Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна атрымае 42 знішчальнікі F-16


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас афіцыйнага візіту ў Нідэрланды паведаміў пра дасягненне «прарыўных дамоўленасцяў» наконт паставак сучасных баявых самалётаў.

У сваім Telegram-канале Зяленскі апублікаваў сэлфі з прэм’ер-міністрам Маркам Рутэ і падзякаваў Нідэрландам.

Уладзімір Зяленскі і Марк Рутэ.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

«Сёння мы робім чарговы крок для ўмацавання супрацьпаветранай абароны Украіны.

F-16. Самалёты, якія мы будзем выкарыстоўваць, каб трымаць расейскіх тэрарыстаў падалей ад украінскіх гарадоў і вёсак.

Мы з Маркам Рутэ дамовіліся аб колькасці F-16, якія будуць перададзеныя Украіне, – пасля навучання нашых пілотаў і інжынераў. 42 самалёты. І гэта толькі пачатак», – падкрэсліў Зяленскі.

Калі знішчальнікі F-16 могуць з’явіцца ва Украіне, прэзідэнт не ўдакладніў.

Hавiны
Джо Байдэн патлумачыў, на якіх умовах Украіна зможа выкарыстоўваць знішчальнікі F-16
2023.05.21 16:48

Нагадаем, сёлета ў траўні Вашынгтон заявіў аб падтрыманні супольных саюзніцкіх праграмаў падрыхтоўкі ўкраінскіх пілотаў на баявых самалётах F-16 і даў зразумець, што не супраць паставак гэтых знішчальнікаў ва Украіну. Разам з тым, афіцыйны Кіеў не атрымаў канкрэтных публічных абяцанняў наконт пастаўкі F-16.

У жніўні стала вядома, што ўкраінскія пілоты, інжынеры і тэхнікі распачалі навучанне на F-16.  Пры гэтым раней спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат заяўляў, што знішчальнікі зʼявяцца ва Украіне не раней за вясну 2024 года. І гэта яшчэ ў лепшым выпадку. А газета «The Washington Post» паведамляла са спасылкай на ананімныя крыніцы, што на самой справе Украіна застанецца без сучасных знішчальнікаў яшчэ на год, – першая група з шасці ўкраінскіх пілотаў завершыць навучанне на F-16 не раней за лета 2024 года.

Ці азначаюць дамоўленасці, дасягнутыя ў Нідэрландах, перанос тэрмінаў перадачы самалётаў, – пакуль не зразумела.

Hавiны
Украінскія пілоты распачалі навучанне палётам на знішчальніках F-16
2023.08.20 09:06

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў