У Польшчы судзяць 12 асобаў за перапраўку нелегалаў з Беларусі. Ёсць новы сведка


Акруговы суд у Беластоку адклаў працэс у справе злачыннай групоўкі, якая перапраўляла нелегалаў праз беларуска-польскую мяжу. У працэсе з’явіўся новы сведка – нарадзінец В’етнаму, які трапіў у рукі нямецкай паліцыі ды якога перад гэтым шукалі ўва ўсёй Еўропе.

Чарговае слуханне працэсу, які ўжо набліжаецца да канца, адклалі на другую палову сакавіка.

Да таго часу затрыманага ў Нямеччыне в’етнамца маюць перавезці ў Польшчу. На просьбу пракуратуры ён мае выступіць на судзе як адзін з галоўных сведкаў. Следства не адразу ўключыла в’етнамца ў справу, бо раней нельга было вызначыць яго месцазнаходжанне.

Цяпер пракуратура зможа фармальна абвінаваціць яго і скіраваць справу ў суд.

Групоўка перавозіла нелегалаў з чэрвеня 2009 года да жніўня 2010 года.

Як сцвярджаюць прадстаўнікі Акруговай пракуратуры ў Беластоку, групоўка найменш 8 разоў зарганізавала нелегальнае мінанне мяжы. На тэрыторыю Еўразвязу ў выніку трапілі як мінімум 49 в’етнамцаў (столькі асобаў удалося затрымаць).

Кладка ў лепшае жыццё

Выхадцаў з Усходу пераводзілі праз мяжу па адмысловай кладцы, усталяванай у паветры на дзвюх падпорах, адна з якіх была на тэрыторыі Беларусі, а другая – у Польшчы.

За незаконнае мінанне мяжы грамадзяне В’етнаму плацілі па некалькі тысяч долараў. Найбольшую групу выхадцаў з Азіі польскія памежнікі затрымалі ў жніўні 2010 года ў Дамброве-Беластоцкай (Dąbrowa Białostocka). Памежныя службы затрымалі кіроўцу, што перавозіў нелегалаў у мікрааўтобусе, ды яшчэ траіх асобаў, замешаных у транспартаванні нелегалаў, якія ехалі на легкавым аўце.

Дзейнасць з падзелам абавязкаў і паўнамоцтваў

Злачыннаю групаю, якая займалася перапраўкаю нелегалаў, кіраваў 52-гадовы жыхар Беластоку. Рэшта абвінавачаных не прызнае сваёй віны. Аднак, паводле версіі абвінавачання, у групе існаваў падзел задачаў. У аб’яднанні дзеялі, да прыкладу, сувязныя паміж беларускім і польскім бакамі, кіроўцы, якія не толькі перавозілі замежнікаў, але і суправаджалі мікрааўтобус з апошнімі, правяраючы, ці няма на дарозе паліцыі або памежных патрулёў.

КР, МЯ, belsat.eu, паводле pap.pl

Стужка навінаў