Швейцарскі банк падлічыў, колькі ў Беларусі доларавых мільянераў, а колькі маюць менш за $10 тысяч


Швейцарскі банк UBS уключыў Беларусь у свой штогадовы рэйтынг дабрабыту жыхароў розных краін свету.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Белсат

Паводле UBS, агулам на беларускія хатнія гаспадаркі прыходзіцца $255 мільярдаў, што складае 0,056% ад сусветнага багацця. За апошні год гэтая сума вырасла на $46 мільярдаў.

Згодна з рэйтынгам швейцарскага банку, у Беларусі ў 2023 годзе жывуць прыкладна 7300 доларавых мільянераў – гэта 0,1% ад усяго насельніцтва.

Найбольшая частка жыхароў Беларусі – 56% – маюць ад $10 да 100 тысяч. Далей ідуць самыя бедныя, чые багацце складае менш за $10 тысяч – іх 37,3%. Дабрабыт 5,5% насельніцтва – ад $100 тысяч да $1 мільёна.

Рэйтынг сусветнага дабрабыту ўзначалілі Швейцарыя. Сярэднестатыстычны жыхар гэтай краіны валодае $685 тысячамі. Разам са Швейцарыяй на верхніх радках рэйтынгу знаходзяцца ЗША і Ганконг.

Расея, Мексіка, Індыя і Бразілія з традыцыйна нізкім узроўнем багацця, тым не менш, здолелі дамагчыся хуткага росту актываў.

Паводле прагнозаў UBS, да 2027 года агульны аб’ём сусветнага багацця павялічыцца на 38% і складзе $629 трыльёнаў, у асноўным за кошт росту ў краінах з сярэднім узроўнем дабрабыту.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў