Гаворка пра мільярды долараў? Хто ў Еўразвязе хоча зняць санкцыі з беларускага калію


Калійная галіна Беларусі ўжо амаль два гады знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. І хоць сусветныя кошты на калійныя ўгнаенні ў свеце працягваюць зніжацца, Еўрапейскі Звяз надалей абмяркоўвае змякчэнне або нават скасаванне абмежаванняў у дачыненні да калійнай галіны Беларусі. Тлумачыцца гэта пытаннямі харчовай бяспекі ў свеце, якія нібыта можа вырашыць беларускі калій.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Афіцыйная беларуская статыстыка адносна калійных угнаенняў не публікуецца з 2021 года. Апошнія звесткі пра беларускія пастаўкі былі за студзень – красавік пазамінулага году. За 2020 год Беларусь экспартавала 11,8 млн тонаў калійных угнаенняў, зарабіўшы на гэтым $ 2,41 млрд.

Канадская кампанія Nutrien у сваім прагнозе адносна экспарту беларускага калію на 2023 год мяркуе, што ў параўнанні з узроўнем 2021 года пастаўкі беларускага калію скароцяцца на 25-40%. Раней прагноз быў горшым – на 40-60%. А амерыканская Mosaic прагназуе зніжэнне беларускага экспарту ў 5-6 млн тон да дасанкцыйнага ўзроўню.

Nutrien таксама адзначае прыкметнае зніжэнне сусветных коштаў на калій. Гэтак, у Паўночнай Амерыцы цэны ўпалі на 41% да $ 401 за тону, а пры пастаўках за яе межы – на 34% да $ 370.

Кітай не падпісвае дамову

Крыніцы «Белсату» ў калійнай галіне адзначаюць, што асноўным рынкам для беларускага калію застаецца Кітай. Пастаўкі ў яго ідуць як па моры (праз Балтыйскае, Каспійскае і Чорнае моры), гэтак і па чыгунцы праз Расею. Але Кітай дагэтуль не падпісаў новы кантракт, таму з’яўляецца пытаннем, на якіх умовах Беларусь будзе адгружаць калійныя ўгнаенні.

Прычына ж таго, што Кітай не падпісвае дамову, заключаецца ў яго імкненні знізіць цану на беларускі калій. І паколькі складскія запасы ў КНР яшчэ ёсць, пасяўная скончылася, а кошты на сусветных рынках зніжаюцца, Кітай заняў чакальную пазіцыю.

Паводле нашых крыніц, цэны на калій зніжаюцца праз тое, што ў 2022 годзе яны «падскочылі на нерацыянальна высокі ўзровень». Адбылося гэта праз тое, што ўсе чакалі сыходу з рынку расейскіх угнаенняў, але ЗША з гуманітарных прычынаў вырашылі не накладаць на іх санкцыі, таму расейскія кампаніі так ці інакш здолелі працягнуць сваю працу і «ні на галіну цалкам, ні на асобныя кампаніі санкцыі не паўплывалі».

Хто хоча прыбраць санкцыі

А вось супраць «Беларуськалію» еўрапейскія і амерыканскія санкцыі дзейнічаюць яшчэ з 2021 года. Іх увялі ў чэрвені 2021 года ў адказ на прымусовую пасадку самалёту Ryanair з журналістам Раманам Пратасевічам на борце. Але ўжо доўгі час ідуць размовы адносна таго, каб змякчыць іх – зноў-такі з гуманітарных прычынаў. У пачатку лютага паведамлялася, што Еўразвяз можа зняць персанальныя санкцыі з «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі – генеральнага дырэктару «Беларуськалія» Івана Галаватага і расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Гэта ў сваю чаргу потым можа прывесці да скасавання сектаральных санкцыяў з усёй калійнай галіны.

Задзейнічаны ў гэтым і генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш, які раней займаў пасаду прэм’ер-міністра Партугаліі. У сакавіку ён нават лятаў у Брусель з просьбай аслабіць калійныя санкцыі ў дачыненні Беларусі.

Аналітыка
Чаму ЕЗ задумаўся аб скасаванні калійных санкцыяў супраць Беларусі?
2023.03.10 19:01

Прычына такой заклапочанасці, як заяўляецца, у тым, што рэзкі рост коштаў на ўгнаенні ў 2022 годзе найбольш моцна адчулі краіны трэцяга свету. Напрыклад, летась праблемы з пастаўкамі беларускіх і расейскіх угнаенняў адчувальна ўдарылі па Бразіліі (20% калійных угнаенняў Бразілія атрымлівала з Беларусі). Іх недахоп стварыў пагрозу для ўраджайнасці кавы, якая з’яўляецца ключавой пазіцыяй у экспарце краіны. Бразілія ў сувязі з гэтым стала вельмі актыўна лабіяваць зняцце абмежаванняў на гандаль угнаеннямі на міжнародным узроўні, у ААН і WTO. Акрамя таго, яна мае шчыльныя палітычныя і эканамічныя сувязі з Партугаліяй, якая цяпер лабіюе аслабленне санкцыяў адносна беларускага калію на ўзроўні Еўразвязу.

Акрамя Партугаліі ў Еўразвязе пазіцыю паслаблення калійных санкцыяў падтрымліваюць Бельгія, Нідэрланды, Францыя (а па іншых звестак, яшчэ і Італія). З прэзідэнтам Партугаліі Антонью Коштам 17 траўня на саміце Рады Еўропы ў Рэйк’явіку сустракалася абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

«Асноўнай тэмай размовы былі калійныя ўгнаенні і іх экспарт у трэція краіны. Ціханоўская падкрэсліла, што нельга змякчаць санкцыі ў дачыненні да калійных угнаенняў з Беларусі, бо гэта не вырашыць праблемы харчовага крызісу, але прывядзе да яшчэ большай беспакаранасці рэжыму. Беларуская лідарка прапанавала шукаць іншае вырашэнне, у тым ліку праз далучэнне вытворцаў калійных угнаенняў з іншых краінаў», – паведамлялі ў Офісе Ціханоўскай.

Hавiны
Лепш не стала. Прэзідэнт Літвы выступіў супраць спробаў змякчыць санкцыі адносна Лукашэнкі
2023.03.23 17:07

Супраць змякчэння санкцыяў выступаюць таксама ўсходееўрапейскія краіны. Напрыклад, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў непрымальнымі спробы некалькіх краінаў Еўразвязу зменшыць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі. Паводле яго, у Беларусі няма нагодаў для змякчэння санкцыяў, а грошы ад угнаенняў – адна з галоўных крыніцаў фінансавання рэжыму Лукашэнкі.

«Мы ўвялі гэтыя санкцыі з вельмі выразнымі мэтамі. Яны былі ўведзеныя, каб гэтыя два рэжымы адчулі наступствы сваіх дзеянняў, найперш калі гаворка заходзіць пра вайну ва Украіне. У выпадку з Беларуссю мы гаворым і пра іншыя рэчы. Напрыклад, вымушаная пасадка самалёта або нелегальная міграцыя. І скажыце мне, ці адбылося што-небудзь пазітыўнае, каб гэтыя санкцыі можна было змякчыць? Нічога. Сітуацыя рабілася толькі горшай. Беларускі рэжым стаў яшчэ больш падтрымліваць Расею ў гэтай вайне. Ці былі вызваленыя з турмаў палітычныя зняволеныя? Не. Гэта азначае, што мы не павінны дапамагаць гэтым дзвюм дыктатарскім дзяржавам святкаваць перамогу над намі ў выглядзе паслаблення санкцыяў», – адзначыў Наўседа.

Тым часам стала вядома, што 20 траўня ў Менск прылятаў расейскі алігарх Гуцэрыеў. У гэты ж дзень ён сустрэўся з Лукашэнкам у сваёй беларускай рэзідэнцыі ў Шаршунах. Сустрэча доўжылася каля пяці гадзін, пасля чаго Гуцэрыеў паляцеў назад у РФ, піша «МотолькоПомоги». Можна меркаваць, што там сярод іншага ці нават перадусім абмяркоўвалася калійнае пытанне.

Новыя санкцыі таксама блакуюць

У каментары «Белсату» Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай, адзначыў, што пакуль ідзе гаворка не пра адмену санкцыяў, а пра іх змякчэнне – каб дазволіць транзіт угнаенняў праз тэрыторыю Еўрапейскага Звязу.

«Гэтага нельга дапусціць. Калі ім дасі руку – яны яе адкусяць па локаць. Гэта адбывалася неаднаразова. На жаль, не ўсе ў Еўразвязе гэта разумеюць», – сказаў Вячорка.

Паводле яго, верагоднасць змякчэння санкцыяў застаецца, але Польшча і Літва займаюць рашучую пазіцыю супраць гэтага. Пры гэтым Вячорка падкрэсліў, што беларускі калій не здолее вырашыць пытанні харчовай бяспекі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Ён дадаў, што краіны Еўразвязу, якія выступаюць за змякчэнне калійных санкцыяў, блакуюць таксама ўвядзенне новых абмежаванняў, звязваючы разам гэтыя два пытанні.

«Менавіта праз гэта Еўразвяз ужо на працягу больш чым года сур’ёзных санкцыяў супраць рэжыму не ўводзіць. І нашая прапанова – раздзяліць дзве гэтыя рэчы, не затрымліваць новыя санкцыі», – падкрэсліў Вячорка, сказаўшы, што адсутнасць санкцыяў дазволіла рэжыму ўзмацніць рэпрэсіі ў Беларусі.

Колькі заробіць рэжым

Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях транзіту ўлады, заявіў, што новы распрацаваны санкцыйны пакет, які блакуюць прыхільнікі змякчэння калійных санкцыяў, прапануе закрыць магчымасці абыходу рэжымам іншых ужо ўведзеных санкцыяў. Паводле ацэнак палітыка, з дапамогай скасавання калійных санкцыяў рэжым Лукашэнкі здолее штогод дадаткова атрымліваць каля $ 1,5 млрд, а ў выніку іншых абмежаванняў страціць толькі каля $ 200 млн.

«Літоўскі бок лічыць, што рэжым Лукашэнкі здолее зарабіць нават $ 8 млрд, калі адкрыецца магчымасць пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў на сусветны рынак», – сказаў палітык, дадаўшы, што ў любым разе баланс будзе на баку Лукашэнкі.

Гэта, на думку Латушкі, дапаможа рэжыму працягваць спансаваць вайну супраць Украіны і фінансаваць рэпрэсіі ўнутры Беларусі. Больш за тое дадаў палітык, «Беларуськалій» замешаны ў незаконным перасоўванні ўкраінскіх дзяцей. Латушка адзначыў, што ўся гэтая інфармацыя была перададзеная кіраўніцтву Еўразвязу і міністрам замежных справаў краін-чальцоў, але, нягледзячы на гэта, «у інтарэсах Бразіліі працягваецца кампанія, каб зняць санкцыі на беларускі калій».

Палітык назваў абсурдным дапамагаць грашыма таму, хто сваім саўдзелам у вайне супраць Украіны спрыяе голаду ў свеце.

Са спробамі пазбавіцца калійных санкцыяў Латушка звязаў і памілаванне Пратасевіча, пасля пасадкі самалёту з якім і былі яны ўведзеныя.

«Лукашэнка спрабуе гуляць. Ён спрабуе сказаць «глядзіце, я вырашыў праблему», але праблема не вырашаная, бо гэта асабістыя стасункі грамадзяніна Пратасевіча і грамадзяніна Лукашэнкі. Сам факт злачынства, звязаны з захопам і прымусовай пасадкай грамадзянскага самалёта, што паставіла ў пагрозу бяспецы жыцця і здароўя грамадзянаў, якія знаходзіліся на самалёце, гэтая праблема не вырашана, і крымінальная справа не закрытая. Таму адказнасць павінна наступіць, а яна, дарэчы, не наступіла», – адзначыў Латушка.

Ён спадзяецца, што Польшча і Літва здолеюць не дапусціць зняцця санкцыяў з рэжыму Лукашэнкі. А пасля ў дачыненні яго ўвядуць і новыя санкцыі. У сваю чаргу Вячорка адзначыў, што ціск на рэжым павінен працягвацца і быць сістэмным, каб спыніць злачынствы рэжыму як у Беларусі, так і звонку.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў