Ноччу Расея масава атакавала тэрыторыю Украіны – запусцілі больш за 40 ракетаў


У ноч на 21 верасня армія РФ масава абстраляла ракетамі гарады Украіны – з 43 крылатых ракетаў украінская СПА збіла 36, паведамілі ў Паветраных сілах ЗСУ. Расейскі напад працягваўся і раніцаю.

Вынікі абстрэлу Чаркасаў 21 верасня 2023 года. Крыніца: cherkaskaODA / Telegram

Паводле звестак ЗСУ, першая хваля пачалася каля 3:40, удары наносіліся крылатымі ракетамі паветранага базавання Х-101, Х-555 і Х-55. Ракеты былі запушчаныя з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС з боку аэрадрому ў Энгельсе (Саратаўская вобласць).

«Ракеты запускалі ў некалькі хваляў. У паветраную прастору Украіны яны ўваходзілі з розных кірункаў, увесь час змяняючы курс па маршруце», – паведамілі ў ЗСУ.

З 43 ракетаў збіць удалося 36. Акрамя крылатых ракетаў, прыкладна а шостай раніцы па Харкаве ўдарылі зенітныя кіраваныя ракеты С-300.

Над Кіевам сілы СПА знішчылі больш за 20 ракетаў. Сем чалавек атрымалі раненні, трое з іх – у шпіталі, у тым ліку 9-гадовая дзяўчынка. Абломкі збітых ракетаў падалі ў Галасіеўскім, Дарныцкім і Шаўчэнкаўскім раёнах гораду. У Кіеўскай вобласці таксама зафіксавалі падзенне абломкаў – два чалавекі параненыя.

Таксама ўначы расейцы абстралялі Херсон. Снарады трапілі ў інтэрнат, загінулі дзве асобы, пацярпелі пяцёра. 61-гадовая жанчына цяпер у цяжкім стане.

Не меней за шэсць «прылётаў» было раніцай у Харкаве. Шпіталізавалі двух чалавек. Ёсць пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры, разбураны склад.

У Чаркасах абломкі ўпалі ў цэнтральнай частцы гораду, разбураны будынак гасцініцы, на рынку адбыўся пажар. Вядома аб дзесяці пацярпелых.

Вынікі абстрэлу Чаркасаў 21 верасня 2023 года. Крыніца: cherkaskaODA / Telegram

Уначы таксама была атакаваная Днепрапятроўшчына. У Нікапалі – трое параненых. Шпіталізавалі сужэнцаў разам з 3-месячным сынам (ён не пацярпеў) і 75-гадовага мужчыну.

Па Львоўскай вобласці, папярэдне, было нанесена тры ўдары. Ёсць два «прылёты» па прамысловым аб’екце і яшчэ адзін ракетны ўдар па прыватным двухпавярховым складзе.

Ровенская вобласць атрымала некалькі ракетных удараў. Ёсць траплянні ў энергетычную і грамадзянскую інфраструктуру ў абласным цэнтры. Пацярпелі СТА і 5 аўтамабіляў, якія былі на яе тэрыторыі. Абышлося без чалавечых ахвяраў. Частка Ровенскага раёну засталася без электраэнергіі.

Таксама ўначы ўкраінскія беспілотнікі атакавалі Крым. Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб 19 БПЛА, збітых над акупаваным паўвостравам і Чорным морам. Пазней у ведамстве паведамілі пра тры беспілотнікі, збітыя ў Курскай, Белгародскай і Арлоўскай вобласцях.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў