«Нам прапаноўвалі пасля матчу біцца». Аб талерантнасці ў футболе і гульнях на Кубак Івуліна пагаварылі з яго ўдзельнікамі


У турніры Annual Ivulin’s Cup у Варшаве ўдзельнічалі 39 камандаў з розных краін. Арганізатары запрашалі на гульні людзей розных палітычных поглядаў і канфесій пры ўмове, што яны не падтрымліваюць напад на Украіну і рэжым Лукашэнкі. Ян Лісіцкі пагаварыў з гульцом каманды «Футбольныя геі» Кірылам Куніцкім пра просьбы «пакінуць гэта ў спальні», пазіцыю Сашы Івуліна і талерантнасць у Польшчы.

Кірыл Куніцкі на трыбунах Бэмоўскага цэнтру спорту і адпачынку
Кірыл Куніцкі на турніры Annual Ivulin’s Cup у Варшаве. 19 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

 – Як вы сабралі каманду?

– Увосень 2022 года мяне мой сябар паклікаў пагуляць у футбол, мяне дадалі ў закрыты чат у тэлеграме. Ён называўся «Футбольныя геі». Капітан каманды і стваральнік гэтай групы Дзяніс сказаў што гэтая назва – першае, што прыйшло яму ў галаву. Мы гуляем пару гадзін кожную нядзелю – восенню і ўзімку ў зале, летам на варшаўскіх стадыёнах. У групе паступова сталі збірацца хлопцы, назва заслупавалася, і мы нават банілі людзей, якія заходзілі і хацелі яе памяняць. На дадзены момант у чаце 95 чалавек.

 – І ўсе – геі?

– Свечку не трымаў. Не ведаю, ці ёсць сярод нас хоць адзін. Груба пытацца пра гэта ў людзей: захочуць – падзеляцца. Я ў сэксуальную арыентацыю не ўнікаю, мне ўсё роўна. У нашай камандзе спачатку не было пытанняў, што нехта гей. Мы проста прадстаўляем іх інтарэсы. За сябе магу сказаць, што не. Я толькі горда нясу сцяг талерантнасці.

– На трыбунах пра вас казалі, як пра каманду «п…аў».

– Мы выслухалі кучу лайна і на турніры, і на этапе падрыхтоўкі. У чаце арганізатараў нам пастаянна перасылалі паведамленні, што гэта» «абражае пачуцці гульцоў», што мы не павінны з такой назвай гуляць, «пакінуўшы гэта ў сябе ў спальнях». Але мы прынцыпова стаялі на сваім: гэта наша назва.

Кірыл Куніцкі на трыбунах Бэмоўскага цэнтру спорту і адпачынку
Кірыл Куніцкі.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Сёння розныя сітуацыі былі. Падчас матчу з адной з каманд у нашых супернікаў зламаўся хлопец. У іх было восем чалавек (мы гулялі складам шэсць плюс адзін), але запасны гулец сказаў, што гуляць з намі не будзе.

(Сябар Кірыла, які стаіць побач, успамінае, што з трыбун падчас матчаў крычалі: «Давайце за натуралаў!». – Заўвага аўтара).

Хтосьці нам прапаноўваў біцца пасля матчу, кажучы, што яны будуць з металічнымі шпагамі, а мы са скуранымі.

Мы працягвалі стаяць на сваім, нягледзячы на абвінавачванні, што «мы іграем нейкі спектакль».

 – Што надае вам сілы спраўляцца з такімі каментарамі?

– Камон, 2023-ы год. Такія заўвагі могуць ісці з боку людзей, чый узровень інтэлекту, адкрытасці і поглядаў на свет вузкі. Павесціся на правакацыі, адказаць ім, пачаць спрачацца – стаць роўнымі ім. Мы не лепшыя за іх, але, скажам, прасунутыя, ці што. Мы ўяўляем сучасныя каштоўнасці.

 – Ці ўмешваліся арганізатары ў сітуацыях, калі вас абражалі?

– Мы нікому не казалі пра гэта. Арганізатары пазначылі сваю пазіцыю яшчэ на лёсаванні: Саша Івулін сказаў, што заўзее за «Футбольных геяў» і будзе нас падтрымліваць, што гэта турнір для ўсіх, а наша назва класная. Разумею, што ён не рэпрэзэнтуе ўсіх арганізатараў, але кубак мае яго імя – магчыма, ягоная пазіцыя пра нешта кажа.

Кірыл Куніцкі на футбольным полі Бэмоўскага цэнтру спорту і адпачынку
Кірыл Куніцкі.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

 – З якім вынікам вы выступілі?

– Мы правялі чатыры матчы, выйгралі тры, апошні прайгралі. Тры каманды ў нашай групе скончылі з аднолькавай колькасцю ачкоў, з дзевяццю, але мы засталіся на трэцім месцы па розніцы забітых і прапушчаных.

 – Як ты трапіў у Польшчу?

– Я тут вучыўся з 2018 года. У 2020-м я паехаў у Беларусь, ва ўсім удзельнічаў, цяпер не магу туды вярнуцца з палітычных прычын.

– Што можаш сказаць пра талерантнасць у гэтай краіне?

– Дзесьці не ідэальна, дзесьці адкрыта і свабодна – складана сказаць, але лепш, чым у Беларусі.

Запісаў Ян Лісіцкі / УК belsat.eu 

Стужка навінаў