Беларуска не паляцела ў космас, запуск ракеты адмянілі ў апошні момант


Беларуска Марына Васілеўская пакуль не паляцела ў космас, запуск ракеты з «Саюзам МС-25» у апошні момант адмянілі. Ён мусіў адбыцца 21 сакавіка з касмадрома «Байканур». Прычынай назвалі «аўтаматычную адмену», паведамілі ў трансляцыі на YouTube-канале карпарацыі «Роскосмос».

Стартавая пляцоўка ракеты-носьбіта «Саюз-2.1а» з пілатаваным караблём «Саюз МС-25» на Байкануры. 21 сакавіка 2024 года. Скрыншот відэа карпарацыі «Роскосмос»

Старт перанеслі на 24 гадзіны.

На Міжнародную касмічную станцыю Марына Васілеўская збіралася адправіцца разам з камандзірам карабля – нарадзінцам Беларусі Алегам Навіцкім і бортінжынерам – астранаўтам NASA Трэйсі Дайсанам.

Марыне Васілеўскай 33 гады, яна нарадзінка Менску. З 2017-га працавала бортправадніцай «Белавіі». Васілеўская прайшла некалькі этапаў адбору.

Планавалася, што Навіцкі і Васілеўская правядуць на борце станцыі 12 содняў і вернуцца на Зямлю 2 красавіка караблём «Саюз МС-24» разам з астранаўткай NASA Лорал О’Гэра.

Трэйсі Дайсан будзе працаваць у космасе 186 содняў і прызямліцца 23 верасня на караблі «Саюз МС-25» разам з Алегам Кананенкам і Мікалаем Чубам.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў