news
Інтэрв'ю
«Я бачыў тэчку на нас у ФСБ». Лёва Бі-2 – пра тайскую турму і сустрэчу з Ціханоўскай
Пра стасункі з Z-артыстамі, «Апоўдні супраць Пуціна» і песні на беларускай мове.
19.03.202407:00

У Расеі музыкам гурта «Бі-2» пагражае крымінальны пераслед за антываенную пазіцыю. За мяжой удзельнікі гурта сутыкнуліся з адменаю канцэртаў праз ціск расейскіх дыпламатаў. У студзені гэтага года ў Тайландзе гурт некалькі дзён трымалі ў міграцыйнай турме і збіраліся дэпартаваць у Расею, але гэтага ўдалося пазбегчы дзякуючы намаганням ізраільскага МЗС і медыйнаму розгаласу.

Вядоўца «Белсату» Віталь Бабін паразмаўляў з салістам гурта Лёвам Бі-2 (Ягорам Бортнікам) пра адносіны з Z-артыстамі, «Апоўдні супраць Пуціна» і песні на беларускай мове. «Вось Так» падрыхтаваў скарочаную тэкставую версію гэтага інтэрв’ю.

«Смешна, што МЗС Расеі наогул ганялася за намі»

– Вас хацелі дэпартаваць з Тайланду, у Дубаі адмянілі канцэрт, у Турэччыне – фестываль. Што ўвогуле адбываецца, чаму так узяліся за «Бі-2»? Гэта нейкая рука Крамля ўсёабдымная?

– Прычына менавіта ў гэтым. Пасля Тайланду нам Міхаіл Хадаркоўскі даў сваіх адвакатаў, якія займаюцца канкрэтна пытаннямі бяспекі, перасоўвання па свеце. Цяпер трэба вось яшчэ адзін пункт выконваць у жыцці: дзе ляцець, якой кампаніяй, у якія краіны ты прылятаеш. Гэта, вядома, дадае галаўнога болю.

– А вы з ім сябруеце, з Хадаркоўскім?

– Ну, цяпер сябрую, так. Сябруем. Гэта абсалютна не міф, што нам у Тайландзе сапраўды МЗС Расеі… Мы спачатку думалі, што яны хочуць нам напаскудзіць проста. А потым усё выбудавалася ўжо ў нейкую пэўную карціну, якая магла спрацаваць для іх.

Ягор Бортнік, Егор Бортник
Вядоўца Віталь Бабін і саліст гурта «Бі-2» Ягор Бортнік падчас запісу праграмы «Тыдзень» у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

– Расейскія палітыкі наперад радаваліся, што вас пасадзяць у турму.

– Гэта дапамагло нам вельмі добра, шчыра кажучы. Бо яны самі, уся гэтая кампашка, не вызначаюцца такім розумам, які павінен быць уласцівы людзям, адказным за дзяржаву.

Гэта, вядома, вельмі смешна, што МЗС Расеі ўвогуле ганялася за намі. Я ўвогуле ізраільцянін. Уласна кажучы, калі мяне адтуль першага вывезлі і мы з Тэль-Авіву працягвалі працу, то было ўжо крыху лягчэй.

Мы спачатку думалі, што гэта проста паскудства [ад расейскіх уладаў. – Заўв. рэд.], і яно пяройдзе ў тое, што нам скажуць: «А цяпер, хлопцы, валіце!» Мы ж заплацілі штраф, адседзелі нават содні ў пастарунку паліцыі за гэта.

– Тады вы не чакалі, што трапіце ў гэтую тайскую турму?

– У турму мы так і не трапілі. Мы трапілі ў СІЗА. Гэта была самая такая дзіўная частка. Гэта СІЗА іміграцыйнае, прычым, напрыклад, людзі ёсць, якія жывуць там 23 гады. Гэта значыць, яно як турма, але там можна, калі ў цябе ёсць грошы, замовіць сабе «МакДоналдс» і гэтак далей.

Яна ў гэтым плане не такая сапраўдная турма. Калі зайшлі ў пакой, я ўбачыў колькасць народу, першая думка была, што трэба сябе неяк праявіць. Бо адразу падышоў чалавек, які паспрабаваў узяць мяне за штаны. Я яго адсунуў, кажу: «У чым праблема?» І ён так адразу супакоіўся, кажа: «Прабач, мне трэба было цябе абшукаць».

Лёва Бі-2 у тайскай турме. Люты 2024 года.
Фота: levab2 / Instagram

Запальнічкі – гэта самая хадавая валюта, самая каштоўная. Запальнічкі, значыць, забіраюць, нажы, калі яны ў цябе ёсць. Але ты ўжо туды прыбываеш пасля такой колькасці правяранняў. Гэта такі свет, у якім метраў сто дваццаць [квадратных. – Заўв. рэд.]. І сталая колькасць людзей, якія там утрымліваюцца, каля васьмідзесяці чалавек.

– Але калі вы там былі, у вас былі нейкія змрочныя думкі, што вас могуць дэпартаваць у Расею?

– На той момант не, бо ў нейкі момант у нас забралі тэлефоны. Вось у той момант, калі яны папярэдзілі, што забіраюць тэлефоны, мы з [Ігарам. – Заўв. рэд.] Рубінштэйнам звязаліся і прапрацавалі. Я сваю ідэю прапанаваў, а ён ужо далей сваім розумам гэта ўсё сплёў.

Самае галоўнае для нас было, каб гэтую гісторыю не пазіцыянаваць як праблему з гуртом «Бі-2», а проста распавесці пра абуральны факт, што адбываецца. Тое, што сілавыя ведамствы Тайланду застаюцца пад карупцыйным ці нейкім яшчэ абцасам адміністрацыі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Першы раз, калі прыехаў консул ізраільскі, ён на нас спачатку паглядзеў: тыпу яшчэ адныя чарговыя ізраільцяне – яны туды ездзяць шмат – там нешта ўчынілі, зараз выцягну. І потым зрабілася зразумела, што гэта ўсё нашмат цяжэй. Мы адразу практычна ведалі, што гэта ўсё падкопы, бо тайландцы ў гэтым плане вельмі гаваркія.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Калі выйшлі артыкулы, што мы заплацілі штраф і ўсё гэта нібыта скончылася, насамрэч гэта быў толькі пачатак. У мяне была магчымасць звязацца з Ігарам [Рубінштэйнам. – Заўв. рэд.], у гэты момант мы пачалі атрымліваць ужо інфармацыю… што трэба будзе нетрадыцыйным нейкім метадам гэта ўсё развязваць.

Уласна кажучы, мы проста ўчынілі шторм. Упор мы паставілі на англамоўную прэсу і не толькі. Ізраільскія газеты дублююцца і на англійскай, і на іўрыце.

Вялікая падзяка маёй краіне – Ізраілю – за тое, што ў свой такі цяжкі час, калі… Усім вядома, што 7 кастрычніка «Хамас» напаў на Ізраіль, яшчэ колькасць закладнікаў вялізная там застаецца дагэтуль. І вось у гэты цяжкі час паралельна неяк займаліся гэтай праблемай. То бок намі.

Вядома, Марыя Захарава з гэтай нагоды вельмі моцна расчаравала. Апошнія рэшткі нейкай павагі да яе знішчыла проста. Яна на самае балючае месца [націснула. – Заўв. рэд.]: у вас там закладнікі ў сектары Газа, а вы тут глупствам займаецеся, нейкім гуртом «Бі-2», які нікому не патрэбны.

Калі я прыехаў у Тэль-Авіў, мяне асабліва імкнуліся не знаёміць [з працэсам вызвалення астатніх. – Заўв. рэд.], бо мы першым часам нарабілі ўсякіх глупстваў з усімі гэтымі «решалами» [у Тайландзе. – Заўв. рэд.]. Мы там змарнавалі шмат грошай, якія потым былі нам вельмі патрэбныя. Ну нічога, самае галоўнае, што гэта добра скончылася.

Ягор Бортнік, Егор Бортник
Саліст гурта «Бі-2» Ягор Бортнік падчас запісу праграмы «Тыдзень» у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Калі пачалася вайна, мы яшчэ паводле інерцыі выступалі»

– У Расеі толькі што прайшлі выбары. Можа, нехта з каманды «Бі-2» галасаваў? Ці варта ўвогуле ісці на гэтыя выбары?

– Як вам сказаць? Гэта выбары прэзідэнта Пуціна з Пуціна. То бок як можна да гэтага ставіцца сур’ёзна? Але мне спадабалася адна ідэя: у такі час вельмі цяжка разабрацца, які рэсурс у апазіцыі. І ідэя з тым, каб сабрацца апоўдні, не абавязкова нават галасаваць, у прынцыпе. Гэта можа дазволіць зразумець, што ты не адзін. Гэта хаця б нейкі першы крок для таго, каб вызначыцца, хто тут увогуле побач з намі.

Калі пачалася вайна, мы яшчэ паводле інерцыі выступалі. У нас абавязкі былі: людзі купілі квіткі, мы выступалі. І пакуль у нас не здарылася гісторыя з Омскам, мы адыгралі канцэртаў чатыры-пяць.

– Гэта калі вам прапанавалі выступіць у канцэртнай залі, дзе быў плакат «Zа президента»?

– Так. І таму, калі вайна пачалася, мы былі ўпэўненыя, што ўсе, хто прыходзіць да нас на канцэрт, падзяляюць [нашыя погляды. – Заўв. рэд.]. Гэта значыць, яны таму прыйшлі. Тым больш мы праграму ўсю зрабілі тэматычна пабудаваную. У нас заўсёды прысутнічала алегарычнае нешта, вайна. У мяне вельмі шмат песень пра Іерусалім, і там таксама вайна, якую трэба скончыць. І таму гэта ўсё вельмі легла і на сучасны час.

– Калі вы выказаліся супраць вайны публічна, вы ўсведамлялі, што страціце і што набудзеце ў выніку?

– Вядома. Ну, я не будаваў ніякіх ілюзіяў, натуральна. Я вось у плане таго, што пішуць: «Вось, было ўсё добра, пакуль вы не палезлі ў палітыку». Гэта не палітыка. У мяне палітычная пазіцыя: я, па-першае, не магу ніяк уплываць як грамадзянін Ізраілю на палітыку ў Расеі, уласна кажучы. Не магу я быць здраднікам, як нас заклеймавалі. Вось.

– Ці больш вы атрымалі, калі публічна заявілі аб сваёй пазіцыі?

– Я не ведаю. Гэта ж не футбол. Тут сітуацыйна проста трэба было паслухаць сваё сэрца. Проста мы выказаліся. Я выказаўся. Потым мяне адвакаты папрасілі: «Калі ласка, прыбяры». Маўляў, мы там яшчэ неяк павінны паспець з’ехаць. Але гэта ўсё зафіксавалася ў розных медыях.

Уласна кажучы, я бачыў тэчку на нас у ФСБ. Яна вось такая. (Паказвае рукой некалькі сантыметраў таўшчыні.)

– ФСБ? А як гэта было?

– Там былі сустрэчы, так.

Ягор Бортнік, Егор Бортник
Саліст гурта «Бі-2» Ягор Бортнік падчас запісу праграмы «Тыдзень» у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

– Цікава. Але падрабязнасцяў вы не хацелі б зараз агучваць?

– Ну, гэта нудна.

– Тым не менш. То бок на вас была нейкая пэўная справа?

– У нас ёсць справа, вядома. Я «замежны агент», тым больш.

«Не сачу за Чычэрынай»

– Ці былі артысты, з якімі вы праз сваю пазіцыю разарвалі стасункі?

– Хутчэй, з намі разарвалі стасункі, бо там цяпер па-іншаму прынята, там трэба адзначыцца, што я свой. Ды куча людзей, уласна кажучы. Напрыклад, Вадзік Самойлаў, які ператварыўся ў нейкую ўвогуле незразумелую істоту. Юлія Чычэрына.

– Дарэчы, вы бачылі яе відэа, дзе яна прапаноўвала ўкраінцам вылечыцца ў ГУЛАГу?

– Я, шчыра кажучы, не сачу за Чычэрынай. Так, мне гэта ўвогуле нецікава. Вось я «Белсат» гляджу.

Ягор Бортнік, Егор Бортник
Вядоўца Віталь Бабін і саліст гурта «Бі-2» Ягор Бортнік падчас запісу праграмы «Тыдзень» у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

– Тым не менш вы разам запісалі першы супольны хіт – «Мой рок-н-ролл». І была гісторыя, што яна яго выконвала і не спыніла, калі вы запатрабавалі. Яна нават вас паслала некуды там у Ізраіль.

– Я магу, вядома, цалкам аднавіць, куды яна нас паслала і якім чынам. Але думаю, што не будзем бянтэжыць людзей. У яе з галавой праблемы пачаліся яшчэ задаўга да поўнамаштабнай вайны. Вядома, гэта ўжо было пасля Данбасу і Крыму. Я не ведаю, але вось ёй гэта, відаць, спадабалася, уся гэтая рамантыка. Я магу растлумачыць гэта ўсё проста чалавечым глупствам, мне не хочацца ніякіх эпітэтаў крыўдных называць.

Ёсць вельмі шмат людзей, якія, дзякуй Богу, не нашыя сябры. Вось у сваіх сябрах і нават у таварышах у мяне такога няма расчаравання. Вяртаючыся ўвогуле да ўсёй гэтай гісторыі, яна пра адсутнасць ідэалогіі. […] А тут проста ўсё пра грошы і пра ўплыў.

І ёсць нейкія рамантыкі, якім дураць мазгі, яны трапляюць у гэтае замкнёнае кола. Можа, гэта залежыць ад нейкіх комплексаў чалавечых. У Юлі глядзець балюча, як яна з дачкой… Я не вінавачу яе ні ў чым, проста ёсць нейкія фактары, якія спрыяюць таму, каб ператварацца ў такіх пачвараў. Тое ж самае з Вадзікам Самойлавым, з якім у нас былі выдатныя адносіны, але потым ён пачаў чамусьці з экрана стрымаў вучыць мяне жыць. Мне гэта смешна, вядома.

Hавiны
У медыі трапіў чорны спіс музыкаў, выступы якіх у Расеі лічацца непажаданымі
2022.07.08 10:07

«Для мяне канцэрты – гэта пераадоленне самога сябе»

– Ці былі расейскія артысты, якія падтрымалі вас вось у гэты момант?

– Так. Калі мы вярнуліся, Земфіра [падтрымала. – Заўв. рэд.]. Уласна кажучы, тыя, хто, напэўна, цяпер у эміграцыі. Таму што ўсе астатнія… Калі ты жывеш доўга ў краіне ў стане стрэсу, пачынае мяняцца паступова псіхіка. Гэта як калі пасадзілі цябе ў турму, якім бы ты ні быў чалавекам, усё роўна будзе пэўны адбітак.

Таму я ўжо пачаў часам атрымліваць нейкія вельмі смешныя інтэрв’ю ад сваіх сяброў. Я ніколі раней не быў апазіцыянерам. Я кажу, што нас на грэбень хвалі гэтага дысідэнцтва вынесла проста нашая антываенная пазіцыя. Гэта значыць, мы ніколі не спрачаліся публічна, хто лепшы – Навальны ці хтосьці яшчэ. І таму мне цяпер смешна, калі мне людзі, якія ў мінулым былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсякіх гэтых [рухаў. – Заўв. рэд.], пачынаюць пісаць: «Перастань пра гэта казаць, гэта вельмі небяспечна».

А вось калі адбылося гэтае вызваленне, калі пачынаеш казаць ужо без усялякіх межаў і рамак тое, што думаеш – сваю асабістую пазіцыю, сваю лютасць, – пасля гэтага становіцца як пасля канцэрту. Вельмі свабодна на душы. Ты вызваляешся, ты пераадольваеш сябе. Для мяне канцэрты – гэта пераадоленне самога сябе.

Я інтраверт. У мяне такое дзіўнае спалучэнне ў маім жыцці атрымалася, што ў мяне, у інтраверта, прафесія – выходзіць на сцэну і быць у цэнтры такой увагі і яшчэ неяк узаемадзеяць з публікай.

Ягор Бортнік, Егор Бортник
Саліст гурта «Бі-2» Ягор Бортнік падчас запісу праграмы «Тыдзень» у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

– Калі казаць увогуле пра гурт «Бі-2», які ўтварыўся ў Беларусі, доўгі час жыў у Расеі, затым у Аўстраліі і Ізраілі, а цяпер часткова ў Іспаніі. Вы сябе пазіцыянуеце як беларускі, расейскі гурт ці вы проста касмапаліты?

– Касмапаліты, так. Без усялякага цынізму. Я не бачу ў гэтым нічога дзіўнага, бо ўсе гэтыя азначэнні – радзіма, патрыятызм – гэта ж метафары, алегорыя. Урэшце, што гэта такое? Гэта месца твайго жыхарства. У мяне, напрыклад, успаміны аб ім не абуджаюць нейкіх супернастальгічных перажыванняў. А сябры, стасункі, час, праведзены ў тэатральнай студыі, – тое, што запомнілася.

«Жанчыны больш эмпатычныя»

– Дарэчы, перад канцэртам у Вільні вы сустрэліся са Святланай Ціханоўскай. Чыя гэта была ініцыятыва?

– Тут трэба ўзяць паўзу. (Смяецца.) Дзе Ігар Рубінштэйн? Давайце скажам так, што проста здарыўся такі факт, што яна прыйшла на наш канцэрт. Мы былі вельмі задаволеныя. Вядома, яна зайшла да нас у грымёрку. Мне было проста па прыколе яе называць спадарыня прэзідэнт.

Я проста знаёмы яшчэ з Маяй Санду [прэзідэнткай Малдовы. – Заўв. рэд.], мне таксама падабаецца. Я наогул лічу, што, мусіць, ідэальная форма кіравання – гэта матрыярхат.

Зразумела, што патрэбная некаторая падрыхтоўка. Але, увогуле, зараз час надыходзіць такі, калі эмпатыя мае вялікае значэнне. І, вядома, жанчыны ў гэтым плане больш эмпатычныя.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з музыкамі гурта «Бі-2». Вільня, Літва. 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

– Пра што вы паспелі яшчэ паразмаўляць? Гэта была нейкая невялікая размова?

– Мы размаўлялі аб розных рэчах, такіх, ведаеце, эмацыйных. І проста выказвалі адно аднаму нейкую там пашану. Пасля мы нават падзяліліся планамі, калі яна вернецца ўжо ў якасці паўнапраўнай прэзідэнткі. Мы дамовіліся, што зробім вялікі канцэрт. У нас сарваўся канцэрт якраз напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў [у Беларусі ў 2020 годзе. – Заўв. рэд.] і наступных падзеяў.

Таму мы хочам проста ўзяць, напрыклад, адбабахаць [у свабоднай Беларусі. – Заўв. рэд.] вялікі такі канцэрт бясплатны.

– На ваш погляд, ці ёсць надзея ў агляднай будучыні на перамены да лепшага ў Расеі і Беларусі?

– У мяне наконт Беларусі ўсё ж такі больш аптымістычныя прагнозы. Наконт Расеі не ведаю. То бок гэта ўсё скончыцца крывава, дрэнна, грамадзянская вайна. Я цяпер не кажу як палітолаг, гэта мой аналіз з боку і мае веды аб тым, як праходзілі гэты шлях усе краіны-тыраніі. І тут сюжэт практычна адзін і той жа.

– Ці заспявае «Бі-2» па-беларуску?

– Сёння Шурык вось паехаў запісваць песню на беларускай мове з гуртом «Молчат Дома».

А ў мяне ёсць цяпер праграма-максімум: я хачу сёлета скончыць альбом. Выпусціць, можа, не атрымаецца, там ужо іншая размова. Але скончыць яго сёлета. У нас калі заходзіць размова пра нашае нейкае прароцтва, гэта смешная тэма, але я сур’ёзна да гэтага не стаўлюся… Але вось у нас былі два альбомы, якія некаторым здаваліся недарэчнымі. А потым вось пачаліся гэтыя падзеі. Дык вось, новы альбом, я вам скажу, будзе вельмі дынамічным і аптымістычным.

Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
2024.01.02 12:00

Гутарыў Віталь Бабін belsat.eu