Лідара метал-гурта «Gods Tower» асудзілі на тры гады «хіміі» за каментар пад відэа з чыноўнікам


Уладзіслаў Наважылаў параўнаў старшыню аблвыканкаму з парсюком, але гатовы быў прасіць прабачэння.

Уладзіслаў Наважылаў. Скрыншот з відэа: Белсат / YouTube

Удзень 21 чэрвеня ў Гомлі агучылі вырак спеваку Уладзіславу Наважылаву, лідару метал-гурта «Gods Tower». Яго прызналі вінаватым у «Абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ) і прысудзілі тое, што і прасіў пракурор: тры гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, піша «Гомельская вясна».

У апошнім слове Уладзіслаў звярнуў увагу, што ў яго на ўтрыманні няпоўнагадовае дзіця і жонка. Сваёй віны ён не адмаўляў – толькі казаў, што не хацеў абразіць канкрэтнага чалавека і гатовы быў папрасіць прабачэння. Абарона Наважылава, як піша Onliner.by, настойвала на тым, што ў каментары няма складу злачынства.

Hавiны
«Я памру тут». Вакаліст «Gods Tower» не захацеў уцякаць ад крымінальнага пераследу
2021.06.14 16:24

Наважылаў расказваў «Белсату», што каментар быў такі: «Этот соловей – крайне глупый боров». Ён напісаў гэтыя словы пад відэа выдання «Сильные новости» аб сустрэчы 16 жніўня 2020 года абласных уладаў з абуранымі гомельцамі.

Старшыня аблвыканкаму Генадзь Салавей успрыняў гэта як абразу. Але на суд не прыйшоў.

Гурт Наважылава ўтварыўся ў Гомлі ў 1989 годзе пад назвай «Chemical Warfare», у 1992 годзе змяніў назву на «Gods Tower» і стаў граць у жанры «doom metal» з дадаткам этнічных і язычніцкіх тэмаў. Выступаў у тым ліку на буйных заходніх фестывалях. Гурт распаўся ў 2002 годзе праз хваробу (а затым смерць) гітарыста, аднак уз’яднаўся ў 2010 годзе. Жанр, у якім грае каманда, на Захадзе назвалі «pagan metal», а пра «Gods Tower» сталі казаць як пра адных з піянераў паганскага металу і адзін з найбольш вядомых метал-гуртоў Беларусі. Гурт запісаў тры поўнафарматныя альбомы, шэраг міні-альбомаў і самотнікаў, іншыя музыкі ў 2005 годзе выдалі трыб’ют «Gods Tower».

АА belsat.eu

Стужка навінаў