Што зрабіць у красавіку на лецішчы: парады агароднікам і садаводам


Падказваем, што варта пасадзіць на агародзе і ў садзе ў красавіку, як аптымальна распланаваць працу на надзеле і нічога не забыць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Красавік – самы прадуктыўны і адказны месяц на лецішчы. Спіс таго, што рабіць на агародзе ў красавіку, вельмі шырокі. Першым чынам у другі месяц вясны саджаюць гародніну на расаду і ў адкрыты грунт, прыводзяць у парадак сад і перакопваюць участак. У красавіку высаджваецца найбольш культураў: гародніна, кветкі, саджанцы.

Расказваем, што рабіць на агародзе ў красавіку і чаго важна не ўпусціць.

Рыхтуем надзел

Найперш перад веснавымі працамі трэба падрыхтаваць і апрацаваць участак пад будучыя пасевы, прыбраць з тэрыторыі ўсё смецце, лісце, раслінныя рэшткі.

Таксама варта правесці прафілактыку ад хваробаў і шкоднікаў. Калі ёсць цяпліцы і парнікі, то апрацаваць іх бардоскаю вадкасцю, каб перадухіліць грыбковыя захворванні.

Перад тым як пасеяць гародніну і зеляніну ў адкрыты грунт, перакапайце верхні пласт глебы, пасыпце ўгнаеннямі, разрыхліце глебу каля ствалоў дрэваў і кустоў. Гэта павысіць якасць і ўраджайнасць зямлі.

Якую гародніну можна саджаць у красавіку

У красавіку ў адкрыты грунт можна саджаць культуры, якія добра растуць у непрагрэтай глебе і добра перажывуць начныя замаразкі:

  • цыбуля,
  • часнык,
  • зеляніна,
  • рэпа,
  • радыска,
  • морква,
  • салера,
  • гарох,
  • бабовыя,
  • фасоля,
  • гарбузы.

Бабовыя культуры высейваюцца ў адкрыты грунт увесь месяц. Першымі можна пасадзіць бабы, яны лёгка перанясуць непрацяглыя мінусавыя тэмпературы. Усходы з’яўляюцца ўжо пры чатырох градусах цяпла.

Больш цеплалюбівыя фасоля і гарох хутчэй узыдуць пры 17–20 градусах, таму іх пасадку адкладаюць на другую палову красавіка. Лепшыя папярэднікі для іх – бахчавыя культуры, капуста, бульба. Насенне лепш загадзя прарасціць на вільготнай сурвэтцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Пасадка гародніны ў цяпліцы

У цяпліцу можна пасеяць культуры, якія яшчэ баяцца красавіцкіх замаразкаў:

  • памідоры,
  • агуркі,
  • баклажаны,
  • перцы,
  • кабачкі,
  • патысоны.

Пасеяную ў красавіку на расаду гародніну перасаджваюць у адкрыты грунт на працягу траўня, калі ў іх з’явіцца некалькі лісточкаў.

Памідоры сеюць на расаду ў красавіку (час пасеву залежыць ад гатунку), іх насення звычайна не замочваюць. Пасяўны матэрыял сеюць на глыбіню 1 см і накрываюць ёмістасці плёнкаю. Расада памідораў для росту патрабуе тэмпературы не менш за 20 градусаў і не менш за 12 гадзінаў святла за содні, таму яе рэкамендуецца падсвятляць фіталямпаю.

Памідоры любяць цяпло, дрэнна пераносяць ваганні і паніжэнні тэмпературы. Таму высаджваць памідорную расаду ў адкрыты грунт рэкамендуюць бліжэй да канца месяца. Аптымальная тэмпература для высадкі – каля 15 градусаў цяпла. Выбіраюць хмарны дзень, ранішнія ці вечаровыя гадзіны.

Расаду агуркоў можна сеяць на працягу ўсяго красавіка. Насенне рэкамендуецца папярэдне замачыць у салявым растворы (3 г солі на 100 мл вады). Добрыя семкі асядуць на дно, а тыя, што ўсплылі, лепш выкінуць. Загарніце пасяўны матэрыял у вільготную тканіну і пакіньце на 2-3 дні, каб прараслі. Сейце агуркі на глыбіню 4 см і прысыпце расаду глебаю. Не забудзьцеся накрыць гаршкі спанбондам ці іншым агравалакном.

Капусту перад пасевам на расаду рэкамендуецца прарасціць. Для гэтага загарніце семкі некалькімі пластамі марлі і акуніце на 10 хвілінаў спачатку ў цёплую, а потым у халодную ваду. Пакіньце на содні пры пакаёвай тэмпературы. Сеюць капусту ў добра ўвільготнены грунт. Пасля з’яўлення першых усходаў гаршкі лепш перанесці ў прахалоднае памяшканне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перцы ў парніку.
Фота: Pexels

Перац не любіць пікіравання, таму лепш выкарыстоўваць аднаразовыя шкляначкі. Гэтая цеплалюбівая гародніна патрабуе добрага асвятлення (каля 14 гадзінаў за содні) і рэгулярнага паліву.

Пры вырошчванні культуры на дварэ трэба адкласці момант высадкі на самы канец месяца. Сярэдняя тэмпература мае быць не ніжэйшая за 16-17 градусаў. Пры ніжэйшых тэмпературах расада спыніцца ў развіцці, плоданашэнне адкладзецца.

Баклажан шмат хто сее на расаду ў сакавіку, але можна і ў красавіку. Іх можна вырошчваць як з пікіраваннем, гэтак і без. Не пераўвільгатняйце глебы і сачыце, каб было дастаткова святла. Калі расада баклажана будзе вышынёю каля 20 см і на парастках будзе па 7-8 лісткоў, іх перасаджваюць у адкрыты грунт.

Часам саджаюць у красавіку і кабачкі з патысонамі на расаду, але гэтая гародніна не любіць перасаджвання. Таму лепш адразу садзіць у адкрыты грунт, але калі ён прагрэецца і будзе дазваляць надворʼе. Калі ж хочаце прарасціць раней, тады пасейце ў тарфяныя гаршкі, а потым высадзіце расаду кабачкоў разам з імі ў агарод.

У канцы красавіка можна пачынаць высаджваць бульбу і буракі, калі надвор’е выдалася цёплым. Дасведчаныя агароднікі кажуць: саджаць бульбу ў адкрыты грунт трэба, як толькі зямля прагрэецца да 7–10 градусаў, сярэдняя тэмпература павінна быць такой жа.

Даўней, калі не былі даступныя прагнозы надворʼя і тэрмометры, людзі арыентаваліся на дрэвы. Калі бяроза распускае зялёнае лісце, можна пачынаць садзіць бульбу. Больш за тое, абавязкова глядзіце на ўмовы надворʼя, калі нельга саджаць бульбу: у перыяд залеваў і халадоў. Для гэтага пасуюць толькі сонечныя сухія дні.

Пятрушку, кроп і пастарнак можна пасеяць цяпер, калі вы не паспелі зрабіць гэтага ў сакавіку.

Што да зёлкавых культураў, то ў красавіку можна высаджваць толькі сланечнік і кукурузу, і толькі пры ўмове, што глеба прагрэлася да тэмпературы мінімум 10 °С.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Абразанне і прышчэпліванне дрэваў

Садаводы ў сярэдзіне вясны абразаюць сухія і хворыя галінкі, беляць ствалы, прывіваюць саджанцы. Пажадана апрацаваць пашкоджаныя ўчасткі раслінаў пяціадсоткавым медным купарвасам. Маладыя і слабыя дрэвы прывязваюцца да апоры. Не забывайце таксама паклапаціцца пра ягадныя кусцікі.

Пасля абразання апырскайце сад сродкамі ад шкоднікаў і хваробаў, каб дрэвы не хварэлі ўлетку. Таксама ў садзе можна пазбавіцца ад смаўжоў.

Якія дрэвы і кветкі можна саджаць у красавіку

Красавік ідэальна пасуе, каб пасадзіць маладыя дрэвы і кусты. Пасаджаныя ў гэтым месяцы яны добра прыжывуцца, але важна скончыць да таго, як набрыняюць пупышкі. Якія дрэвы саджаць у красавіку, залежыць ад умоваў надворʼя. На працягу ўсяго месяца можна пасадзіць бэз, рабіну, каліну, чаромху. Пладовыя высаджваюцца, калі ўсталюецца цяпло.

Глеба, у якую вы будзеце высаджваць расліны, павінна быць прагрэтая да 10–12 °С.

Не забудзьцеся пасадзіць у красавіку кусты

Высаджаныя ў красавіку кусты добра прымаюцца і да восені маюць час, каб адаптавацца на месцы пасадкі. Найлепш браць аднагадовыя ці двухгадовыя саджанцы. Іх трэба добра паліць і мульчаваць. Для красавіцкай перасадкі добра пасуюць маліны, агрэст, парэчкі і чырвоныя парэчкі. Менавіта красавіцкая прахалода ўтрымае ў саджанцах неабходную вільгаць і зберажэ расліну ад паскоранага росту.

Пасадка кветак

Калі хочаце пасадзіць кветкі, выбірайце культуры, якім не патрэбныя высокія тэмпературы. Гэта могуць быць:

  • астры,
  • стакроткі,
  • васількі,
  • календула,
  • амарант,
  • вяргіні,
  • аксаміткі,
  • петунія,
  • дэльфініум,
  • званочак,
  • дэкаратыўная капуста.

Шмат якія з гэтых раслінаў можна высадзіць у адкрыты грунт, а астатнія пасеяць у расаду ў цяпліцу, каб потым атрымліваць асалоду.

Ружы можна пасадзіць у другой палове месяца, калі ўжо не будзе маразоў. Але ў выпадку падзення тэмпературы ніжэй за + 5 °С маладыя кусты трэба накрыць плёнкаю.

Калі ружы ўжо пасаджаныя на ўчастку, іх трэба адкрыць, абрэзаць, разрыхліць глебу вакол куста. Для абароны ад шкоднікаў і хваробаў – апырскаць трохадсоткавым растворам меднага купарвасу, падкарміць ружы мінеральнымі ўгнаеннямі і арганікаю.

А што паводле Месяца?

На рост і ўраджайнасць раслінаў уплывае не толькі надвор’е, але і фазы Месяца. Каб пасевы далі добры ўраджай, а догляд раслінаў быў эфектыўны, улічвайце месяцовы пасяўны каляндар на красавік 2024 года. Ён дапаможа эфектыўна спланаваць працу і нічога не забыць.

18–20 красавіка: добры ўраджай дадуць пасаджаныя ў гэты дзень расліны, якія плоданосяць над зямлёй, а таксама зеляніна і вострыя прыправы. Аднак дні няўдалыя для пасадкі караняплодаў. Можна палоць пустазелле, стрыгчы газон, бяліць дрэвы. Калі абразаць карані і галінкі раслінаў, то раны хутка загояцца. Падкормкі і ўгнаенні прынясуць падвойную карысць.

21–22 красавіка: удалыя дні, каб пасеяць збожжавыя культуры, як пшаніцу, амарант, кукурузу, сланечнік, авёс, лён. На клумбе – пасадка шматгадовых кветак і вечназялёных раслінаў, на падаконніку – пасадка і перасадка кактусаў, пальмаў, архідэяў. Месяцовы пасяўны каляндар на красавік раіць перасадзіць расаду на ўчастак у гэтыя дні – яна добра прыжывецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расада памідораў.
Фота: Pexels

23–25 красавіка – дні поўні. Месяцовы пасяўны каляндар не рэкамендуе працаваць з раслінамі. Можна касіць траву, палоць пустазелле, абразаць і прышчапляць расліны, падрыхтоўваць участак да пасеву.

26–30 красавіка – выдатныя дні для пасадкі хрызантэмаў, астраў, крокусаў, гладыёлусаў, а таксама пладовых дрэваў. На агародзе дадуць добры ўраджай пасаджаныя ў гэты дзень кабачкі, баклажаны, гарбуз, трускаўкі. Можна перасаджваць у адкрыты грунт расаду. Не варта абразаць раслінаў: пашкоджаныя карані будуць доўга гаіцца.

Ні ў якім разе нельга высаджваць бульбу ў дні маладзіка і поўні, найлепш запланаваць пасадку на Месяц, які расце. Запомніце, калі саджаць бульбу ў красавіку, траўні і чэрвені 2024 года: 28–30 красавіка; 1, 2, 5–10, 27, 29 траўня; 2–9 чэрвеня.

Катэгарычна не рэкамендуецца высаджваць агуркі ў дні поўнага і новага Месяца. У красавіку поўня будзе 24-га, у траўні маладзік – 8-га, поўня – 23-га. Усе дзеянні, звязаныя з раслінамі, лепш рабіць на Месяц, які расце.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў