Якімі словамі запомніцца 2022 год?


Год, што мінае, наўрад ці будуць згадваць цэнзурнымі словамі. Для Беларусі і цэлай Еўропы галоўнае слова года – «вайна» . Яно не новае, але шмат кім прызабытае: такога маштабу баявых дзеянняў у Еўропе не было з Другой сусветнай. Якімі яшчэ словамі запомніцца 2022-і?

Словы 2022 года. Калаж: Белсат

2022 год пачаўся пад вокліч «Шал, кет!» (у перакладзе з казахскай – «Стары, сыходзь!»), а завяршаецца пад «مرگ بر دیکتاتور» («Смерць дыктатару» на персідскай). І цэлы год гучыць «Слава Україні!».

Спроба Крамля прыдумаць свой вокліч у духу «Слава Україні» правалілася: здаецца, абсалютная бальшыня паслала аўтара ідэі з воклічам «Гойда!» следам за русским военным кораблём. Затое ў Расеі прыжыўся сапраўдны наватвор могилизация.

Да Беларусі апошняе слова пакуль не дайшло, але рызыка расце (беларусы аж вывучылі, што такое калію ёдыд), нярэдка засцерагаюць: можа быць «прыхаваная мабілізацыя».

Слоўнікавы запас беларусаў у 2022 годзе няволяю папоўніўся ўкраінскімі словамі: повітряна тривога, укриття і приліт (або суржыкам прильот) чуваць ад сяброў-украінцаў і ад беларусаў, якія ўцякалі, як здавалася, у бяспеку ад палітычных рэпрэсіяў. Слова месяца ва Украіне – блекаут.

Мо не ўсе яшчэ дакладна ведаюць, што такое «Bayraktar», «Javelin» і HIMARS, але здагадваюцца, што гэта пра бавовну. Многія ўпершыню ў жыцці пачулі, як украінцы непрыстойна каверкаюць слова «беларусы», і не ведалі, што рабіць: слова «суагрэсар» зусім новае для Беларусі.

Дзясяткам тысяч беларусаў давялося вучыцца казаць «გამარჯობა», «ačiū» і «cześć» зусім не ў тых умовах, у якіх хацелася б вучыць замежныя мовы.

Наўрад ці многія запомнілі, што такое шыбалет, але сталі ім карыстацца. Наглядзеўшыся, як украінцы выяўляюць дыверсантаў праз простае для ўкраінскамоўнага слова паляниця, сталі прасіць гасцей з блізкага замежжа сказаць «Шчучыншчына».

«А я вам сейчас покажу, откуда на Беларусь готовилось нападение», – ці не галоўны мэм года ў Беларусі. Па-першае, усе разумеюць, што не рыхтавалася, а па-другое, так і не паказалі.

Шмат словаў у Беларусі за год змяніла значэнне. Каліноўцы і харугвы ўжо не пра даўнюю гісторыю, а пра сучаснасць. Рэйкавыя партызаны зноў рызыкуюць атрымаць кулю, толькі ўжо не нямецкую, а беларускую. Беларускі Гаюн цікавіць ужо зусім не этнографаў. «Экстрэмізм» – не новае для беларусаў слова, але яно ўсё больш успрымаецца як «знак якасці», з гонарам.

У Беларусі з’явіліся Кабінет і president-elect у значэннях, якое цяжка было ўявіць пару гадоў таму. Таксама як колькі гадоў таму было б цяжка ўявіць значэнне выразаў «падвойныя ўцекачы» ці «падвойная акупацыя». Затое другі раз беларусу дасталася нобэлеўка.

Летась беларуская служба радыё «Свабода» назвала словам года «чабор»: калі забаранілі казаць «Жыве Беларусь!», беларусы сталі жартам казаць «Пахне чабор!» і адказваць «Пахне вечна!». Галоўным словам 2022 года «Свабода» назвала слова «вайна».

Гэта ўжо не пра кветачкі. Але чабор яшчэ заквітнее, а Беларусь, як бы некаторым ні хацелася гэта забараніць, жыве.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў