Крыўда за ліквідацыю заапарку выклікала пратэст


Зялёны куток, месца, аблюбаванае дзецьмі, стане паркоўкаю. Абураныя закрыццём невялікага прыватнага заапарку на вуліцы Якубоўскага зладзілі пікет. Яны нагадваюць уладам: нашыя дзеці хадзілі туды глядзець на буслоў і фазанаў замест таго, каб сядзець за камп’ютарамі ці збірацца ў пад’ездах.



Птушкі на вуліцы Якубоўскага – апошнія дні: іх ужо “ўладкавалі” ў іншыя заапаркі ды ў вясковыя сем’і. Клеткі разбяруць неўзабаве. Жыхары Кунцаўшчыны называюць пастанову адміністрацыі Фрунзенскага раёну пляўком у твар. Сёння яны выйшлі на акцыю пратэсту.

{movie}Без заапарку|right|15726{/movie}

УДЗЕЛЬНІКІ ПІКЕТУ:

“Дзеці не былі па пад’ездах. Хадзілі, дапамагалі. Не шасталі, не палілі. Тут бывала па сто чалавек, яму дапамагалі і бралі ўдзел ува ўсім гэтым. Дзеці былі пад наглядам”.

“Дзеці як любяць сюды хадзіць! У мяне трое ўнукаў – я іх сюды важу заўсёды”.

“Гарадскія дзеці не маюць магчымасці выехаць – не ўва ўсіх ёсць лецішчы, вёскі, каб паглядзець…”.



Афіцыйная прычына закрыцця заапарку – скаргі жыхароў на парушэнне санітарных нормаў. Аднак правяранне ўстанавіла, што на кожную жывёліну ёсць ветэрынарная даведка. Гэты куток – справа жыцця арнітолага Леаніда Гермацкага, які цягам 14-ці гадоў збіраў тут экзатычных птушак і лячыў хворых. Самога гаспадара ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну настойліва папрасілі не размаўляць з прэсаю. Але пра дзядзьку Лёню могуць распавесці жыхары ўсіх блізкіх да заапарку вуліцаў.

УДЗЕЛЬНІЦА ПІКЕТУ:

“Ён распавядаў, якія ў яго птушкі, праводзіў урокі біялогіі. У нас тут няма ніякіх кружкоў, басейнаў – нічога. Гэта месца адпачынку для школьнікаў, малодшых школьнікаў. І гэта прыбраць? Яму трэба нізка ў ногі пакланіцца!”.

Супраць закрыцця заапарку выказаліся не толькі ўдзельнікі пікету. Петыцыю за яго захаванне падпісалі амаль 4 тыс. чалавек. Шмат хто мяркуе, што сапраўдная прычына закрыцця жывога кутка не санітарная, а камерцыйная.

АНДРЭЙ МАКСІМОВІЧ, УДЗЕЛЬНІК ПІКЕТУ:

“Крамы з півам, казіно ж адкрываюцца адное за адным. Не пабаюся гэтага слова, секс-шоп адкрыўся ў нас на рынку. А адзін заапарк у нас ёсць. Калі гэты маленькі закрыць – што тут можна сказаць?”.

На пікеце нарадзілася ініцыятыва: калі санітарныя нормы сапраўды парушаныя – жыхары раёну прапаноўваюць адкрыць рахунак і сабраць на яго сродкі, неабходныя для аднаўлення працы. Што ж тады адкажуць чыноўнікі?

Марына Вашкевіч, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў