Украінскія дэпутаты разгарнулі ў Вярхоўнай Радзе сцяг палка Каліноўскага


Дэпутаты ўкраінскай Вярхоўнай Рады 21 сакавіка разгарнулі ў парламенце сцяг палка Каліноўскага – найбуйнейшага беларускага фармавання ў складзе Збройных сілаў Украіны. Пра гэта паведаміў дэпутат Ігар Гузь з калегамі.

Сцяг палка Каліноўскага ў Вярхоўнай Радзе Украіны. 21 сакавіка 2024 года. Скрыншот з
відэа: Ігор Гузь / Facebook

«З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ваяры беларускага палка стаяць за Украіну. Яны прыехалі ва Украіну з Еўропы, каб ваяваць, абаранялі Кіеў, калі гэта было вельмі трэба, а цяпер яны застаюцца на ўсходнім фронце», – адзначыў палітык.

Паводле яго, «кожны беларус, які мае зброю ў руках і змагаецца з расейскім акупантам, ведае, што без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі».

Ігар Гузь таксама згадаў пра дзясяткі ваяроў-каліноўцаў і беларусаў з іншых падраздзяленняў, якія загінулі на полі бою.

«Глыбока перакананы, што мы неўзабаве з гэтым сцягам будзем у вольным Менску і ў свабоднай Беларусі. Слава Беларусі! Слава Украіне!» – адзначыў дэпутат.

У студзені 2024 года дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» адзначаў, што цягам дзесяці гадоў загінулі 57 беларускіх добраахвотнікаў, якія абаранялі Украіну ад расейскіх акупантаў. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну страцілі жыццё мінімум 38 беларусаў, якія змагаліся за Украіну.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за Украіну
2023.10.01 15:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў