Футбольны турнір у Варшаве: Івулін вярнуўся і будзе гуляць, таксама згуляюць Хацкевіч, Гайдучык і каманда «Белсату»


Другі Кубак Івуліна пройдзе ў Варшаве 19 жніўня. Цяпер турнір называецца «Annual Ivulin’s Cup» – гэта вялікі аматарскі футбольны турнір, які абʼяднаў людзей з Беларусі, Польшчы, Украіны і іншых краінаў. Арганізатары абяцаюць, што нешта цікавае для сябе знойдуць усе: адбудуцца канцэрты беларускіх музыкаў, імпрэзы беларускага бізнесу і шмат што яшчэ.

Аляксандр Івулін выйшаў з калоніі і цяпер гатовы гуляць, а таксама ў бой рвуцца яшчэ 39 камандаў. Усяго больш за 400 чалавек. З 10:00 да самага вечара гульні будуць адначасова адбывацца на 8 палях.

«Галоўная мэта турніру – абʼяднанне людзей праз спорт. Таксама любы ўдзельнік мае шанец згуляць з былымі зоркамі беларускага і ўкраінскага футболу, прафесійнымі гульцамі. Могуць гуляць людзі розных канфесіяў, розных палітычных поглядаў. Але ўдзельнікі нашага турніру не могуць падтрымліваць вайны ва Украіне і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, – сказаў «Белсату» адзін з арганізатараў турніру Яўген Вяроўка.

У «Annual Ivulinʼs Cup» згуляюць 39 камандаў з розных краінаў. Арганізатары чакаюць некалькі зорных футбалістаў, але пакуль не называюць іхных прозвішчаў.

Летась каманда «Белсату» таксама брала ўдзел у першым такім турніры, але выступіла правальна – цяпер жа сітуацыя іншая. Каманда «Белсату» будзе адною з самых цікавых на турніры.

бчб-флаг, Кубок Ивулина, Фонд спортивной солидарности, матч, футбол, Варшава, Польшча
Заўзятары з 30-метровым беларускім сцягам падчас гульняў на леташнім Кубку Івуліна. Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Сярод беларускіх медыяў толькі «Белсат» здолеў сабраць сваю каманду. Гэта быў доўгі і цяжкі працэс, але цяпер мы гатовыя гуляць і здзіўляць. Мы абʼядналі людзей паводле некалькіх прынцыпаў: мы ўсе супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, мы супраць вайны ва Украіне, мы патрабуем вызвалення палітвязняў і спынення тэрору ў Беларусі. За нашую каманду згуляюць прадстаўнікі чатырох краінаў. Гэта журналісты, палітыкі і нашыя гледачы. У нас будзе форвард, які доўга гуляў у розных беларускіх лігах, у нас ёсць адразу дзве дзяўчыны, адна з іх была вымушаная пакінуць акупаваны Крым, як і шэраг іншых нашых гульцоў, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь. У нас ёсць журналіст з Таджыкістану, які ніколі не быў у Беларусі, але будзе гуляць за беларускую каманду. Мы хочам, каб Беларусь зрабілася свабоднай краінай з роўнымі магчымасцямі для ўсіх», – заявіў капітан каманды «Белсату» Алесь Ляўчук.

Адзначым, што супраць «Белсату» у складзе ўкраінскага калектыву «Otamany» згуляе бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, пяціразовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён Літвы Віталь Гайдучык.

Супернікамі «Белсату» стануць «Драўлянцы», «Зубры Падляшша» з Беластоку, супольны беларуска-ўкраінскі праект «Agrykola» і ўкраінскі калектыў «Otamany». Мы запрашаем гледачоў падтрымаць нас і адчуць атмасферу сапраўднага футбольнага свята.

Расклад гульняў «Белсату» 19 жніўня:

11:20 «Белсат» – «Драўлянцы»

12:40 «Белсат» – «Agrykola»

13:20 «Белсат» – «Зубры Падляшша»

16:00 «Белсат» – «Otamany»

Матчы адбудуцца на поле B-2. Варшава, вул. Абаронцаў Табруку, 11 (Obrońców Tobruku 11).

СА belsat.eu

Стужка навінаў