Беларусы ў Варшаве пікетавалі расейскую амбасаду (фота)


Некалькі дзясяткаў асобаў са сцягамі і плакатамі пікетавалі ў Варшаве амбасаду Расеі. Акцыя, прысвечаная Дню Волі, адбылася пад знакам салідарнасці з Украінаю.


«Тое, што робіцца ва Украіне, агрэсія, не можа пакінуць абыякавым і беларусаў. Мы сабраліся не толькі, каб адзначыць гадавіну ўтварэння БНР, але і каб выказаць нашую салідарнасць усім украінцам», – зазначыў Зміцер Бародка, дзеяч беларускай дыяспары ў Польшчы.
Перад пікетоўцамі прамовіў таксама сябра Рады БНР Аляксей Дзікавіцкі, ён заклікаў кожнага супрацьстаяць плыні дэзінфармацыі і хлусні адносна падзеяў ва Украіне: «Трэба тлумачыць людзям, інфармаваць пра тое, што насамрэч адбываецца. Рабіце гэта праз сацыяльныя сеткі, форумы, суполкі, у звычайнай размове. Бо паток хлусні, які льецца і ў Беларусі праз расейскія ды дзяржаўныя медыі, вельмі моцны».
Пікетоўцы стаялі з плакатамі «Не расейскім вайсковым базам у Беларусі» ды «Расейская войска – дадому!». Пасля акцыі беларусаў у Варшаве ля амбасады пачалі збірацца ўкраінцы – удзельнікі акцыі пратэсту супраць агрэсіі Расеі. Частка беларусаў далучыліся да іх.
Паводле арганізатараў акцыі, кампаніі «Разам для Беларусі», расейская анексія Крыму – гэта знак пагрозы для ўсіх краінаў-суседзяў Расеі. «Кожны беларус, літовец, туркмен, казах, малдаванін, жыхар любой краіны, якая мяжуе з Расеяй, або калі-небудзь уваходзіла ў склад СССР або Расейскай імперыі, мусіць сёння зразумець адну простую рэч: барацьба за Украіну сёння – гэта барацьба за незалежнасць сваіх краінаў і народаў», – паведамляюць на сайце кампаніі.
У Беларусі Дзень Волі вулічнаю акцыяй адзначаць 25 сакавіка. Збор удзельнікаў шэсця пачнецца а 18:00 каля кінатэатру «Кастрычнік». Акцыя пачнецца выкананнем гімну БНФ «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», тэкст якога аргкамітэт прапаноўвае ўсім удзельнікам вывучыць загадзя. Шэсце пройдзе праспектам Незалежнасці ды вуліцаю Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе з 19:30 да 20:00 мае прайсці мітынг. Арганізатары заклікаюць грамадзянаў прыходзіць на акцыю з нацыянальнаю беларускаю і ўкраінскаю сімволікаю.
МЛ, belsat.eu
Фота belsat.eu
Стужка навінаў