У Беларусі амаль 26 тысяч чалавек чакаюць замены суставаў – міністр аховы здароўя


У Беларусі 25 837 асобаў знаходзяцца ў чарзе на пратэзаванне суставаў, распавёў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Яшчэ ён паведаміў, што чарга паменшылася, як патрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

«Па тазасцегнавыя суставы ў нас існуе чарга – 11 779 асобаў. Па каленныя суставы ў нас чарга – 14 058 асобаў. Па тазасцегнавыя суставы з 23 мая 2023 года чарга скарацілася на 17 %. Па каленныя суставы на тую ж дату чарга скарацілася на 10 %», – распавядае Аляксандр Хаджаеў.

Чыноўнік параўноўвае звесткі з 23 траўня 2023 года – гэта дата, якую згадваў Аляксандр Лукашэнка. Ён патрабаваў, каб да канца 2023 года ўсім, хто быў у чарзе на пратэзаванне да 23 траўня, зрабілі аперацыі.

«Калі глядзець на абсалютныя лічбы, то гэта досыць мала, – працягвае Хаджаеў. – Калі ж мы паглядзім на комплекс тых мерапрыемстваў, якія былі выкананыя, то гэта значная праца. І на сённяшні дзень больш за 200 спецыялістаў ужо могуць гэта рабіць. І яшчэ на 2024 год 81 спецыяліст будзе гэта рабіць. Гэтая праблема сістэматычна вырашаецца».

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя таксама кажа, што Беларусь мусіць закупіць 6000 пратэзаў:

«Мы ўзаемадзейнічаем з кампаніяй “Палітэхнік”, якая сумесна з кітайскай кампаніяй “Вегайо” паставіць на рынак Беларусі 4000 пратэзаў, 2000 пратэзаў каленных і інструментарый для іх устаноўкі».

Паводле звестак Хаджаева, з пратэзаваннем павінен быў адбыцца прарыў. Бо ў чэрвені 2023 года чыноўнікі распавялі, што пратэзавання тазасцегнавога сустава чакаюць 14 тысячаў асобаў, а каленнага – каля 15 тысячаў. У параўнанні з пачаткам 2022 года чарга на пратэзаванне тазасцегнавога сустава да чэрвеня 2023 года вырасла на 78 %, а на пратэзаванне каленнага сустава – на 68 %.

Як пісаў «Белсат», такія поспехі могуць быць звязаныя з махінацыямі з улікам пацыентаў. Каб паказаць лічбы, якіх патрабуе Лукашэнка, лякарні просяць пацыентаў пісаць згоду на адтэрміноўку аперацыі.

Справаздача Хаджаева – адгалоскі «справы артапедаў». У сакавіку 2022 года ў Беларусі затрымалі 35 траўматолагаў-артапедаў. Іх абвінавацілі ў атрыманні хабараў, за якія яны нібыта прапаноўвалі пацыентам купляць эндапратэзы замежнай вытворчасці. Адначасова з гэтым узніклі праблемы ў прыватных медцэнтраў, якія займаюцца пратэзаваннем суставаў. Як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, ад гэтай гісторыі выйграла прыватная клініка «Мерсі». У нейкі момант пасля пагромаў у «справе артапедаў» толькі яна ў краіне ставіла замежныя эндапратэзы. Клініку звязваюць з сям’ёй Віктара Лукашэнкі.

Агляд
«Гэта чарговы падман!» Як клінікі парадкуюць чэргі на эндапратэзаванне, каб выканаць загад Лукашэнкі
2023.09.04 19:18

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў