Расследаванне: хто зарабіў на «справе артапедаў»?


У Беларусі людзі чакаюць аперацыю па замене суставаў год і болей. У траўні 2023 года Аляксандр Лукашэнка загадаў разабрацца з чэргамі. Беларускі расследавальніцкі цэнтр пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» праверыў, ці выканалі гэтае даручэнне, а таксама, як пасля «справы артапедаў» змянілася сістэма дзяржзакупак імплантаў і хто на гэтым зарабіў.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

Чым даўжэй чаканне аперацыі, тым больш праблемаў для здароўя

Па стане на 1 студзеня 2024 года аперацыю па эндапратэзаванні тазасцегнавога суставу чакалі 2491 чалавек, каленнага – 3492 чалавекі. У параўнанні з траўнем 2022 года чэргі выраслі ў 1,4 разы.

У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі на аперацыю па замене сцегнавога сустава цяпер выклікаюць тых, хто чакае яе са студзеня 2022 года, каленнага – з лютага 2023. У 6 гарадской клінічнай лякарні Менску аперацыі праводзяць тым, хто чакае з чэрвеня 2021 і красавіка 2019 года адпаведна.

Украінскі артапед-траўматолаг Аляксандр Галузінскі распавёў пра наступствы такога доўгага чакання.

«Чалавек пакуль чакае аперацыі, вельмі доўга не наступае на нагу, ходзіць на мыліцах. Гэта можа прыводзіць, з аднаго боку, да атрафіі цягліц, з другога – да ўзнікнення кантрактуры. Кантрактура – гэта абмежаванне рухомасці ў суставе. Адпаведна, што мы будзем мець на выхадзе, калі гэтая сітуацыя доўжыцца шмат месяцаў ці некалькі гадоў, дапусцім? Аперацыя будзе больш складанай для хірурга, а для пацыента рэабілітацыя пасля такой аперацыі больш складанай», – тлумачыць Галузінскі.

Бясплатна ў Беларусі пратэзуюць імплантамі айчыннай вытворчасці. За імпартны давядзецца заплаціць. А ў выпадку замены сустава без чаргі платнымі будуць і пратэз, і аперацыя.

Як за паўтара года выраслі кошты на эндапратэзаванне?

Кошт эндапратэзавання ў дзяржаўных беларускіх лякарнях у параўнанні з траўнем 2022 года вырас. Тады аперацыю можна было зрабіць за 8,4 тысячы рублёў ($3 тысячы). Цяпер эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава па-за чаргой у сталічных дзяржаўных медустановах каштуе ад 12 да 17 тысяч рублёў. У клініцы «Мерсі», адзінай прыватнай у Беларусі, дзе робяць эндапратэзаванне, паслуга і імплант каштуюць каля 19 тысяч рублёў.

Гісторыі
Чарга крычала: Навошта нас падманулі? Як выконваюць загад Лукашэнкі праапераваць усіх, хто стаіць у чарзе на эндапратэзы
2023.08.25 19:25

Каб ашчадзіць, некаторыя беларусы ездзяць у Расею – там кошты ніжэйшыя. Напрыклад, у Маскве ў прыватнай клініцы «СМ-клініка» аперацыя і імплант вытворчасці амерыканскай фірмы DePuy каштуе ад 12,9 тысяч беларускіх рублёў. У дзяржустановах Расеі цэны яшчэ ніжэйшыя.

У верасні 2022 года з’явілася інфармацыя, што эндапратэзы ў Беларусі сталі закупляць толькі праз «Белмедтэхніку» – дзяржаўнага манапаліста на рынку забеспячэння ўстаноў аховы здароўя медвырабамі. Аказалася, што прадпрыемства набывае імпланты ў пастаўшчыкоў значна танней, чым потым прадае іх пацыентам нават у дзяржаўных медустановах.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што індыйскія пратэзы «Белмедтэхніка» закупляе па 2 –  4,5 тысячы рублёў за камплект. Швейцарскія каштуюць ад 2,5 да крыху больш за 5,5 тысячы рублёў. У той жа час беларусам, якія дачакаліся сваёй чаргі на замену сустава, прапануюць заплаціць за індыйскі або швейцарскі пратэз амаль у два разы больш за кошт закупкі – 6 ці 9 тысяч рублёў адпаведна.

Якасць айчынных пратэзаў горшая за імпартныя

Схему закупак змянілі пасля «справы артапедаў». Набываць імпланты наўпрост лякарням забаранілі па загадзе Мінздароўя. У выніку чэргі на эндапратэзаванне толькі выраслі. У траўні 2023 года Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся да канца 2023 года праапераваць усіх, хто стаяў у чарзе на эндапратэзаванне буйных суставаў на той момант. Судзячы па дадзеных аб пасоўванні чэргаў на пратэзаванне, гэтую задачу не выканалі.

«Справа артапедаў» і змяненне сістэмы закупак ударылі па пацыентах. Але ёсць і тыя, хто зарабіў на гэтай сітуацыі. Раней факты прыводзілі расследавальнікаў да прыватнай клінікі «Мэрсі», але ёсць і іншыя.

Зыходзячы з дадзеных закупак «Белмедтэхнікі», каля траціны рынку эндапратэзаў у Беларусі цяпер належыць ЗАТ «Алтымед» – беларускаму вытворцы эндапратэзаў тазасцегнавых суставаў. Кампанія займае другое месца ў спісе найбуйнейшых пастаўшчыкоў эндапратэзаў «Белмедтэхніцы». Пры гэтым у медыкаў ёсць пытанні да іх якасці, распавяла БРЦ каардынатарка фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

«Якасць іх прыкметна горшая: яны большыя па памеры, чым імпартныя, такім чынам, аперацыя больш крывавая. І многія пацыенты самі прасілі імпартныя. Яны служаць даўжэй, разрэз і траўматызацыя тканін меншыя, тэрмін рэабілітацыі меншы», – распавёў БРЦ беларускі медык, які пажадаў застацца ананімным.

Хто пастаўляе імпланты «Белмедтэхніцы»

У 2023 годзе «Алтымед» заключыў дагавораў з «Белмедтэхнікай» прыкладна на 19,3 млн рублёў (€5,9 млн) – амаль траціну ад усёй сумы закупак эндапратэзаў, праведзеных прадпрыемствам за гэты перыяд. Яшчэ тры гады таму, у 2021 годзе «Белмедтэхніка» зусім не закупляла эндапратэзы ў беларускага вытворцы.

Чысты прыбытак «Алтымеду» у 2022 годзе дасягнуў прыкладна 1,5 млн рублёў, у той час як 2021 год кампанія скончыла са стратамі ў 96 тысяч рублёў.

У спісе пастаўшчыкоў імплантаў «Белмедтэхніцы» ёсць яшчэ адзін беларускі вытворца – навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік». Ён не так даўно пачаў вырабляць эндапратэзы каленных суставаў. У жніўні 2023 года «Белмедтэхніка» закупіла ў «Палітэхніка» 600 камплектаў пратэзаў агульным коштам 1,8 млн рублёў.

Мінздароўя кажа, што эндапратэзы «Палітэхніка» не саступаюць па якасці імпартным. Аднак аўтары тэлеграм-каналу беларускай медычнай ініцыятывы «Белыя халаты» пісалі, што клінічныя выпрабаванні ўзораў гэтых імплантаў праводзіліся на адным трупе і двух жывых людзях у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі і ў 6-й ГКБ у 2022 і 2023 гадах.

«Аддаленыя вынікі, выжывальнасць, змяненні касцяной тканіны, функцыянальнасць і іншыя паказчыкі за гэты час, вядома ж, ніхто вам не прадставіць», – адзначылі аўтары канала.

Аднак першае месца па пастаўках «Белмедтэхніцы» займаюць індыйскія імпланты, якія прадае Neotech Solutions. Прыкладна палову ўсіх эндапратэзаў у 2023 годзе дзяржпрадпрыемства закупіла ў гэтай фірмы і заплаціла амаль 30 мільёнаў рублёў.

Найбольш імплантаў пастаўляе фірма, якая іх не вырабляе

Гульцом, які прадаў эндапратэзы «Белмедтэхніцы» на самую вялікую суму ў 2023 годзе, аказалася фірма, якая не вырабляе імпланты. Паштовы адрас Neotech Solutions вядзе ў горад Манро ў амерыканскім штаце Нью-Джэрсі. Па дадзеных бізнес-рэестру Невады, дзе зарэгістраваная фірма, на сямі ключавых пазіцыях у кампаніі значыцца адзін і той жа чалавек – нейкая Наталі Рамбальскі. Зараз у яе грамадзянства ЗША, але мяркуючы па яе профілі ў LinkedIn, вышэйшую адукацыю яна атрымлівала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Кіраўнік прадстаўнічага офіса Neotech Solutions у Беларусі Наталля Шаманоўская скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных справаў. Такую інфармацыю яна ўказала ў сацсетках. Шаманоўская знаёмая з генералам МУС РБ Леанідам Глухоўскім. У 2008 годзе яны ўдваіх на машыне ездзілі ў Польшчу. Глухоўскі раней займаў пасаду намесніка міністра ўнутраных справаў і кіраваў Следчым камітэтам, а таксама быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Па тым жа адрасе, указаным у кантактах Neotech Solutions, знаходзіцца дом, якім Наталі валодае разам з Віталём Рамбальскі. У чалавека з такім жа імем ёсць кампанія Cybernet Еnterprises з гэтым жа адрасам у Манро. Мяркуючы па апісанні на сайце Cybernet Еnterprises, фірма займаецца інфармацыйнымі і медычнымі тэхналогіямі, а таксама ўдзельнічае ў тэндарах на пастаўку медычных тавараў у Беларусь. У адной з закупак у 2021 годзе Cybernet Еnterprises і Neotech Solutions фігуравалі як пераможцы для двух розных лотаў. Дамову з «Белмедтэхнікай» з боку Cybernet Еnterprises падпісаў Віталь Рамбальскі.

На трэцяй пазіцыі ў спісе пастаўшчыкоў пратэзаў «Белмедтэхніцы» у 2023 годзе размясцілася яшчэ адна замежная кампанія – швейцарская HAB Invest AG. У мінулым годзе фірма прадала беларускаму прадпрыемству імплантаў крыху менш чым на 8,7 млн рублёў (€2,7 млн). У 2022 годзе – на 13,2 млн рублёў (€4,8 млн).

Эндапратэзаванне і швейцарскі бізнесовец

HAB Invest AG заснаваў швейцарац Герман Аляксандр Беелер (Hermann Alexander Beyeler) – ганаровы консул Беларусі ў Швейцарыі і багаты бізнесмен.

Загад аб прызначэнні Бейелера ганаровым консулам уручыў беларус Уладзіслаў Сахашчык, які на той момант (у 2019 годзе) быў трэцім сакратаром Беларускай амбасады ў Швейцарыі. А цяпер ён – гендырэктар кампаніі Беелера HAB Invest AG.

У Беелера ў Беларусі ёсць і бізнес-інтарэсы не толькі ў сферы медыцыны. У жніўні 2019 года тагачасны першы намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын прапанаваў Беелеру – прэзідэнту Ceres Group Holding AG і старшыні рады дырэктараў індустрыяльнага парку BUSS – стварыць швейцарскі субпарк у «Вялікім камені». Бізнесмен адказаў, што для яго было б гонарам паўдзельнічаць у гэтым праекце. Аб такім супрацоўніцтве ў сферы ўзаемнага прыцягнення інвестыцый гаварылі і ў 2020 годзе.

У ліпені 2022 года Беелер расказваў, што да ўвядзення санкцыяў на пастаўкі беларускага лесу ў Еўропу адна з яго кампаніяў паспяхова закупляла на біржы айчынныя піламатэрыялы. А 18 траўня 2023 года Беелер сустракаўся з міністрам аховы здароўя Беларусі Дзмітрыем Піневічам. Прыкладна ў перыяд, калі Лукашэнка выказваў незадаволенасць чэргамі на эндапратэзаванне, Піневіч і Беелер абмяркоўвалі магчымасці вытворчасці медтэхнікі ў Беларусі швейцарскімі кампаніямі, а таксама прамыя закупкі эндапратэзаў заходніх вытворцаў.

Аналітыка
Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею
2022.07.21 13:35

А што з індывідуальнымі пратэзамі?

Некаторым пацыентам у Беларусі патрэбны індывідуальныя пратэзы, якія ўлічваюць анатамічныя асаблівасці. Такія пратэзы часта замаўляе РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Тамака яны патрэбныя дзецям пры істотным разбурэнні косткі пухлінай.

Такія эндапратэзы закупляюць у ТАА «Тэхнамедыцына». У 2022 годзе кампанія паставіла шэсць індывідуальных пратэзаў на 540 тысяч рублёў. Усе прызначаліся для згаданага вышэй РНПЦ. У 2022 годзе выручка «Тэхнамедыцыны» склала 8,8 мільёнаў рублёў (€3,2 млн).

За гэтай фірмай да яе ліквідацыі ўвосень мінулага гады стаяў бізнесовец Віталь Белы, у мінулым лекар. У 2003 годзе ён працаваў у «Псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў № 1». Цяпер Белы валодае некалькімі фірмамі, звязанымі з медычнымі таварамі.

Нягледзячы на былое супрацоўніцтва, адносіны ў «Тэхнамедыцыны» і «Белмедтэхнікі», здаецца, нацягнутыя. Першая выступала адказчыкам у 19 працэсах у эканамічным судзе па ісках, якія падала другая. Судзіліся яны з-за невыканання або неналежнага выканання абавязацельстваў па дагаворах куплі-продажу або паставак тавараў.

Закупкі без конкурсу

«Тэхнамедыцына» двойчы пераўвасобілася ў іншую кампанію. 10 кастрычніка 2023 года ў ёй змяніўся заснавальнік. На месца Віталя Белага прыйшоў былы супрацоўнік Дзяржкантролю і ўладальнік кансалтынгавай фірмы «Бізнес Апора» Сяргей Базуеў. Ужо праз дзень «Тэхнамедыцына» далучылася да ТАА «РосМедИнструмент». А праз яшчэ месяц з лішнім улілася ў навастворанае ТАА «Аватарыял». У Віталя Белага ёсць дзве судзімасці.

Усе закупкі, у якіх пастаўшчыкамі сталі вышэйзгаданыя прадаўцы, праводзіліся без конкурсу. Каб закупіць эндапратэзы па такім прынцыпе, «Белмедтэхніка» альбо абʼяўляла аўкцыён і прызнавала яго несапраўдным, альбо спасылалася на абставіны непераадольнай сілы.

У сакавіку 2022 года па «справе артапедаў» у Беларусі затрымалі 35 траўматолагаў-артапедаў. Затрыманых абвінавацілі ў атрыманні хабару за лабіяванне набыцця эндапратэзаў у замежных вытворцаў і ў незаконным грашовым узнагароджанні. Каб да суда выйсці на волю, медыкі мусілі прызнаць віну, кампенсаваць нанесеную шкоду ў некалькі разоў большай сумай, пагадзіцца працаваць там, дзе загадае міністр аховы здароўя. У красавіку 2022 года большасць медыкаў была вызваленая. Некаторыя мусілі прадавалі маёмасць, каб разлічыцца.

Паводле Беларускага расследавальніцкага цэнтру, «справа артапедаў» магла быць распачатая з ініцыятывы прыватнай клінікі «Мерсі», якую звязваюць з сям’ёй Віктара Лукашэнкі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў