«Ад крызісу да крызісу». Чаму эканоміка Беларусі не абвалілася ў выніку вайны ва Украіне


Два гады таму, калі Беларусь падтрымала поўнамаштабны расейскі напад на Украіну, эканамічныя прагнозы былі змрочнымі, а многія чакалі абвалу. Эканаміст Дзмітрый Крук тлумачыць «Белсату», чаму найгоршых наступстваў (яшчэ) не было.

Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC
Эканаміст і старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук. Кіеў, Украіна. 16 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Што прагназавалі ў 2022 годзе

Старэйшы навуковы супрацоўнік беларускага даследніцкага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук адразу ўдакладняе: яму ў гэтым кантэксце не падабаецца слова «прагнозы». Прагнозы давалі вельмі ўмоўныя, хутчэй, гэта былі чаканні.

11 сакавіка 2022 года BEROC прэзентаваў работу Крука пра тое, што адбываецца ў беларускай эканоміцы і чаго варта чакаць. Тады ён бачыў высокую імавернасць найглыбейшага эканамічнага і фінансавага крызісу. Ён правёў сімуляцыю сцэнару, у якім паводле вынікаў 2022 года экспарт абваліцца на траціну, валавы ўнутраны прадукт – на без малога 20 %. Траекторыя інфляцыі на той момант давала падставы меркаваць, што па выніках года цэны вырастуць на 25 %.

«На той момант дамінавалі чаканні досыць маштабнага спаду і таго, што з вялікай імавернасцю ў Беларусі будзе разгортвацца фінансавы крызіс, – згадвае Крук пачатак 2022 года. – Першыя некалькі месяцаў, ад сакавіка да траўня, хутчэй пацвярджалі гэтыя здагадкі».

У першыя месяцы поўнамаштабнай вайны ва Украіне і ён, і ягоныя беларускія калегі, і буйныя міжнародныя інстытуцыі падкрэслівалі: ступень нявызначанасці высокая, «проста зашкальвае». Тады не было зразумела, як хутка і эфектыўна запрацуюць санкцыі, наколькі змогуць адаптавацца да новага асяроддзя беларускія кампаніі і беларускія эканамічныя ўлады.

Тады, са словаў Крука, адбылося проста гіганцкае скарачэнне экспарту з Беларусі, вельмі маштабнае зніжэнне валавога ўнутранага прадукту. Але потым сітуацыя змянілася: і расейская, і залежная ад яе беларуская эканомікі пачалі адаптавацца. Гэта гучала фантастычна. Як можна пераадолець шматлікія бар’еры: для экспарту, імпарту, а таксама плацежныя і лагістычныя?

Аналітыка
Як санкцыі паўплывалі на заробкі дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі? Лічым у чызбургерах
2023.11.01 12:25

Чаму так адбылося – не спрацавалі санкцыі?

Аказалася, адаптацыя да новых умоваў была вырашальнаю задачаю. Вынікі 2022 года былі кепскімі: паводле афіцыйных лічбаў, было падзенне ВУП на 4,7 %, падзенне экспарту ў грашовым вымярэнні на 5,4 %, інфляцыя ў 12,8 %. Але гэта далёка ад найгоршых чаканняў.

Крук расказвае: да канца 2022 года як мінімум прыватны сектар знайшоў новыя лагістычныя шляхі, змог выбудаваць новыя бізнес-адносіны з контрагентамі, наладзіць плацежныя ланцужкі. Дзяржаўны ж сектар стаў «убухваць» на расейскі рынак тое, што страціла рынкі праз санкцыі і вайну. У справе імпарту дзяржаўны сектар паводзіў сябе падобна да прыватнага: карыстаўся Турэччынай, Арменіяй, Казахстанам і іншымі краінамі як крыніцамі паставак або транзітнымі пляцоўкамі.

«Ступень адаптыўнасці да новага асяроддзя аказалася досыць высокай, – рэзюмуе эканаміст. – У Беларусі і дзяржаўны, і прыватны сектар прадэманстравалі значную гнуткасць».

На ягоную думку, устаноўка, што можна санкцыямі ці іншымі адміністратыўнымі шляхамі «закрыць усё цалкам», не адпавядае сучаснаму свету. Яшчэ 15–20 гадоў таму гэта было прасцей. Але, кажа Дзмітрый Крук, праблема не ў тым, што санкцыі былі слабымі, а ў неабгрунтаваных чаканнях ад іх – нібы санкцыі ў адзін момант перакрыюць усе шляхі бізнес-зносінаў.

Нават Іран, адносна якога ўводзілі значна больш жорсткія санкцыі, знайшоў шляхі абыходу і адаптацыі. І іранскія банкі, усе з якіх на пэўны час адключалі ад сістэмы SWIFT, знайшлі шляхі для пераводаў праз трэція банкі.

Агляд
Як Беларусь дапамагла Расеі ўзброіцца ў абыход санкцыяў – міжнароднае расследаванне
2024.02.21 17:17

Акрамя таго, з Расеяй атрымалася, як кажа Крук, супярэчлівая сітуацыя. На Расею з аднаго боку наклалі санкцыі, а з другога – яна стала галоўным бенефіцыярам росту сусветных цэнаў на энерганосьбіты. Хоць плынь звышдаходаў ад нафты і газу трывала нядоўга (2022 год і першая частка 2023 года), яна адыграла значную ролю для расейскай эканомікі.

Расея, працягвае ён, змагла назапасіць вельмі істотныя запасы экспартнай выручкі, у значнай ступені кампенсаваць страты ад санкцыяў у найбольш важны момант і стабілізаваць сітуацыю. Калі б у сакавіку – траўні 2022 года быў «штуршок у іншы бок», развязалася б спіраль фінансавай дэстабілізацыі, выйсці з якой было б цяжка.

Расейская эканоміка, кажа суразмоўца, стала ратавальнікам беларускай шмат у якіх кірунках: і як рынак для беларускіх тавараў, і праз наўпроставую падтрымку, і праз дапамогу ў аднаўленні экспарту нафтапрадуктаў. Апошняе было самым чуллівым з санкцыйнага пакету, але да канца 2022-га экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі змог выйсці на даваенныя аб’ёмы. У першым паўгоддзі 2023-га падобнае стала адбывацца і з беларускімі калійнымі ўгнаеннямі, для экспарту якіх удалося задзейнічаць расейскія парты́.

Усё не так добра для Лукашэнкі

Крук падкрэслівае: з усяго сказанага не вынікае, што ў беларускай эканоміцы ўсё добра. Усё гэта істотна змякчыла эфект санкцыяў, але вынікі санкцыяў усё роўна досыць адчувальныя.

«Калі дамінавалі чаканні, што будзе маштабны і хуткі эфект, гэтыя чаканні часткова не спраўдзіліся, – разважае эканаміст. – Але назапашвальны, паступовы эфект нікуды не знікае, кропелька за кропелькай працягвае назапашвацца».

Замест аднаразовага «стрэлу» і абвалу, якога чакала частка назіральнікаў, атрымалася «міна запаволенага дзеяння», якая, са словаў Крука, ужо два гады «падточвае» і «з’ядае» беларускую эканоміку з розных бакоў. Уплыў ад гэтага цяпер адчуваецца ўсё больш.

І справа не толькі ў санкцыях, а і ў рэпутацыйнай «гігіене», «таксічнасці» Беларусі, дадае суразмоўца. Шмат хто адмаўляецца мець справы з беларускімі контрагентамі, не кажучы ўжо пра расейскіх, бо рызыкі лічацца занадта высокімі.

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. Чатыры сцэнары таго, як ён можа адбыцца
2023.06.30 07:15

Чаго чакаць далей?

«Стагнацыя – гэта самае аптымістычнае з таго, што можа нас чакаць, – адказвае Крук. – Эфекты санкцыяў і „таксічнасці“ Беларусі разбурылі патэнцыял росту і развіцця».

Ён заўважае: аб’ектыўныя лічбы паказваюць, што патэнцыял для ўстойлівага росту амаль разбураны, а ёсць і тое, што не заўжды памераеш у дакладных лічбах, як разбурэнне інстытуцыйнага асяроддзя, чалавечага капіталу, тэхналагічнай абсталяванасці вытворчага сектару.

Таму простая адсутнасць росту і застой – гэта найлепшы вынік, калі ўсё астатняе будзе захоўвацца нязменным, але і гэты вынік Крук не лічыць гарантаваным. Разбураецца таксама і ўстойлівасць: адаптыўнасць аказалася высокай, але «ўсё мае свае межы».

Нават аднаўленне сумарнага экспарту праз аднаўленне экспарту нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў «стаіць на тонкіх ножках», нагадвае эканаміст. Нельга быць упэўненым, што гэты экспарт, пабудаваны на непразрыстых дамоўленасцях, будзе працягвацца нават заўтра. І з тымі ж калійнымі ўгнаеннямі экспарт паводле цяперашніх схемаў магчымы, калі цэны на ўгнаенні ў свеце высокія, а яны апошнія паўгода падаюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вытворчасць калійных угнаенняў.
Фота: belaruskali.by

Тое, што эканамісты называюць мапай рызыкаў, вельмі разраслося, дадае Крук. Спектр рызыкаў празмерна шырокі, а калі і ёсць шанцы на нейкія пазітыўныя вонкавыя эфекты, то вельмі нізкія. Значыць, з высокай імавернасцю штосьці з рызыкаў рэалізуецца. І гэта можа лёгка выбіць беларускую эканоміку з той каляіны, якую яна нібы знайшла, і загнаць у спіраль. А бараніцца амаль няма чым, Беларусь практычна не мае на гэта магчымасцяў эканамічнай палітыкі або нейкіх нявыкарыстаных рэзерваў.

Улады Беларусі чакаюць, што па выніках 2024 года ВУП вырасце на 3,8 % да 2023-га, хочуць абмежаваць інфляцыю ў межах 6 %. Міжнародны валютны фонд і іншыя замежныя структуры даюць менш аптымістычныя прагнозы. Найгоршы – у Сусветнага банку, які піша пра рост ВУП толькі на 0,8 %, але нават «саюзны» Еўразійскі банк развіцця чакае росту ВУП Беларусі толькі на 2 % за 2024 год.

Дзмітрый Крук кажа, што на сёння млявы рост – каля 1 % у 2024 годзе – выглядае як найбольш імаверны сцэнар. Але ў новых умовах рызыкі рэцэсіі, цэнавых скачкоў і фінансавай дэстабілізацыі досыць высокія. З высокай імавернасцю рана ці позна яны адбудуцца. І калі цяперашняя сітуацыя зацягнецца, яны будуць адбывацца рэгулярна – будзе «жыццё ад крызісу да крызісу», як было ў 2008–2015 гадах.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў