтва ў радыусе 5 кіламетраў ад месца надзвычайнага здарэння ў пункты часовага размяшчэння. Таксама пастанавілі прыпыніць рух крымскай чыгункі.

Hавiны
На Крымскім мосце быў чутны выбух. Загінулі два чалавекі, спынены рух аўтамабіляў
2023.07.17 09:00

Нагадаем, што ў ноч на 17 ліпеня на Крымскім мосце адбыўся выбух. Праз разбурэнне канструкцыяў амаль содні цалкам быў закрыты аўтамабільны рух, сёння транспарт пусцілі ў рэверсным рэжыме. Чыгуначная частка мосту не пацярпела.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў