Паўла Латушку пагражаюць забіць за дзейнасць супраць вывазу ў Беларусь украінскіх дзяцей


Паўлу Латушку паступіла пагроза забойствам за тое, што ён займаецца зборам доказаў злачыннага вывазу дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь. Аб гэтым ён заявіў у эфіры «Белсату».

Павел Латушка. Скрыншот з відэа: Белсат / YouTube

19 ліпеня прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па пытаннях транзіту ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адказваючы на пытанне вядоўцы «Белсату» Вітаўта Сіўчыка пацвердзіў, што яму паступіла чарговая пагроза фізічнага знішчэння.

«Яны разумеюць, што мы не будзем спыняць нашу дзейнасць. Яны разумеюць, што толькі спыніўшы нашу дзейнасць, можна паспрабаваць спыніць гэта працэс, скіраваны на тое, каб прыцягнуць да адказнасці самога Лукашэнку. Яны дасылаюць пагрозы. Іх было ўжо больш за дзесяць. Апошняя прыйшла ўчора вечарам – пагроза забойства ў адносінах да мяне. Але дэматываваць мяне не магчыма. З іншага боку, мы разумеем, што фактычна вельмі моцна ўдарылі ў рэжым і стварылі велізарную пагрозу», – расказаў Латушка.

Таксама кіраўнік НАУ паведаміў пра звесткі, якія сведчаць, што частка украінскіх дзяцей, вывезеных з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь, не вярнулася дамоў, дзеці былі перамешчаныя на тэрыторыю Расеі для сталага пражывання. Паводле адзнакі Латушкі, гэта «ужо зусім іншы характар вайсковага злачынства, якое падпадае пад пераслед паводле Рымскага статуту Міжнародным крымінальным судом». Палітык паведаміў, што гэтыя дадатковыя выяўленыя факты злачынных дзеянняў будуць таксама прааналізаваны і ім будзе дадзены адпаведны ход.

Падрабязна інтэрв’ю Паўла Латушкі і іншыя матэрыялы па тэме злачыннага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь можна паглядзець на YouTube:

Нагадаем, што вясноў 2023 года Павел Латушка перадаў у Міжнародны крымінальны суд матэрыялы, якія сведчаць пра ўдзел Аляксандра Лукашэнкі, Аляксея Талая і некаторых беларускіх грамадскіх дзеячаў у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Такія дзеянні Лукашэнкі і іншых асобаў зʼяўляюцца паводле міжнароднага права ваеннымі злачынствамі. І ўжо праведзена вялікая праца дзеля таго, каб гэтая адказнасць наступіла.

Разбор
Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?
2023.07.12 07:07

Таксама 19 ліпеня Павел Латушка пракаментаваў заяву старшыні беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, які фактычна прызнаў датычнасць да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Латушка адзначыў, што калі з’явяцца доказы, іх перададуць Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе.

Каментар
Кіраўніку беларускага Чырвонага Крыжа прыгразілі трыбуналам за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей
2023.07.19 19:20

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў