Экс-гендырэктар «Белшыны» выйшаў на свабоду і ўзначаліў будаўніцтва марскога тэрміналу


Былы генеральны дырэктар «Белшыны» Андрэй Бунакоў, які ў лютым 2023 года знаходзіўся ў СІЗА, выйшаў на волю і ўзначаліў расейскую кампанію з беларускімі каранямі «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі». Пра гэта паведамляе Reform.news.

Гендырэктар ТАА «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі» Андрэй Бунакоў і губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс.
Фота:  pmo51 / Telegram

Расейскія медыі паведамляюць, што 22 красавіка ўрад Мурманскай вобласці і заснаваны беларускімі інвестарамі ТАА «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі» падпісалі пагадненне аб будаўніцтве тэрмінала для перавалкі беларускіх грузаў. Подпіс пад дамовай паставіў гендырэктар кампаніі Андрэй Бунакоў.

«Пакуль, напэўна, рана казаць аб кошце праекта, а вось аб’ёмы перавалкі, якія мы разлічваем прадугледзець праектным рашэннем, – да 25-30 млн тонаў у год (…) Ацэньваем, што ў 2028 годзе першыя грузы павінны паступаць», – сказаў Бунакоў.

Reform.news звяртае ўвагу на тое, што Андрэй Бунакоў раней узначаліваў «Белшыну». 14 лютага 2023 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб арышце гендырэктара «Белшыны» і зладзіў разнос чыноўнікам, якія спрабавалі за яго заступацца. Паводле Лукашэнкі, Бунакоў дамовіўся з расейскаю кампаніяй прадаваць апоны ніжэй за сабекошт на 16–20%.

Hавiны
Сілавікі затрымалі гендырэктара «Белшыны»
2023.02.14 18:41

Цяпер Андрэй Бунакоў з’яўляецца генеральным дырэктарам ТАА «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі» са статутным капіталам 180 млн расейскіх рублёў. Уладальнікамі расейскай кампаніі выступаюць грамадзянка Беларусі Нэлі Барысаўна Малярава (ёй належыць 1%) і менская кампанія «Лагістык Энерджы» (99%), якую летась эксперты ўключылі ў топ-10 лагістычных фірмаў Беларусі.  ТАА «Лагістык Энерджы» на 100% належыць усё той жа Нэлі Маляравай. Ніякіх згадак пра гэтую жанчыну ў сеціве журналістам знайсці не ўдалося.

Паводле Reform.news, беларуская дэлегацыя вылецела ў Мурманск раніцай 22 красавіка на ўрадавым бізнес-джэце, які звычайна выкарыстоўваюць сыны Лукашэнкі. Люксавы борт высокапастаўленым чыноўнікам давяраюць толькі ў выключных выпадках. Праект для Беларусі сапраўды значны, але ў Мурманску аказаўся не высокапастаўлены чыноўнік, а гендырэктар расейскай кампаніі, зазначае выданне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў