Крысціна Ціманоўская прыбегла 5-й на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце


Беларуская бягуння Крысціна Ціманоўская 20 жніўня прыняла ўдзел у чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце. На дыстанцыі 100 метраў яна фінішавала 5-я і не прайшла ў паўфінал, паведамляе Беларускі фонд спартовай салідарнасці.

Крысціна Ціманоўская на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце.
Фота: Крысціна Ціманоўская / Instagram

У нядзелю 20 жніўня ў сталіцы Вугоршчыны Будапэшце прайшоў чвэрцьфінал ЧС па лёгкай атлетыцы. Крысціна Ціманоўская прабегла дыстанцыю 100 метраў з вынікам 11,32 і фінішавала 5-я. Забег быў затрыманы ў выніку фальстарту.

Бягуння не праходзіць у паўфінал. Аднак ужо ў сераду 23 жніўня Ціманоўская будзе бегчы іншую дыстанцыю – 200 метраў.

Hавiны
«Калі б вербаваў КДБ, пра гэта б дазналіся ўсе мае падпісанты ў Instagram – гэта ж весела»
2023.05.03 14:00

На чэмпіянаце Ціманоўская прадстаўляе зборную Польшчы.

Надоечы Крысціна Ціманоўская паведаміла, што атрымала допуск да міжнародных спаборніцтваў. Польскі лёгкаатлетычны звяз атрымаў афіцыйны ліст ад міжнароднай федэрацыі, у якім паведамляецца пра скасаванне каранціну для беларускай атлеткі з польскім пашпартам. Такі каранцін уводзяць для спартоўцаў, якія выступалі за адну краіну, а потым пастанавілі атрымаць грамадзянства іншай краіны ды выступаць за яе. У Ціманоўскай акурат такі выпадак: на Алімпіяду ў Токіа ў 2021 годзе яна ездзіла яшчэ як рэпрэзентантка Беларусі.

Допуск на міжнародныя спаборніцтвы адкрывае перад Ціманоўскай магчымасць пазмагацца за ўдзел у Алімпійскіх гульнях.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў