Рамана Пратасевіча памілавалі


Палітзняволенага блогера Рамана Пратасевіча памілавалі па ўказе Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ён паведаміў журналістам, піша БелТА.

Раман Пратасевіч пасля памілавання. Здымак з відэа: belta_telegramm / Telegram

«Літаральна толькі што я падпісаў усе адпаведныя дакументы аб тым, што я памілаваны. Гэта, вядома, проста цудоўная навіна», – сказаў Раман Пратасевіч.

Пратасевіч падзякаваў «краіне і асабіста прэзідэнту» за сваё памілаванне і распавёў, што цяпер хацеў бы правесці некалькі дзён у цішы дзе-небудзь на прыродзе. Пра свае далейшыя планы ён яшчэ не ведае: «Магчыма, запішуся ў трэнажорную залу», – дадаў ён.

Нагадаем, што 3 траўня ў Менскім абласным судзе Раману Пратасевічу вынеслі прысуд – 8 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актаў тэрарызму, у абразе Лукашэнкі, распаўсюдзе заведама фальшывых звестак пра Беларусь ды іншых злачынствах.

Гэта адбылося праз два гады пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску 23 траўня пасля інфармацыі пра «мінаванне», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Тады блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная сяброўка Соф’я Сапега былі затрыманыя. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля захопу апазіцыйнага блогера.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў