«Не ведаю, што адказаць, але не хвалюйцеся». У крымскім «Артэку» не бачаць небяспекі для дзяцей


У крымскім лагеры «Артэк» заявілі «Белсату», што ўстанова працуе ў звычайным рэжыме, а на выпадак надзвычайных сітуацыяў маецца план пільнай эвакуацыі дзяцей. У летніку зараз адпачываюць 33 падлеткі з Беларусі.

Дзеці з розных краінаў, у тым ліку з Беларусі, у лагеры «Артэк» у акупаваным Крыме. У летніку кажуць, што школьнікі ў бяспецы. 17 ліпеня 2023 года.
Фота: «Артэк» / artek.org

У лагеры «Артэк» сцвярджаюць, што там бяспечна, нягледзячы на атаку на Крымскі мост і выбухі на складзе боепрыпасаў у Кіраўскім раёне акупаванай рэспублікі.

На пытанне карэспандэнта «Белсату», ці пагражае што-небудзь дзецям, супрацоўніца інфалініі адразу разгубілася:

«Я нават не ведаю, што вам адказаць. На тэрыторыі «Артэка» спакойна, дзеці адпачываюць, экскурсіі – усё ў штатным рэжыме. Лагер працуе. Не хвалюйцеся».

У лагеры таксама запэўнілі, што на выпадак надзвычайных сітуацыяў маецца план экстраннай эвакуацыі:

«Яшчэ летась пытанні тэрміновага вывазу дзяцей адпрацаваныя ў штабе, гэта на кантролі, гэтым займаюцца. Аддзел унутранай бяспекі гэтым займаецца».

Дзяцей вывезуць, нават калі «з мостам нешта здарыцца», заявіла суразмоўніца «Белсату»: «Дзяцей вывезуць, не хвалюйцеся. Усё прадугледжана».

Hавiны
33 беларускія школьнікі едуць адпачываць у летнік «Артэк» у акупаваным Крыме
2023.07.14 22:37

Зараз у «Артэку» знаходзяцца 33 школьнікі з Беларусі. Бясплатную трохтыднёвую паездку забяспечыў Расейскі цэнтр навукі і культуры – установа дзяржаўнага расейскага агенцтва ў справах суайчыннікаў, якія жывуць за мяжою, і ў міжнароднай гуманітарнай супрацы.

Сёння, напрыклад, для дзяцей зладзілі «матывацыйную сустрэчу» са спікеркаю расейскага МЗС, а таксама вайскова-патрыятычную гульню «Зарніца».

Як раней даведаўся «Белсат», у санаторыі «Белоруссия», што знаходзіцца ў Крыме і належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі, зараз адпачываюць 200 гасцей, 120 з іх – беларусы. У гэтай установе таксама ўпэўненыя, што з бяспекаю на акупаваным паўвостраве ўсё добра, і адмаўляцца ад паездак туды не варта.

Hавiны
«Трэба ехаць!» У беларускім санаторыі ў Крыме не лічаць выбух на мосце падставаю адмаўляцца ад тураў
2023.07.18 18:33

belsat.eu

Стужка навінаў