Хто абароніць мірных жыхароў Беларусі ў выпадку бамбавання? Ці выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў…

Запэўніванні кіраўніка МНС Беларусі Вадзіма Сіняўскага на канале ОНТ аб тым, што ў краіне ўсё зроблена для абароны насельніцтва на выпадак фізічнай пагрозы, выклікаюць шмат пытанняў наконт гэтай самай абароны і перспектываў яе ажыццяўлення. Ніхто не ведае, ці спатрэбіцца бліжэйшым часам людзям шукаць паратунку, але самі сабой напрошваюцца паралелі з Украінаю.

За пару тыдняў да вайны на некалькіх украінскіх каналах выйшлі рэпартажы пра стан бамбасховішчаў у сталіцы і іншых буйных гарадах. Высветлілася, што ў іх не ложкі, фільтры для паветра, запас вады і ежы, а… масажныя салоны, бары, склады з прадукцыяй. Праўда, паказалі школы, дзе дырэктаркі казалі пра падрыхтаваныя склепы і заплечнікі для школьнікаў з цёплымі рэчамі, тэрмасамі з вадой і печывам на першы час. Эксперты выказалі сваё абурэнне, чыноўнікі на камеру сказалі, што выправяць сітуацыю, але часу ўжо амаль не заставалася.

Расейскія войскі раніцай 7 верасня абстралялі Краматорск, разбурылі псіхіятрычную лякарню.
Фота: itsdonetsk/Telegram

23 лютага, Краматорск. У горадзе апытваю мінакоў: «Калі пачнецца вайна, то ці ёсць у вас план, як ратаваць сваё жыццё? Ведаеце, дзе найбліжэйшае бамбасховішча?» Адказы мяне тады моцна здзівілі. Большасць казалі: «Якая вайна? У нас і так ідзе вайна ўжо 8 гадоў. Я нікуды не збіраюся ехаць. Усё, што нажываў цягам жыцця, кінуць?! А якое бамбасховішча? Які лёс наканаваны, такі і будзе. Мы паглядзелі, што хавайся, не хавайся, а прыляціць толькі ў адну-дзве кватэры з усяго дому. Усё ўжо перажылі: вунь на тым месцы ў нас тралейбусы гарэлі, аўтобусы, але нічога, жывем неяк».

Толькі дзве жанчыны сталага веку адказалі, што хочуць, каб вывезлі ўнукаў далей ад гораду, які будуць бамбіць. Дзе можна схавацца? Ды гэта ж звычайна школы, здаецца. Там мусіць быць нейкі падвал для дзяцей. Адкуль ведаю? Ну, па тэлевізары казалі. Прыкладна такія былі адказы. Падумала тады: Краматорск – прыфрантавы горад. Там генеральны штаб, стратэгічны аэрадром, вайсковыя часткі. Значыць, ужо дзе-дзе, а тут ведаюць, як бараніць насельніцтва, «калі што».

«Калі што» наступіла ўначы. Грукат, які я скрозь сон прыняла за петарды, раздаваўся ўсё гучней. Неба стала чырвоным, увесь час нейкія выбліскі і не проста ўжо грукат, а такое адчуванне, што нехта з вуліцы спрабуе выбіць вокны. Вызірнула ў калідор. Там здымачныя групы журналістаў з розных краінаў са штатывамі, камерамі. Адзін аднаму дапамагаюць надзяваць бронекамізэлькі. Усе ў касках, і таму некаторых не пазнала адразу. Адзін фінскі журналіст па-расейску крыкнуў мне: «Вайна! Вайна! Хутчэй! Бамбяць! У бамбасховішча трэба! Дзе твая каска?! Надзень каску!..» Кажу яму спакойна: «Ды няма ў мяне каскі, і броніка няма. Усё нармальна будзе». Не буду апісваць, як ён на мяне паглядзеў.

Высветлілася, што тыя фіксеры, якія мусілі ім дапамагаць і працаваць перакладчыкамі, некуды зніклі. Каля стойкі рэгістрацыі дзяжурная, убачыўшы мяне, узрадавалася: «Ну патлумачце вы ім, што бамбасховішча ў нас ёсць. Але наш гатэль – гэта толькі адзін паверх офіснага будынку. Мы яго арандуем. Там розныя фірмы, і вось у іх ёсць ключ ад бамбасховішча. Яны на працу прыйдуць толькі а 10-й. Хаця ўжо, відаць, не прыйдуць… А гэтыя не разумеюць, а перакладчыкаў іхных няма».

Выйшлі на вуліцу. Пабеглі хто куды. Ведаю, што недалёка ад гатэлю – штаб, куды, як было паведамлена, мусяць прыйсці прадстаўнікі медыяў, і там будуць вайскоўцы. Да яго ісці не так далёка, праз плошчу. Але раптам жудасны свіст. Ніколі такога не бачыла ў жыцці. Мне падалося, што гэтыя самалёты ляцелі так нізка, што ледзь не краналіся майго капюшона.

Нейкі мужчына схапіў мяне за руку і пацягнуў пад блакітную елку, якую тут, відаць, пасадзілі яшчэ ў той час, калі плошча насіла імя Леніна, а не Міру, як цяпер. «Гэта знішчальнікі! Ой, а вунь ракеты!!!» – незнаёмец прыціснуўся да камля. Бабахала так, што закладала вушы. «Слухайце, мне падаецца, што гэтыя галінкі над галавой нам не дапамогуць. Дзе тут у вас найбліжэйшая школа?» – спытала ў яго. Мужчына раптам асэнсавана паглядзеў на мяне, потым на гэтае няшчаснае дрэва: «За мной!» І мы прыпусцілі праз плошчу ў бок мэрыі.

Па дарозе да нас далучыліся яшчэ двое, а потым трое. Мы нават не маглі размаўляць, бо ў гэтым грукаце спрабавалі зразумець, наколькі блізка бамбяць. У школе нам перапалоханая вартаўніца сказала: «А ў нас няма ўвогуле ніякага сховішча. Ідзіце ву-у-унь у той дом. Нам сказалі, каб мы туды дзяцей вялі, калі што».

Гэта была так званая сталінка. У самым цэнтры сутарэння стаяў металічны ложак з панцырнай сеткай. На ім стаялі пераноскі з катамі. Сабакі сядзелі побач на коўдры. Людзі стаялі і па чарзе дзялілі паміж сабой два крэслы. Ніякіх ложкаў, вады ці стала з дзяжурнай, як я сабе гэта ўяўляла з ілюстрацыяў з падручніка па грамадзянскай абароне, не было. Высветлілася, што за гэтае імправізаванае бамбасховішча быў адказны адзін мужчына, былы вайсковец. «Куды ляцяць усе гэтыя знішчальнікі, штурмавікі, ракеты? Чаму ў адзін бок?» – спытала ў яго. «Аэрадром бамбяць і яшчэ некаторыя аб’екты. Ды няхай бамбяць! Там адны макеты стаяць. Усё, што трэба, даўно схавалі, – адказаў ён зларадна і дадаў: – Галоўнае, каб яны зараз не пачалі дамы бамбіць».

Абстраляны чыгуначны вакзал у Краматорску. 8 красавіка 2022 года.
Фота: УНІАН

У размове высветлілася, што ён яшчэ й працуе ў штабе грамадзянскай абароны. «А чаму такая неразбярыха з гэтымі бамбасховішчамі? Чаму штаб абароны не працуе? Чаму людзі не ведаюць, куды хавацца?» – абураюся на яго. «Ой, я вас малю! Штаб закрыты, бо людзі цяпер вырашаюць, што рабіць, як сем’і ратаваць. Кажуць, на дарогах танкі ўжо расейскія. Куды ехаць? Што з цягнікамі, таксама незразумела. Раптам і чыгунку разбамбяць, то як ратавацца? Пуцін хоча атачыць увесь Данбас. Як вырвацца? А што бамбасховішчы? Ну, вось тут, у «сталінках», можна схавацца ў сутарэннях, а ў хрушчоўках, вядома, не. У некаторых школах і на заводах сховішча мусіць быць, але туды ж неяк яшчэ дабрацца трэба».

Не буду распавядаць, як дабіралася да Кіева і ў самім Кіеве да дому на левы бераг Дняпра, бо прадмет размовы – толькі абарона свайго фізічнага цела.

Паднялася ўрэшце пасярод начы на ліфце на свой апошні 22-і паверх, зайшла ў кватэру, прайшла ў свой кутні пакой з двума вялікімі вокнамі і раптам бачу моцны выбліск і выбух, які я ўжо ні з чым не пераблытаю. Вогненны шар паляцеў у суседні двор. Гэта была збітая СПА варожая ракета. Яны прабіла два паверхі 9-павярховіка і скацілася ўніз, разбурыўшы сцяну. Пачаўся пажар. Ахвяраў магло быць значна больш, калі б не новы раён. Большасць людзей у гэтым доме арандавалі кватэры, у тым ліку мая новая знаёмая, якая за некалькі гадзінаў да гэтага здарэння з’ехала з дзецьмі ў свой Луцк.

Ці варта казаць, што пасля такога выпадку жыхароў мікрараёну не трэба было ўгаворваць хавацца падчас паветранай трывогі? Але тут высветлілася, што бамбасховішчаў побач папросту няма. Ісці да метро «Пазнякі» ці «Харкаўская» (бо транспарт жа не працуе) далёка. А калі яшчэ з дзіцём? А калі не з адным? А калі яшчэ з катом ці сабакам? А калі яшчэ й каменданцкая гадзіна? Па тэлевізары ўвесь час папярэджвалі, што ў выпадку парушэння небараку могуць папросту забіць свае, прыняўшы за дыверсанта. А дыверсантаў тады было шмат, і з імі вяліся вулічныя баі. Вакол Кіева таксама ішлі баі, і гэта было чутна.

Спачатку мы пайшлі ў сутарэнне нашага дому. Яно аказалася зусім неглыбокае. На чалавечы рост. Неяк страшнавата. Дагэтуль не разумею, як такое магчыма з пункту гледжання архітэктуры. Пайшлі ў суседні 36-павярховік. Там на цэментнай падлозе ляжалі нейкія кардонкі, кавалкі пенапласту. Я ўбачыла першы ж вольны куток, паставіла пераноску з катом і папросту рухнула каля сцяны, бо практычна не спала трэція содні запар. Праз пару гадзін выйшла на вуліцу пагаварыць па тэлефоне з калегамі і ўбачыла мужчыну. Спытала, чаму сядзіць у двары і не ідзе ў сутарэнне. І пачула: «Вы заўважылі там трубы рознага колеру? Там адны з гарачай вадой, іншыя з халоднай, а яшчэ й з газам. Яны там прымацаваныя да столі. Уявіце сабе, што будзе, калі па доме жахне ракета, і 36 паверхаў складуцца, як картачны дамок? Што пачнецца, калі адарвуцца гэтыя трубы ці папросту зломяцца ў нейкіх месцах? А зверху гара бетону і завалены выхад з падвала… Пераканаў. Пазней ужо і ратавальнікі папярэдзілі, што ня варта хавацца ў сутарэннях шматпавярховікаў.

Жанчына выходзіць з сутарэння, якое выкарыстоўваецца як бамбасховішча. Чарнігаў, Украіна. 9 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

А што ў Беларусі? А ў Беларусі кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі кажа: «Першае сховішча, якое можа выкарыстаць чалавек у выпадку неабходнасці, – гэта проста элементарнае сутарэнне свайго шматпавярховага дому. Гэта падземныя пераходы, гэта метро, куды можна спусціцца для таго, каб схавацца. Сёння ў нас працуе шмат прамысловых прадпрыемстваў як у горадзе Менску, так і за межамі сталіцы. Кожнае прамысловае прадпрыемства, няхай гэта будзе хімічна небяспечнае, няхай гэта будзе выбухованебяспечнае прадпрыемства, няхай гэта будзе прадпрыемства машынабудавання, яно мае адпаведныя зачыненыя збудаванні. Безумоўна, насельніцтва, якое там знаходзіцца, яно будзе ў гэтых ахоўных збудаваннях. Тут ніякіх праблемаў няма».

То бок жыхары спальных мікрараёнаў, а гэта, як правіла, жыхары высокіх шматпавярховікаў, дзе няма метро і прадпрыемстваў, у выпадку рэальнай пагрозы застануцца сам-насам са сваёй бядой? У сталіцы і абласных цэнтрах наяўнасць і размяшчэнне бамбасховішчаў дагэтуль чамусьці застаецца сакрэтнай інфармацыяй. Іх не так у нас і шмат, бо будавалі іх, як правіла, у сярэдзіне 50-х, а пасля развалу СССР такой практыкі не было. Дый тыя, якія ёсць, заняпалі. Але яны ж ёсць менавіта ў дварах тых самых «сталінак», дзе акурат можна і ў сутарэнні схавацца.

Дык  дзе цяпер хавацца людзям, калі, барані Бог, пачнуць бамбіць? Гарантый сёння ўжо ніхто не дасць, што такога не адбудзецца. Загаварылі ўсур’ёз нават пра ядравыя ўдары. Нейкае дэжа-вю… Я ўзгадваю, як нас за савецкім часам муштравалі на занятках па грамадзянскай абароне. Нам даводзілі, як сябе паводзіць у выпадку ядравага ўдару. Я была сандружынніцай і мусіла адказаць, што ў мяне ў індывідуальнай аптэчцы і для надання дапамогі пацярпелым. Мы засвоілі таксама, што кожны грамадзянін мусіць ведаць, дзе канкрэтна размяшчаецца найбліжэйшае да ягонага дому ці працы ўкрыццё. Я думала, што людзі дакладна гэта ведаюць, і што гэта толькі мне пакуль няма калі высветліць, дый навошта.

Ды Бог з ім з тым савецкім часам. У 1998 годзе быў прыняты закон «Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацыяў прыроднага і тэхнагеннага характару». Там, сярод іншага, у артыкуле 3 пералічваецца, што насельніцтва трэба падрыхтоўваць да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. А потым нават і пра адказнасць службовых асобаў, якія не сачылі і не рабілі адпаведных захадаў. А што атрымліваецца на практыцы?

Пляваць, каго там пакараюць ці не. Што рабіць людзям? Ці можна сёння нешта зрабіць, каб жыхары гарадоў ведалі, як уратаваць жыццё? Хто можа адказаць на гэтыя пытанні? Хто?

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў