Маці-забойца ордэна не заслужыла

На тым тыдні ў Воршы здарылася трагедыя. Забітыя чацвёра дзяцей. Падазраваную – іхную маці – затрымалі. Дзецям было ад аднаго да васьмі гадоў. Маці – 36. Яшчэ двое дзяцей выжылі, бо былі ў бабулі. Забіўшы дзяцей, маці спрабавала ўчыніць самазабойства, пасля чаго трапіла ў шпіталь, дзе ўчора памерла.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Можна было б сказаць проста, як суседзі: «Відаць, паехаў дах, калі яна такое зрабіла». Аднак задаюся істотным пытаннем: а ці можна было запабегчы трагедыі? У нас жа, як рапартуюць паўсюль, сацыяльна арыентаваная дзяржава, сочаць нават за няправільным колерам шкарпэтак – чаму ж тут не дапільнавалі?

Вы скажаце: «Вось, ізноў у вас ува ўсім дзяржава вінаватая». Адкажу на гэта некалькімі фактамі.

Не было сакрэтам для самых разнастайных сацыяльных службаў, што гэтая сям’я мае праблемы. Рабіліся нават правяранні. Увага – ажно шэсць разоў. Апошні раз – у студзені. І сям’я атрымала статус сацыяльна небяспечнай. У шматдзетнай сям’і сістэматычна не хапала ежы – не раз і не два, сістэматычна. Дзяцей афіцыйна прызналі «малалетнімі асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане». Адзенне, нейкія побытавыя прадметы збіралі суседзі, бо іх таксама не хапала. Апошні муж кабеты быў скіраваны на лячэнне ў ЛПП, самая яна з’яўлялася з сінякамі, а з кватэры рэгулярна чуліся гукі спрэчак і сварак. Наведвалі сям’ю і міліцыя, і розныя службы. І што – гэтага недастаткова? Ніхто нічога не ведаў? Не чуў? Ці проста не хацеў ведаць? Прыйшлі, праверылі – і заплюшчылі вочы? Ці мы, жывучы ў дзяржаве гвалту, ужо проста прызвычаіліся да чужога болю?

І выпадак жа ў Беларусі не першы. У гэтай студыі я ўжо казаў пра Аляксандра і Анастасію Таратутаў са Слуцку, якія крыху больш за год таму забілі свайго трохгадовага сына з асабліваю жорсткасцю. Адбылося гэта на вачох іншых малалетніх дзяцей. Хлопчыка збівалі, удараў было каля дзесяці, большасць па галаве. А калі дзіцё было мёртвае, мужчына яго памыў і выклікаў хуткую, паведаміўшы, што хлопчык упаў. Але ж збіццё дзіцяці адбывалася рэгулярна. У васьмімесячным узросце хлопчык трапляў у рэанімацыю, сям’ю таксама называлі сацыяльна небяспечнай. У два гады дзіця важыла шэсць кілаграмаў. І што – сацыяльныя службы не бачылі? Суседзі не ведалі? І вось, чарговая трагедыя ў Воршы. Забітыя чацвёра дзяцей. Пра маці кінулі, што вар’ятка, а цяпер памерла – і ўсе супакоіліся, няма праблемы? Цяпер усё можна зваліць на гэтую жанчыну, а дакументацыю нават падправіць.

А хто задаваўся пытаннем, што адбываецца з жанчынаю, якая сама выхоўвае шасцярых дзяцей? Гэта ж менавіта за нараджэнне пяцярых і больш дзяцей ды іхнае «годнае выхаванне» Аляксандр Лукашэнка загадаў уручаць Ордэн Маці. Толькі ніхто не сказаў, як гэта – «годна выхаваць», калі ты амаль нікому не патрэбны, а тваіх дзяцей няма чым накарміць.

Маці-забойца ордэна не заслужыла. А адказныя працаўнікі сацыяльных службаў, якія правяралі дзеля птушачкі, мусілі б атрымаць турэмныя тэрміны. Бо гэта і на іхных руках кроў гэтых дзяцей.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў