Даклад: Пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі больш за 2440 дзяцей


За час поўнамаштабнай вайны, з 24 лютага 2022 года да 30 кастрычніка 2023 года, з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны былі незаконна вывезеныя ў Беларусь больш за 2440 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Іх адпраўлялі ў тым ліку на вайсковае рыхтаванне.

Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у лагер у Беларусі.
Фота: БелТА

Пра гэта гаворыцца ў даследаванні Ейлаўскага ўніверсітэту, паведамляе «Reuters».

Вынікі даследавання, праведзенага Лабараторыяй гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя, сталі найбольш шырокімі на сённяшні дзень звесткамі наконт ролі Беларусі ў расейскай праграме перасялення ўкраінскіх дзяцей.

Сярод асноўных высноваў, зробленых у 39-старонкавай справаздачы, – тое, што дзеці былі вывезеныя не менш як з 17 гарадоў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў Украіны. Даследнікі Ейлаўскага ўніверсітэту назвалі гэта сталай практыкай.

Больш за 2 тысячы дзяцей былі перавезеныя ў дзіцячы цэнтр «Дубрава» ў Менскай вобласці Беларусі ў перыяд з верасня 2022 года да траўня 2023 года, а 392 дзяцей даставілі ў 12 іншых установаў.

Трапляючы ў Беларусь, дзеці праходзілі вайсковае рыхтаванне і «перавыхаванне»: іх «перанавучалі», навязваючы «культурныя, гістарычныя, сацыяльныя і патрыятычныя дактрыны або ідэі, што служаць палітычным інтарэсам рэжымаў Беларусі і Расеі», гаворыцца ў дакуменце. Акрамя таго, паводле звестак даследнікаў, не менш як шэсць групаў дзяцей з Украіны праходзілі ў РБ вайсковае рыхтаванне, у тым ліку на базе Унутраных войскаў Беларусі.

Разбор
Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?
2023.07.12 07:07

«Сістэматычныя намаганні Расеі ў зборы, транспартаванні і перавыхаванні дзяцей Украіны ажыццяўляліся пры судзеянні Беларусі». «РФ і рэжым Беларусі супольна каардынуюць і фінансуюць перамяшчэнне дзяцей з акупаванай Расеяй Украіны праз тэрыторыю Расеі ў Беларусь», – гаворыцца ў дакладзе.

Транспартаванне дзяцей у Беларусь праз тэрыторыю Расеі каардынавалася на найвышэйшым узроўні, Пуціным і Лукашэнкам. У прыватнасці, Лукашэнка «ўхваліў удзел як дзяржаўных, так і недзяржаўных арганізацыяў у перавозцы дзяцей з Украіны ў Беларусь, фінансаваў іх транспартаванне з супольнага бюджэту Саюзнай дзяржавы РФ і РБ», гаворыцца ў дакладзе.

У ліку ключавых асобаў і арганізацыяў, якія судзеялі вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, даследнікі з Ейлу называюць фонд беларускага паралімпійца Аляксея Талая, прадпрыемства «Беларуськалій» і дырэктарку данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іхных бацькоў «Дэльфіны» Вольгу Волкаву.

Рэпартаж
Гуманізм са зброяй. Як Аляксей Талай вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
2023.11.06 18:45
Hавiны
Расследавальнікі абвінавацілі членаў сям’і Лукашэнкі ў датычнасці да вывазу ўкраінскіх дзяцей
2023.07.31 23:24

Няясна, колькі дзяцей, выяўленых падчас даследавання, застаюцца ў Беларусі.

«Ключавыя фігуры, якія маюць дачыненне да перавозкі дзяцей з акупаванай Украіны ў Беларусь, заявілі – без якіх-небудзь доказаў – што ўсе дзеці былі вернутыя ва Украіну, – гаворыцца ў дакуменце. – Аднак у Лабараторыі гуманітарных даследаванняў не змаглі знайсці поўных і пераканаўчых дадзеных, якія пацвярджаюць, што дзеці, указаныя ў гэтай справаздачы, вярнуліся на акупаваныя РФ тэрыторыі Украіны».

Раней, 14 лютага 2023 года, Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя апублікавала справаздачу аб расейскай праграме перавыхавання і ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей, у якой фокус адказнасці за арганізацыю такой праграмы быў накіраваны на Уладзіміра Пуціна і Марыю Львову-Белову. Пасля публікацыі дадзенай справаздачы 17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт дадзеных асоб.

Новая публікацыя HRL дапаўняе лютаўскую справаздачу, якая распавядае пра ролю Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэнні ў Беларусь і перавыхаванні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.

Аб’ектыў
Еўразвяз патрабуе арыштаваць Лукашэнку
2023.09.14 22:31

З’яўленне новага дакладу пракаментаваў кіраўнік НАУ Павел Латушка:

«Дадзеная справаздача незалежнай аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацвярджае ўсе факты, раней перададзеныя Народным антыкрызісным упраўленнем у Міжнародны крымінальны суд. Дадзеная акалічнасць безумоўна ўмацоўвае працу НАУ, накіраваную на перадухіленне незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і крымінальны пераслед галоўных злачынцаў.

Дэмакратыя перамагае тады, калі надыходзіць адказнасць. У дачыненні да беларусаў і ўкраінцаў Лукашэнка і яго памагатыя здзяйсняюць тысячы злачынстваў. Факты злачынстваў фіксуюцца рознымі міжнароднымі арганізацыямі і інстытутамі. Усе яны кваліфікуюцца ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам. Таму ёсць усе падставы верыць, што справядлівасць пераможа, а Лукашэнка панясе пакаранне за свае злачынствы. Інакш дэмакратыя не пераможа».

Hавiны
НАУ перадаў у МКС новыя доказы датычнасці Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей
2023.11.07 22:17

СП, belsat.eu

Стужка навінаў