news
Інтэрв'ю
Вялікая размова з Вольскім: беларуская траўма, «Эмігранты» і «Лісты палітвязням»
19 кастрычніка гурт «Volski» пачынае тур па Польшчы, пазней заедзе ў Берлін, Прагу, Вільню.
19.10.202311:15

Гурт «Volski» 19 кастрычніка пачынае тур па Польшчы з канцэрту ў Варшаве. Каму якая справа да беларускай траўмы і ці сустрэнем наступныя Каляды ў Менску? «Белсат» падрабязней распытаў Лявона Вольскага перад канцэртам: пра што альбом «Эмігранты» і пра што будзе наступны?

Адыграўшы канцэрты на Кіпры і ў Грузіі, гурт «Volski» прыехаў у Польшчу – тут прэзентуе альбом «Эмігранты». Увечары 19 кастрычніка – канцэрт у Варшаве. Далей расклад такі: 23 кастрычніка – Гданьск, 24 кастрычніка – Познань, 25 кастрычніка – Вроцлаў, 27 кастрычніка – Кракаў, 31 кастрычніка – Беласток, 26 лістапада – Вільня. Квіткі можна набыць тут. Таксама запланаваныя выступы ў фармаце акустычнага дуэту з некаторымі песнямі з «Эмігрантаў»: 17 лістапада – Шчэцін, 18 лістапада – Берлін, 21 лістапада – Прага.

«Эмігранты» выйшлі яшчэ 14 верасня. У супольным праекце разам з Лявонам Вольскім узялі ўдзел Павел Мамонаў, Алесь-Францішак Мышкевіч, Павел Аракелян, Павел Трыпуць, Кетэван Асраташвілі (частку песень у альбоме спявае яна, а не Вольскі), Познанскі спеўны сход і Варшаўскі вольны аркестр. Паслухаць альбом можна тут.

Ну, як сам?

Пасля першай песні «За мяжою» ў альбоме такі дыялог:

– Ну, як ты?

– Ну, нармальна.

– Знайшоў працу?

– А не, я не шукаў.

– А ці зняў хоць кватэру?

– Ай, не, не здымаў.

– Ну, мову вучыш хаця б?

– Слухай, якую мову? Хутка ўсё скончыцца, мы пераможам і паедзем дадому. Ты што, не разумееш? Я тут часова, перасядзець.

Пытаем Вольскага, што ён напраўду адказвае, калі яго пытаюць «як ты». Ён згадвае, што на жывых трансляцыях, калі папросіш задаваць пытанні, дык часта такое і пішуць – «як маецеся». Часам не адказвае нічога, а часам кажа, не так і кепска, як магло быць.

«Сапраўды, альбомы пішуцца, праекты ідуць наперад нават хутчэй, чым гэта было ў Беларусі, раблю выставы, пішу карціны, спрабую скончыць празаічны твор… Усё раблю, што і там. Тут яшчэ і больш свабоды перасоўвання. Так што я скардзіцца не магу».

Пазней у альбоме будзе песня «Як там справы», дзе ўжо эмігрантка пытае чалавека ў Беларусі, як ягоныя справы.

Ці здымае кватэру надоўга?

У «Не сумнявайся», другой песні ў альбоме, Вольскі спявае:

Не здымай кватэру на год ты.

Гэта ўсё, павер, ненадоўга.

Можа быць, яшчэ нейкі месяц,

І Радзіма зноў нам засвеціць.

Сам Вольскі – такі, як герой гэтай песні? Ён адказвае: першы час, калі з жонкай Янаю Вольскаю з’ехалі з Беларусі, не мелі ніякіх далёкіх планаў, здымалі кватэру на месяц-два.

«Па вялікім рахунку, у глыбіні душы мы разумелі, што рэжым, можа быць, не лясне праз месяц ці праз два. Але ўсё ж такі хацелася ў гэта верыць. Здавалася, што калі будзеш на доўгі час здымаць кватэру, то ты толькі такім чынам падоўжыш жывучасць рэжыму. Калі ўсім верыць, што ён лясне, дык ён і лясне. Адбылося крыху не так, але верыць працягваем, што гэта не так надоўга, як шмат хто думае – і тым болей, сам рэжым».

Вольскаму ў Беларусі забаранілі ягоны авангардны сімфа-джаз?

На гэта наракае герой песні «Гары яно ўсё гарам». Удома былі зоркамі, але жыць жа неяк трэба, дык у надзеі нешта зарабіць граюць усё, што папросяць: мэтал, гранж, ска, серф, а калі вельмі папросяць, дык і шансон паспрабуюць. Альбом «Эмігранты» некаторыя называлі якраз шансонам – як «Куплеты і прыпевы» 2008 года.

Што сам Вольскі – бядуе, як герой песні? Ён смяецца: не, у яго такіх праблемаў няма. Але, кажа, з Беларусі з’ехала мноства музыкаў розных стыляў, нават музыкі з кавэр-бэндаў (якія граюць не свае песні), бо ў Беларусі з’явіліся ўжо нават чорныя спісы кавэр-бэндаў.

Адна рєч, кажа Вольскі, гэта калі ён ці Уладзімір Пугач з «J:морс» грае карпаратыўны канцэрт, а кавэр-бэнды граюць для зусім іншай публікі. Хтосьці жыве ў Варшаве ці Вільні, бо засвяціўся на пратэстах, і ездзіць на які-небудзь Кіпр ды іншыя фешэнебельныя месцы – і там грае для нябедных эмігрантаў, якія, тым не менш, таксама былі змушаныя з’ехаць з радзімы. І сам Вольскі атрымліваў прапановы злётаць у Злучаныя Штаты на дзень: зайграць – і назад.

«Авангардны сімфаджаз – гэта іронія, а тое, што мы можам вам зайграць цяпер усё, калі ласка, дык ёсць сапраўды такія музыкі, якія могуць гэта зрабіць, якія гэтым займаюцца. І досыць паспяхова! Я б сказаў, лепей, чым на радзіме, бо там яны былі прывязаныя да нейкага аднаго месца, да нейкай кавярні, дзе яны штовечар гралі, а тут па ўсім свеце граюць».

Каму якая справа да беларускай траўмы?

У песнях «Беларуская траўма» Вольскі пытае: каму за межамі Беларусі растлумачыш, чаму баішся мікрааўтобусаў і людзей у форме, нават памежнікаў і пажарнікаў?

Пытаем, ці ёсць самому Вольскаму з кім падзяліцца беларускаю траўмаю. Кажа, яму ёсць, мае жонку і сяброў. Ды сапраўды доўгі час па рэлакацыі ўспрымаў людзей у форме як нейкую пагрозу, «бусафобія» ёсць. З паліцыяй, на шчасце, не меў нават лёгкіх інцыдэнтаў, але, кажа, у людзей за мяжою вельмі абстрактнае ўяўленне пра Беларусь.

«Разумеюць толькі людзі неабыякавыя, якія цікавяцца сітуацыяй. Такіх таксама досыць шмат у Еўропе і не толькі. Але раней не разумелі нават, што такое „чорны спіс“, не разумелі нават літоўцы, што казаць ужо пра шведаў.

Пыталіся: „Як могуць вас забараніць? Калі вы граеце на прыватнай тэрыторыі, у клубе, ён жа камусьці належыць, гэты клуб?“ Ну так, належыць фармальна. „А як тады, якія могуць быць захады, праз якія можна дзейнічаць на гаспадара клубу, гэта ж нерэальна?“ Гаворыш, ім тэлефануюць, пагражаюць. „Гэта ж можна звярнуцца тады ў праваахоўныя органы?“ Кажу, дык праваахоўныя органы самі гэтым займаюцца. „Ну-у-у, штосьці вы, напэўна, нешта не тое гаворыце“.

Дык як растлумачыць, што ў цэнтры Еўропы адбыўся такі бандыцкі захоп улады пры дапамозе бандыцкіх сілавых структураў? Людзям цяжка зразумець гэта. Хіба палякі, якія пастаянна манітораць сітуацыю, бо гэта суседзі, і тое не ўсе далёка».

Што ў Польшчы, што ў Літве, што нават ва Украіне, наракае Вольскі, «просты народ» можа сказаць, што Аляксандр Лукашэнка ж нармальны, сельская гаспадарка ж у парадку. Маўляў, у Літве любы таксовец скажа, што ён малайчына. Людзі ведаюць, што былі нейкія хваляванні, а маштабаў рэпрэсіяў не разумеюць. І не разумеюць, як народ будзе выбірацца з гэтай нацыянальнай траўмы.

«У нас гадавалася ўсе гэтыя гады, амаль трыццаць, і далей гадуецца нянавісць паміж усімі пластамі насельніцтва. І цяпер не вядома, што будзе, калі скончыцца гэты рэжым, як будуць помсціць людзі, якіх ні за што проста гэтыя губазікі ці амапаўцы збівалі, прызнацца прымушаў у нечым абсурдовым, што яны хочуць пракаваць тунэль праз зямную кулю ў Японію, прызнавацца ў нейкіх такіх злачынствах, што яны не здзяйснялі. Ясна, што ты не здолееш не прызнацца!»

На думку Вольскага, улады Беларусі не мысляць далёка на будучыню, а думаюць толькі, як цяпер утрымацца. А што будзе пасля іх? Вольскі пытае сам сябе і цяжка ўздыхае.

Што Вольскі думае пра жорсткую крытыку альбому «Эмігранты»?

Нямала беларусаў у сацыяльных сетках расказалі, што альбом ім не спадабаўся. Найбольш падрабязна – і даволі жорстка – альбом раскрытыкаваў музычны журналіст і аўтар YouTube-каналу «Міністэрства сепультуры» Аляксандр Чарнуха: назваў альбом правальным і адным з найгоршых у дыскаграфіі Вольскага. Журналіст заклікаў «прагматычна фільтраваць матэрыял», прапанаваў прыдумляць цікавейшыя аранжацыі і сабраць адпаведны склад музыкаў.

Пытаем, ці Вольскі не крыўдуе на крытыкаў ці на самога сябе. Ён пытае: а чаго крыўдаваць? Маўляў, не будзе слухаць другі раз, дык і не трэба.

«Калі ён не знайшоў там вайбу, сугучнага яму, калі яму ці камусьці іншаму не спадабаліся іранічна-саркастычныя песні, якія таксама адлюстроўваюць некаторыя рысы эмігранцкага жыцця, на мой погляд… ну і добра! Значыць, яму падабаюцца нейкія іншыя гурты і іншыя стылі».

Вольскі заяўляе, што беларускай музычнай крытыкі цяпер практычна няма, няма адпаведных медыяў кшталту «Музычнай газеты» (тая спыніла існаванне яшчэ ў 2008 годзе) ці амерыканскага часопісу «Rolling Stone», дзе быў бы зроблены «нармальны крытычны агляд ад песні да песні».

«Меркаванні народу, як заўсёды, падзяліліся. Тым болей у інтэрнэце народ вельмі любіць выказаць сваё „фэ“. Але іншыя вельмі падтрымліваюць. Я сказаў бы, што з тых, хто піша водгукі, то меншасць піша, што „ай, не даслухаў да канца“. Якраз большасць піша словы падтрымкі, што спадабалася».

Не хапала нарвежскага прадзюсара?

Чарнуха выказаў здагадку: яму падабаюцца альбомы Вольскага, над якімі той працаваў з нарвежскім музыкам і прадзюсарам Снорэ Бэргерудам (ад «Грамадазнаўства» 2014 года да «Трыбуналу» 2021-га), а не спадабаліся альбомы без Бэргеруда («Белая яблыня грому», «Куплеты і прыпевы» і «Эмігранты»).

Гурт «Volski»
Гурт «Volski».
Фота: Nastya Kassiopea

Мо сапраўды забракавала Бэргеруда? Вольскі адказвае: «Эмігранты» – гэта «крок убок», які наўрад ці быў бы «сугучны» Бэргеруду. А са Снорэ, абяцае ён, яшчэ будуць альбомы:

«Хацелася проста зрабіць асобны музычны праект па-за такімі нумарнымі альбомамі, якія ідуць адзін за адным. Хацелася зрабіць такое, проста было натхненне. Хацелася зрабіць вельмі хутка гэтую 21 песню ў розных стылях, розных жанрах. Я задумаў максімальна проста, максімальна скупа ў аранжаваннях – мне падавалася, так будзе правільна на гэты момант. Таму я не думаю, што трэба было задзеяць прадзюсара».

Як быў прыдуманы альбом «Эмігранты»?

Можа, проста хацелася выказацца пра любоў да Берліну, пра захапленне польскімі касцёламі ці пра сум, што на вакзал у Вільню ўжо не ходзяць цягнікі з Беларусі? Ці адчуваў, што ад яго чакаюць альбом пра эміграцыю, раз цяпер такая праблема?

Вольскі адказвае, ні пра што такое не думаў, нічога не меў на ўвазе. Проста аднойчы ездзілі з жонкай у польскія Крынкі ў фонд «Villa Sokrates» – і прыйшла ідэя напісаць «шырока афарбаваны» альбом пра эміграцыю, а атрымаўся «практычна новы музычны праект».

«Хацелася зрабіць пра эмігранцкае жыццё, якое для нас вельмі новае, раней абсалютна не перажываныя эмоцыі і пачуцці. Хацелася як мага больш гэтых пачуццяў, розных фарбаў гэтай палітры выказаць і паказаць. Я не думаў ні пра Берлін, ні пра віленскі вакзал. Проста ты сядзіш, табе прыходзіць нешта, ты занатоўваеш, робіш дэма і запісваеш».

Як Вольскаму «Emigrant Song» Башлыкевіча?

У 2023 годзе беларускія музыкі ўжо выдавалі альбомы пра эміграцыю: спачатку рэпер Zeman, потым Leibonik (Сяргей Башлыкевіч).

На пытанне, ці слухаў іншыя эмігранцкія альбомы, Вольскі адказвае: Башлыкевіча чуў, спадабалася, «вельмі добрая праца, проста выбітная для цяперашняга часу». Ці думаў пра дуэт з ім? Вольскі тлумачыць, што спачатку трэба ад’ездзіць тур, бо толькі вярнуліся з іншага, цяпер штодня рэпетуюць, а потым будзе час для нейкіх задумаў пра новыя дуэты, «калі гэта будзе актуальна».

Чаму Вольскі хоча напісаць альбом пра палітычных вязняў?

Нядаўна Вольскі анансаваў наступны альбом – «Лісты палітвязням». Праект робіць супольна з ініцыятывамі «Палітвязынка» і Dissidentyby.com.

Пытаем, была гэта ініцыятыва Вольскага ці хтосьці папрасіў зрабіць такі альбом пра палітзняволеных. Ён адказвае: ніхто не прыходзіў і не казаў «пішы». Задума была даўно, ідэя была адрасаваць палітычным вязням песні пад назвамі «Ліст № 1», «Ліст № 2» і гэтак далей. Абяцае рабіць інтэрв’ю з тымі, хто вызваліўся з беларускай… Задумваецца, папраўляецца: антыбеларускай катоўні. Кажа, замежнікам трэба тлумачыць ступень абсурду.

«Людзі выходзілі на плошчу і думалі, што ім дадуць 15 дзён – „ну ладна, адсяджу, за Радзіму нічога не шкада“. А ім тут даюць пяць гадоў!»

Вольскі згадвае, як калісьці ў 2020 годзе граў з Паўлам Аракелянам для ланцугоў салідарнасці: прыязджалі на адзін, гралі некалькі песень, збіраліся і ехалі на наступны. Потым думалі, што тэрміны даўніны за такія «страшныя злачынствы» выйшлі – а праз пару месяцаў улады пастанавілі, што за акцыі пратэсту няма тэрмінаў даўніны, цяпер за гэткія выступы свецяць гады зняволення.

«Людзі гулялі паводле правілаў, а гэтая гульня была абсалютна без правілаў. Як хочам, так і робім: хочам – застрэлім, павесім цябе ў лесе. Даходзіла да абсалютна трагічных рэчаў. Я ўпэўнены, што гэта не дзясятак чалавек. Пра гэта ніхто не задумваецца і не бачыць.

Еўропа заклапочаная іншымі рэчамі, вайна там ідзе, і там вайна… А гэта таксама вайна! Вайна супраць уласнага народу людзей, якія хочуць любым чынам утрымацца. Тым болей яны страшна баяцца, праз гэты страх – такія захады беспрэцэдэнтныя. Гэта трэба людзям паказваць і апавядаць, трэба зрабіць новае палатно, дзе будуць таксама і відэаматэрыялы, і інтэрв’ю з тымі, хто быў у гэтых страшных месцах».

Як будуць гучаць «Лісты»?

Працу над праектам ужо пачалі, у ім будуць і песні, напісаныя да «Эмігрантаў» ды цяпер актуалізаваныя, і цалкам новыя. Рабіць праект збіраюцца з Снорэ Бэргерудам. Значыць, і гучаць будзе не так, як «Эмігранты»?

«Будзе адрознівацца, безумоўна. Але гэта не будзе гэві-мэтал. Гучанне – ясна, што будзе адрознівацца, бо ўсе альбомы адрозніваюцца гучаннем».

У «Эмігрантах», дарэчы, асобным трэкам ёсць колькі словаў пра Алеся Пушкіна – мастака і палітычнага вязня, загінулага за кратамі. А пасля гэтых словаў – песня «Птушак галасы».

Ці дойдуць «Лісты» за краты?

У ліку тых, хто хадзіў на мірныя акцыі пратэсту, а трапіў на краты за гады, былі музыкі гурту «Irdorath». Сёлета яны выйшлі на волю і запісалі песню «Зорамі» з такімі радкамі:

Нас пакаралі, бо мы спявалі.

Нам спачувалі, але назіралі, але назіралі.

Нас катавалі – мы вар’яцелі.

Вы спачувалі, але ўсё глядзелі-глядзелі-глядзелі…

Пытаем Вольскага, ці не апускаюцца рукі ад такога. Не здаецца, што ўсё марна, што за кратамі не пачуюць песень салідарнасці, што ягоныя «Лісты» не дойдуць? Кажа, не, рукі не апускаюцца.

«Па-першае, трэба ўвагу сусветнай грамадскасці да гэтага прыцягваць усімі магчымымі сродкамі. А да людзей гэта дойдзе ўсё роўна. Працуе нябачная пошта, да людзей усё даходзіць, не хвалюйцеся».

Сустрэнем наступныя Каляды ў Менску?

Перад апошняю песняй «Эмігрантаў» ёсць абноўлены дыялог з пачатку альбому: герой ужо знайшоў працу, зняў кватэру, вывучыў мову, бо колькі гадоў ужо прайшло. У апошняй песні альбому Вольскі спявае: «Мы вернемся. Толькі калі і куды?»

А ў іншай песні заклікае прасіць сілы нябесныя, каб наступным годам сустрэць Каляды ў Менску. Пытаем, ці верыць ён, што ўдасца дапрасіцца.

«Ну, наступным годам – сто адсоткаў!» – усміхаецца Вольскі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Фота на вокладцы: Марына Савіцкая