«Белсат» падводзіць вынікі 573-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 19 верасня чытайце ў нашым аглядзе.
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На купянскім кірунку цягам апошніх содняў назіраецца зацішша: ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе аб правядзенні наземных аперацыяў, пры гэтым праціўнікі абменьваюцца артылерыйскімі і авіяцыйнымі ўдарамі.
На гэтым фоне цікавай выглядае інфармацыя ад тэлеграм-каналу «Romanov Лайт» пра тое, што Узброеныя сілы РФ кантралююць усходнюю частку Навасёлаўскага ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці. Нагадаем, яшчэ 5 жніўня ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра поўны захоп населенага пункту. Тады гэтую інфармацыю пацвярджалі і праўкраінскія крыніцы. Такім чынам або «Romanov Лайт» памыляецца, або Збройным сілам Украіны ў нейкі момант удалося вярнуць частку раней страчаных пазіцыяў.
Па лініі фронту на ліманскім кірунку большай актыўнасцю валодаюць украінскія вайскоўцы: цягам содняў яны атакавалі каля Торскага і на поўдні ад Дзібровы на поўначы Данецкай вобласці.
Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)
Тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што на паўночным фланзе Бахмуту УС РФ атакавалі ў ваколіцах сяла Бярхоўка, але поспеху не дасягнулі.
У гэты ж час на заходніх ускрайках самога Бахмуту ідуць пазіцыйныя баі. Актывізацыя гэтага ўчастку фронту адзначаецца цягам апошняга тыдня.
На поўдні ад гораду ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Клішчэеўка і Андрэеўка, імкнучыся выбіць праціўніка з пазіцыяў каля лініі мясцовай чыгункі (на ўсходзе ад абодвух сёлаў).
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што цяпер ЗСУ назапашваюць сілы на захадзе ад Клішчэеўкі і Андрэеўкі, а таксама на паўночным фланзе за Бярхоўскім вадасховішчам, каб у выніку атачыць Бахмут і перарэзаць шляхі забеспячэння расейцаў у горадзе.
Пры гэтым расейскі бок таксама падцягвае рэзервы і намагаецца контратакаваць.
Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)
У ваколіцах Данецку Узброеныя сілы РФ у чарговы раз намагаліся выбіць украінцаў з тэрыторыі гораду Мар’інка (на захадзе ад абласнога цэнтру). Паводле Генштабу ЗСУ, усе 10 атак праціўніка былі адбітыя сіламі абароны краіны.
Таксама ў ведамстве адзначылі, што на суседнім аўдзееўскім кірунку ініцыятывай валодаюць украінскія вайскоўцы.
Па інфармацыі Мінабароны РФ, цягам содняў ЗСУ атакавалі каля населеных пунктаў Маёрск і Камянка.
Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша пра чарговыя атакі ЗСУ на пазіцыі праціўніка каля населеных пунктаў Новаданецкае і Новамаёрскае.
Між тым тэлеграм-канал «Воин DV» адмаўляе гэтую інфармацыю і гаворыць, што на гэтым участку фронту працягваецца зацішша. У дадатак крыніца піша, што ўкраінскі бок скончыў вывад сваіх падраздзяленняў з паўночна-заходніх ускрайкаў Новамаёрскага і засяродзіўся на вядзенні абароны.
У Міністэрстве абароны РФ паведамілі пра адбіццё атакі ЗСУ каля сяла Старамаёрскае. Такім чынам актыўнасць сілаў абароны Украіны зноў змяшчаецца на так званы ўрэмеўскі выступ на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.
Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)
На мелітопальскім кірунку ідуць цяжкія баі на захадзе ад сяла Работына ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці. Тут УС РФ намагаюцца зрэзаць фланг украінскай групоўкі, у сваю чаргу ЗСУ спрабуюць пашырыць свой плацдарм.
Адначасова з гэтым Збройныя сілы атакуюць каля суседніх сёлаў Новапракопаўка і Вербавае, але пра змены ў лініі фронту не паведамляецца.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Таццяна Міронава belsat.eu