9 узаемных прэтэнзіяў украінцаў і беларусаў – знайдзі сваю

На непублічнае мерапрыемства, прысвечанае пошуку ўзаемаразумення паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх НДА, я прыйшла з торбаю «Мая хата не з краю». Гэта торба захавалася ў мяне яшчэ з часоў «MAKEOUT» – годнае прома мы тады зрабілі! На адной з сесіяў, праўда, прадстаўніца ўкраінскага боку нагадала, што ў іх ёсць працяг арыгінальнай версіі прымаўкі: «Мая хата з краю – першым ворага сустракаю». Вельмі недарэчнай да агульнага кантэксту падалася мне тады гэтая торба. Мая краіна сустрэла расейскага ворага першаю, але не дзеля таго, каб спыніць яго, а каб прывітаць хлебам і соллю, аддаць яму свае тэрыторыі, людзей і амаль усю незалежнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

На мерапрыемстве мы абмяркоўвалі, якія прэтэнзія мае Украіна да Беларусі – і наадварот. Я занатавала іх і радая цяпер падзяліцца, але адразу хачу папярэдзіць: «мапед не мой». У сэнсе, вялікую працу ў вызначэнні гэтых дыскурсіўных трэндаў зрабіла не я, а тая, хто пажадала захаваць ананімнасць.

Прэтэнзіі ўкраінцаў да беларусаў:

Прэтэнзія першая: з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты і ідуць войскі, Беларусь ёсць суагрэсарам у гэтай вайне.

Прэтэнзія другая: Беларусь не дапамагае або мала дапамагае ў вайне з Расеяй.

Прэтэнзія трэцяя: полк Каліноўскага – асобныя ўзброеныя сілы, а не ўся Беларусь.

Прэтэнзія чацвёртая: беларусы не прагналі Лукашэнкі і не аддзяліліся ад Расеі, дык пра што яшчэ з імі можна размаўляць.

Прэтэнзія пятая: беларусы няправільна пратэставалі, здымалі абутак перад лавачкамі, а трэба была жорстка, то быў бы вынік.

Праглынулі? Горка? Дык давайце зазірнем і за адваротны бок.

Прэтэнзіі беларусаў да ўкраінцаў:

Прэтэнзія першая: у 2020 вы нам не дапамаглі, нас не падтрымалі.

Прэтэнзія другая: беларусы і беларускі шмат дапамагаюць, але Украіна не хоча гэтай дапамогі заўважаць.

Прэтэнзія трэцяя: Зяленскі дагэтуль не сустрэўся з Ціханоўскай, а яна – нашая абраная прэзідэнтка. Украіна прымае да ўвагі толькі свае ўласныя інтарэсы, дзе Лукашэнка для іх быў (ці ёсць?) больш пажаданым за Ціханоўскую саюзнікам.

Прэтэнзія чацвёртая: людзі ва Украіне не ведаюць нашых рэаліяў. Іхныя патрабаванні наконт нямірных пратэстаў у 2020-м – невыканальныя. Разам з Расеяй Украіна займае пазіцыю старэйшага брата ці сястры, чыніць украінасплэйнінг і бачыць нас малодшымі, несамастойнымі.

Мая першая рэакцыі як беларускі – адразу хочацца апраўдацца, вытлумачыцца. Маўляў, ну давайце размяжоўваць пазіцыю афіцыйнага Менску і дэмакратычных сілаў, бо яны зусім супрацьлеглыя. Або – «ну чаго вы ад нас хочаце, мы тут усе як пабітыя сабакі, спрабуем неяк выжыць, не чакайце ад нас шмат». Але хіба беларусам цяпер тлумачыць людзям ва Украіне пра выжыванне?

Першы імпульс раствараецца і замест ідэнтычнасці «беларуска» яскравей выяўляецца ідэнтычнасць «даследніца». Яна абараняе і бярэ дыстанцыю. Бо праўда ж, няма «ўсіх беларусаў і беларусак» ды «ўсіх украінцаў і ўкраінак», усё гэта – недарэчныя абагульненні, за якімі хутка губляецца ўсё чалавечае. І ці не паскарае гэтыя працэсы вайна, што расчалавечвае ўсё чалавечае? І ці магчыма цяпер, у ваенныя часы, разважаць без гэтых спрашчэнняў? Бо там хутка трэба разабрацца, хто свой, а хто чужы, а няма ані сілаў, ані жадання гуляцца ў сантыменты і заўважаць дэталі.

Таму прапанова такая: давайце, шаноўныя, не браць усё гэта да галавы, пасля вайны разбяромся. А пакуль давайце дапаможам хто чым можа – хоць справай, хоць словам, хоць нейтралітэтам – Украіне перамагчы ў гэтай вайне. І фіксуйце сваю дапамогу, рабіце яе бачнай, каб пасля ніхто не сказаў, што зноўку гэтыя беларусы ў куце адседзеліся, бо іхная хата з краю ды ім «можа, так і трэба».

Віка Біран belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў