Расейскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну дэпартавалі з Беларусі


Расейскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну дэпартавалі з Беларусі ў Расею прама з ізалятару на Акрэсціна. Аб гэтым паведамляе «Вясна». Дзяўчына прыязджала ў Беларусь, каб асвятляць ход суда над Алесем Бяляцкім і іншымі вясноўцамі.

Кацярына Яньшына.
Фота: «Мемориал» / Telegram / polniypc

Расейская праваабаронца Кацярына Яньшына 20 студзеня спачатку прапала – калегі не змаглі дачакацца яе на выхадзе з ІЧУ на Акрэсціна пасля сканчэння тэрміну арышту і не змаглі звязацца з ёй. Потым Кацярына патэлефанавала сама сваё сваячцы з аэрапорту ў Маскве і сказала, што яе дэпартавалі. Усе яе асабістыя рэчы засталіся ў беларускай міліцыі.

Ля варот Акрэсціна яе чакала праваабаронца Кацярына Гарбунова. Калі ў прызначаны час Яньшына не выйшла з ІЧУ, то калега па тэлефоне атрымала інфармацыю ад адміністрацыі ІЧУ, што арыштантку ўжо адпусцілі. Пры гэтым, па словах Гарбуновай, гэта ілжывая інфармацыя – Яньшына не пакідала Акрэсціна. У пасольстве Расеі Гарбуновай паведамілі, што Кацярына Яньшына нібыта ўжо на волі і ляціць у Маскву, а тэлефон, пашпарт і асабістыя рэчы пры ёй. Пры гэтым, ніхто з блізкіх і калег з ёй звязацца не мога.

Паведамляецца, што расейскія праваабаронцы звярнуліся да Упаўнаважанага па правах чалавека ў Расеі Таццяны Маскальковай.

Як паведамлялася раней, Кацярыну Яньшыну затрымалі ў Менску пасля суда ў «справе «Вясны» і прызначылі ёй 15 содняў арышту. Яна прыехала ў Беларусь на суд як незалежная назіральніца. Са словаў аховы суда, Кацярына нібыта парушала парадак падчас пасяджэння – рабіла фота і вяла трансляцыю. Усю ноч пра месцазнаходжанне затрыманай нічога не было  вядома, калегі шукалі яе ў аддзяленнях міліцыі Менску. 5 студзеня каля 17-й гадзіны, адразу пасля заканчэння судовага пасяджэння, на выхадзе з залы суда да яе падышлі некалькі чалавек і завялі ў службовае памяшканне «на гутарку». Астатніх у памяшканне не пусцілі, інфармацыі аб месцы знаходжання затрыманай не было да раніцы наступнага дня.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў