news
Разбор
Як чысціць сацсеткі ад «палітычных» пастоў, каментароў і лайкаў
Перадаем інструкцыі.
19.02.202407:16

Магчыма, ужо не толькі сілавікі, а і звычайныя махляры сталі выкарыстоўваць палітычныя пасты ў сацсетках як падставу патрабаваць «выкуп». Як заўважылі «Кіберпартызаны», прынамсі з 13 лютага беларусам сталі прысылаць падазроныя лісты з такімі патрабаваннямі. Пачысціць свае старонкі, каб сілавікі (або махляры ад імя сілавікоў) не маглі да іх прыдрацца, можа быць няпроста, але гэта магчыма.

Пераслед беларускі за «экстрэмізм» у сацсетках ва ўяўленні штучнага інтэлекту
Малюнак згенераваны з дапамогаю нейрасеткі. Пераслед беларускі за «экстрэмізм» у сацсетках ва ўяўленні штучнага інтэлекту «Microsoft Copilot». Выява: Dall-E / Bing.com / Белсат

На думку «Кіберпартызанаў», тыя падазроныя лісты, хутчэй за ўсё, прысылалі сілавікі. Лісты ўтрымліваюць спасылку нібыта на «інструкцыю для аплаты», праз якую могуць вылічыць IP-адрас карыстальніка. Хактывісты заклікаюць скардзіцца на спасылкі з гэтых лістоў у спецыяльную сістэму «Google Firebase» і даюць падрабязную інструкцыю.

«Выкупы» незаконныя і не абараняюць ад пераследу

Сілавікі сапраўды ўжо даўно патрабуюць незаконны «выкуп» ад тых, да каго дацягнуліся фізічна. Спачатку патрабавалі нібыта «ахвяраваць на дабрачыннасць». Паводле звестках праваабаронцаў, цяпер бывае, што патрабуюць плаціць наяўнымі на рукі. Але нават калі «выкуп» быў сплачаны сапраўднаму сілавіку праз банкаўскі рахунак, гэта ніяк не гарантуе вызвалення ад палітычнага пераследу або патрабавання новага «выкупу».

Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, і тым, каму сілавікі могуць нашкодзіць праз родных у Беларусі, варта «замятаць сляды» таго, што сілавікі могуць назваць «экстрэмізмам», – нават калі дзеянні ці выказванні былі цалкам законныя і абароненыя Канстытуцыяй.

Ніводная сацсетка не мае кнопкі «прыбраць палітычныя пасты, каментары і падабайкі» – большасць не дае нават магчымасці выдаліць адразу ўсе свае пасты. Часцей за ўсё варыянты два: цалкам выдаліць старонку або ўручную перабіраць пасты, каментары і лайкі.

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Спачатку ўсталюйце VPN

Найлепшыя інструкцыі пра тое, як выдаліць «экстрэмізм», дадуць, канешне ж, «экстрэмісты». Але калі кліент беларускага правайдару проста пойдзе на «экстрэмісцкія» сайты, правайдар будзе пра гэта ведаць. А сілавікі маюць доступ да звестак беларускіх правайдараў.

Каб правайдар і сілавікі не даведаліся, што вы чытаеце, варта карыстацца VPN. Мы з дапамогаю «Кіберпартызанаў» падрабязна расказвалі, што такое VPN, якімі VPN варта карыстацца і як гэты VPN усталяваць: вось інструкцыя.

Беларускія ўлады плануюць змагацца з VPN. Не факт, што ў іх атрымаецца, але мы маем інструкцыю і на выпадак, калі папулярныя VPN-сэрвісы сапраўды заблакуюць.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Як выдаляць пасты, каментары і лайкі

Калі сілавікі шукаюць сабе ахвяраў у сацсетках, то яны могуць пабачыць пасты, каментары, лайкі і некаторую іншую актыўнасць карыстальнікаў. Але ў Беларусі ў любы момант могуць затрымаць любога чалавека, таму, калі ўжо «замятаць сляды», варта выдаляць і тое, што пабачаць, калі атрымаюць доступ да тэлефона ці камп’ютара, – а гэта ў тым ліку падпіскі і гісторыя пошуку. Праўда, праваабаронцы кажуць, што нават калі сілавікі нічога не знойдуць, то могуць самі «стварыць доказы»: падпісаць чалавека на «незаконныя» каналы.

Ніжэй каротка раскажам пра тое, як выдаляць непажаданыя пасты і каментары, і дамо спасылкі на падрабязныя інструкцыі на сайце Abarona.org, з якім супрацоўнічаюць «Кіберпартызаны». Звярніце ўвагу: з Беларусі на гэты сайт варта заходзіць толькі праз VPN. Тут агульная вялікая інструкцыя ад гэтага сайту пра тое, што і дзе варта выдаляць. Ніжэй будуць і больш дэталёвыя тэматычныя інструкцыі.

І не здзіўляйцеся, калі праз нейкі час пасля таго, як гэты тэкст будзе апублікаваны, інструкцыі страцяць актуальнасць: тыя ж Youtube ці Facebook могуць перанесці кнопкі ў іншае месца або пераназваць іх у любы момант.

Facebook

Трэба зайсці на сваю старонку: на камп’ютары – націснуць на свой партрэт справа зверху, потым на свае імя; на тэлефоне – націснуць на кнопку з трыма гарызантальнымі палоскамі справа зверху, потым на сваё імя. Потым трэба знайсці кнопку са шматкроп’ем – яна будзе каля надпісаў «Дадаць у гісторыю» і «Рэдагаваць профіль». Калі націснуць на гэтую кнопку «…», з’явіцца меню, з якога трэба выбраць «Журнал дзеянняў». Там знайсці ўкладку «Вашы дзеянні на Facebook».

Дзе шукаць «Журнал дзеянняў» на Facebook. Скрыншот: Facebook.com

У ёй трэба будзе зайсці ў «Публікацыі» (Facebook абмяжоўвае колькасць выдаленых публікацыяў за раз), «Каментары і рэакцыі», «Гісторыі», «Групы», «Старонкі». У кожнай укладцы трэба будзе ўручную выбраць, якія публікацыі выкінуць у «Сметніцу» ці прыбраць у «Архіў», або ўручную адпісацца ад «экстрэмістаў». Таксама варта праверыць фотаздымкі (укладка «Фота» на сваёй старонцы; здымкі з раздзелаў «Вашы фота» і «Альбомы» можаце выдаліць самастойна, але, каб выдаліць «Здымкі з Вамі», трэба прасіць аб гэтым аўтараў фота).

Калі вы ў бяспечнай краіне без рызыкі затрымання ці экстрадыцыі, непажаданыя пасты можна не выдаляць, а проста рабіць прыватнымі («Змяніць аўдыторыю» – «Толькі я»).

Калі ёсць рызыка, што сілавікі атрымаюць доступ да тэлефона ці камп’ютара, лепш выдаляць і не пакідаць слядоў – вярнуцца ў «Журнал дзеянняў» і ачысціць «Архіў» або «Сметніцу». Трэба таксама зайсці ў пошук (кнопка з лупай уверсе галоўнай старонкі Facebook), там выбраць «Рэдагаваць» на камп’ютары або «Усе» на тэлефоне – і ачысціць гісторыю пошуку. А яшчэ – прайсціся па ўсіх пунктах «Журналу дзеянняў» і пачысціць раздзелы кшталту «Кантакты» → «Падпісчыкі» → «Людзі, на якіх вы падпісаліся, а затым адпісаліся»).

Падрабязная інструкцыя на сайце Abarona.org.

З выдаленнем гісторыі ахвяраванняў фондам салідарнасці бяда. Калі ахвяравалі «экстрэмістам» і калі маеце рызыку затрымання, трэба звяртацца ў тэхпадтрымку.

Instagram

У сваім профілі трэба знайсці кнопку з трыма гарызантальнымі палоскамі, па ёй – укладку «Вашы дзеянні». Там чысціць непажаданыя публікацыі, каментары і лайкі, як на Facebook. Таксама варта зноў націснуць на тры палоскі і паглядзець у «Захаваным». На сваім профілі варта таксама знайсці кнопку «N падпісак» (дзе N – колькасць падпісак) і адпісацца ад «экстрэмістаў».

Калі ёсць рызыка затрымання, праз тую ж кнопку з трыма палоскамі на тэлефоне можна зайсці ў «Архіў» (на камп’ютары – зайсці ў свой профіль і націснуць на кнопку «Паглядзець архіў» справа зверху) і там выдаліць непажаданыя гісторыі. Таксама трэба зайсці ў пошук і знайсці кнопку «Ачысціць усё».

Падрабязная інструкцыя на сайце Abarona.org.

Youtube

Трэба націснуць на фота свайго профілю (на камп’ютары гэтае фота будзе справа зверху, на тэлефоне – справа знізу) і затым на «Уліковы запіс Google» або «Google Account». Далей знайсці ўкладку «Даныя і прыватнасць», у ёй кнопку «Гісторыя праглядаў і пошуку YouTube», націснуць на яе і выбраць укладку «Узаемадзеянні», там пераглядзець свае падабайкі і каментары (на момант публікацыі ў раздзеле лайкаў можна націснуць на кнопку з трыма кропкамі і на «выдаліць усё», але ў раздзеле з каментарамі можна толькі выдаляць тыя каментары па адным).

Дзе шукаць выдаленне каментароў і падабаек на Youtube. Скрыншот: Youtube.com

Калі ёсць рызыка затрымання, у тым жа раздзеле «Гісторыі прагляду і пошуку Youtube» трэба зайсці ва ўкладку «Гісторыя», затым націснуць «Выдаліць» (за ўвесь час). Затым трэба вярнуцца ў галоўнае меню ці на галоўную старонку, знайсці кнопку «Падпіскі» і адпісацца ад «няправільных» каналаў.

Падрабязная інструкцыя на сайце Abarona.org.

Дарэчы, глядзець Youtube можна без захавання гісторыі праглядаў: проста выйсці з акаўнту і або чысціць гісторыю браўзеру пасля прагляду, або адразу глядзець відэа ў рэжыме «Інкогніта» (напрыклад, у «Google Chrome» на камп’ютары гэты рэжым адкрываецца спалучэннем клавішаў Ctrl+Shift+N). Мінус у тым, што трэба будзе ўручную шукаць любімыя каналы, і ў тым, што Youtube не падкажа падобных відэа і каналаў.

Тэарэтычна, правайдар і сілавікі могуць ужываць хітрыя спосабы, каб даведацца, якія менавіта відэа на Youtube глядзіць карыстальнік, а значыць, і пакараць за прагляд. На момант публікацыі пра такія выпадкі не паведамлялі, ды і калі хацелі сарваць прагляд навагодняга віншавання выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, дык блакавалі не адно відэа, а на кароткі час цэлы Youtube. Значыць, глядзець Youtube без VPN у Беларусі, хутчэй за ўсё, пакуль што бяспечна. Але калі ёсць магчымасць трымаць VPN уключаным пастаянна, лепш гэта рабіць.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі пачнуць блакаваць VPN, і ці трэба хвалявацца ўжо цяпер
2024.02.12 07:00

Telegram

Перадусім: «Кіберпартызаны» прапануюць свой «Партызанскі Тэлеграм» з дадатковымі функцыямі бяспекі, які можна спампаваць тут. Сярод гэтых функцыяў – і прасцейшае выдаленне паведамленняў, і шмат іншага.

Хактывісты расказвалі «Белсату», што бяспечна карыстацца Telegram на самой справе не так і складана:

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Калі няма рызыкі затрымання, а хочацца толькі, каб сілавікі не знайшлі «лішняга» дыстанцыйна, трэба выдаліць паведамленні з «экстрэмісцкіх» чатаў і каментары ў «экстрэмісцкіх» каналах (тэхнічна гэта паведамленні ў асобным чаце, як каментары да допісаў каналу «Белсат» – гэта паведамленні ў чаце «Белсатаўшчына»).

Знайсці паведамленні ў большасці «экстрэмісцкіх» чатаў дапаможа бот @FindMessagesBot ад гарадзенскіх праваабаронцаў, але варта самастойна пераглядзець свае чаты і ўручную павыдаляць там свае паведамленні (гэта прасцей зрабіць праз «Партызанскі тэлеграм»).  Звярніце ўвагу: у стандартнай версіі Telegram выдаліць адразу ўсе паведамленні ў чатах можна толькі для сябе. Каб выдаліць іх для ўсіх удзельнікаў чату давядзецца ўручную, трэба іх выдаляць уручную: на камп’ютары – націснуць на паведамленне правай кнопкай мышы, на тэлефоне – доўга націскаць на паведамленне, потым выбраць адно або некалькі паведамленняў і націснуць на значок «Сметніца» справа зверху, не забыць выбраць пункт «выдаліць таксама для ўсіх».

Калі ж ёсць рызыка затрымання, варта і адпісацца ад «экстрэмістаў» і тых, каго такімі могуць палічыць (хоць пакаранне за падпіску незаконнае, яго практыкуюць). Для гэтага трэба зайсці ў чат, націснуць на кнопку з трыма кропкамі справа зверху, там – «Выйсці з каналу», або «Ачысціць гісторыю», або «Выйсці і выдаліць». Таксама варта пачысціць свае кантакты ад тых, каго могуць палічыць «ворагамі».

Падрабязная інструкцыя на сайце Abarona.org.

У Telegram таксама варта чысціць кэш – часовыя файлы кліента Telegram – на кожнай прыладзе, з якой карысталіся мэсэнджарам. У розных версіях праграмы гэта робіцца па-рознаму, асобная інструкцыя пра кэш тут .

Яшчэ варта выдаляць сляды зваротаў у непажаданыя Telegram-боты. Гэта адносна цяжэй, лепш пачытаць асобную інструкцыю пра ботаў і паглядзець відэа ад «Кіберпартызанаў»:

Але варта памятаць: нават калі выдаліць акаўнт, застаецца імавернасць таго, што сілавікі ўжо сабралі звесткі пра яго і звязалі яго з рэальным чалавекам праз тое, што сам чалавек пісаў пра сябе.

TikTok

Калі рызыкі затрымання няма, можна проста схаваць свае лайкі і падпіскі: з праграмы на тэлефоне (не з браўзера!) зайсці ў «Профіль», націснуць на кнопку з трыма палоскамі, далей «Налады і канфідэнцыйнасць», «Канфідэнцыйнасць» і выставіць параметр «Толькі я» ў пунктах «Відэа, якія спадабаліся» і «Падпіскі». Затым варта ў «Наладах і канфідэнцыйнасці» перайсці ў «Цэнтр актыўнасці» і паглядзець гісторыю каментароў і выдаляць паасобку кожны непажаданы каментар. Калі рызыка затрымання ёсць, у тым жа «Цэнтры актыўнасці» варта выдаляць таксама гісторыю прагляду і гісторыю пошуку, а ў сваім профілі прыбраць падабайкі непажаданым відэа (укладка з сэрцайкам).

X (былы Twitter)

Выдаляць твіты і падабайкі ў звычайнай праграме X можна толькі па адным. Каб выдаліць адразу шмат, давядзецца рызыкнуць і даверыцца староннім праграмам кшталту Tweeteraser.com. Таксама варта адпісацца ад «экстрэмістаў» або зрабіць свой профіль прыватным (кнопка з трыма кропкамі, «Налады і канфідэнцыйнасць», «Канфідэнцыйнасць і бяспека», «Аўдыторыя…», «Абараніць пасты»). Калі ёсць рызыка затрымання, варта таксама пачысціць свае паведамленні і гісторыю пошуку.

VK і OK

Гэтыя сацсеткі – «УКантакце» і «Аднакласнікі» – фактычна падкантрольныя расейскім уладам, а значыць, звесткі з іх могуць быць лёгка дасяжныя для беларускіх сілавікоў. Калі ёсць магчымасць, лепш імі не карыстацца ўвогуле і ў мэтах бяспекі выдаліць свае акаўнты. Калі ж трэба карыстацца, то трэба схаваць «кампрамат» на сябе.

Інструкцыі тут на сайце Abarona.org.

Viber

Сілавікі ў Беларусі могуць атрымаць доступ да перапісак і званкоў у Viber, таму лепш не карыстацца ім прынамсі для размоваў на палітычныя тэмы і наогул выдаліць акаўнт. Калі ж няма магчымасці не карыстацца Viber, варта пачысціць перапіскі, фота, відэа, падпіскі і кэш.

Інструкцыя тут на сайце Abarona.org.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Алесь Наваборскі belsat.eu