Падлетак, вывезены з акупаванага Марыупалю ў Расею, вярнуўся на радзіму транзітам праз Беларусь


Ва Украіну вярнуўся падлетак, якога ўвесну летась вывезлі ў Расею з акупаванага Марыупалю. Тады сірату аддалі ў прыёмную сям’ю ў Маскоўскай вобласці. Напярэдадні 18-годдзя Багдана Ярмохіна выклікалі ў ваенкамат. Сёння, у дзень народзінаў, хлопец апынуўся на радзіме, паведаміў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.

Багдан Ярмохін з сястрою ва Украіне. 19 лістапада 2023 года. Фота Андрій Єрмак / Telegram

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак апублікаваў у сваім Telegram-канале фота Багдана Ярмохіна з сястрою на радзіме недалёка ад мяжы з Беларуссю. Маладзёны трымаюць у руках украінскі сцяг.

«Хлопец раней звярнуўся да прэзідэнта Украіны з просьбай дапамагчы яму выехаць ва Украіну. Мы былі ў пастаяннай камунікацыі з Багданам і ён ужо ва Украіне, побач са сваёй сястрой. Дзякуй нашым партнёрам з Катара і міжнароднай арганізацыі ЮНІСЭФ», – напісаў Ермак.

Ярмохін вярнуўся дадому ў дзень свайго 18-годдзя.

Увесну летась сірату вывезлі з акупаванага Марыупалю і аддалі ў прыёмную сям’ю ў Маскоўскай вобласці. У сакавіку сёлета хлопец спрабаваў збегчы з Расеі ва Украіну, аднак расейскія спецслужбы схапілі яго недалёка ад мяжы з Беларуссю. Пасля таго выпадку ўпаўнаважаная ў правах дзіцяці ў Расеі Марыя Львова-Бялова (міжнародны трыбунал у Гаазе абвесціў яе ў вышук за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў) казала, што гэта была правакацыя, і падлетка «намагаліся выманіць на тэрыторыю Украіны з дапамогаю маніпуляцыяў і пагрозаў».

Багдан Ярмохін з прыёмнай маці ў маскоўскім аэрапорце перад вылетам у Менск. 18 лістапада 2023 года.
Фота: Мария Львова-Белова / Telegram

Расея прызнавала хлопца сваім грамадзянінам, і незадоўга да паўналецця яго выклікалі ў ваенкамат. Пасля гэтага Ярмохін папрасіў украінскага прэзідэнта дапамагчы з вяртаннем на радзіму.

Сёння раней расейскае выданне «Вёрстка» паведаміла, што хлопец прыехаў у Беларусь, дзе ён сустрэўся з сястрою. Потым яны разам паехалі ва Украіну.

Львова-Бялова ў сваім Telegram-канале апублікавала відэа, запісанае ў маскоўскім аэрапорце перад вылетам падлетка ў Менск.

«Тут мяне любілі, усё было добра, але вось так я захацеў», – сказаў Ярмохін.

Ён падзякаваў усім, хто дапамог яму вярнуцца на радзіму.

Hавiны
Даклад: Пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі больш за 2440 дзяцей
2023.11.17 08:38

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў