Музыкаў «Бі-2» вырашылі этапаваць у ізалятар і дэпартаваць пасля выступу ў Тайландзе


Удзельнікі расейскага рок-гурта з беларускімі каранямі «Бі-2» маюць чакаць дэпартацыі ў Цэнтры часовага ўтрымання, паведаміў ТАСС генеральны консул Расеі ў правінцыі Тайланду Пхукет.

Гурт «Бі-2» на канцэрце
Гурт «Бі-2» на канцэрце ў Кальяры, Канада. 3 лістапада 2023 года.
Фота: Би-2/B-2 / Facebook

Удзельнікі гурта «Би-2» былі затрыманыя ў Тайландзе 24 ці 25 студзеня пасля канцэрту на курортнай выспе Пхукет. Як заявілі ў паліцыі, у затрыманых не было дазволу на працу.

Два ўдзельнікі гурту (імаверна, Аляксандр «Шура» Уман і Ігар «Лёва» Бортнік) маюць пашпарты Ізраілю і Аўстраліі, яшчэ пяць музыкаў – грамадзяне Расеі, паведаміў расейскі генконсул. Адпаведна, пяці пагражае дэпартацыя ў Расею.

26 студзеня музыкаў пакаралі штрафам у прыблізна 85 долараў кожнага. Зараз музыкаў збіраюцца дэпартаваць, але перад гэтым выправяць у Цэнтр часовага ўтрымання Іміграцыйнага бюро Тайланду.

Імаверна, у зняволенні іх чакаюць умовы, параўнальныя з сумнавядомым менскім ізалятарам на Акрэсціна. Тайланд – фармальна дэмакратычная канстытуцыйная манархія, але несвабодная краіна. Пра ўмовы ўтрымання зняволеных вядома няшмат, але праваабаронцы звярталі ўвагу на перапоўненыя ізалятары для мігрантаў і кепскую ахову здароўя ў іх – і агулам кепскія ўмовы ўтрымання зняволеных у Тайландзе.

Лідары гурта «Би-2» паходзяць з Беларусі: Ігар «Лёва» Бортнік нарадзіўся ў Менску, Аляксандр «Шура» Уман – у Бабруйску. Гурт быў утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску, у пачатку 1990-х выступаў у Ізраілі, у сярэдзіне 90-х у Аўстраліі, у канцы 90-х пераехаў у Расею.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне гурт «Би-2» адмовіўся падтрымаць расейскую агрэсію і праводзіць канцэрты пад мілітарысцкай сімволікай. У 2023 годзе Бортнік выступіў з публічнай крытыкай Уладзіміра Пуціна і ягонай палітыкі, а таксама заявіў, што не мае намеру вяртацца ў Расею. Неўзабаве пасля гэтага ў РФ яго прызналі «замежным агентам».

Калі зараз зняволенне і дэпартацыя гурту зацягнецца, тур «Бі-2» акажацца пад пагрозай зрыву. Гурт планаваў 17 лютага даць канцэрт у Дубаі, 15 і 16 сакавіка – у Вільні і Варшаве. Канцэртаў у Расеі па-ранейшаму не планавалі.

Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
2024.01.02 12:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў