«Не думаў, што можна забыць гэтыя ugly шпалеры». Пра музыку і эміграцыю з Башлыкевічам


У чэрвені  свет адзначаў Сусветны дзень уцекачоў. Амаль адначасова з гэтым беларускую музычную прастору, асабліва ў эміграцыі, узарвала песня гурта «Leibonik» – «Emigrant Song». Песня, прысвечаная ўсім сябрам, «за межамі Беларусі і ўдома».

На падставе творчасці Сяргея Башлыкевіча, лідара гурта «Leibonik», можна лёгка прасачыць гісторыю Беларусі трох апошніх гадоў. Тут і напісаная падчас самаізаляцыі ў сакавіку 2020 года кампазіцыя «COVID-19» пра тое, «як краіну за краінай накрывае пандэмія».

Улетку таго ж году, калі ў Беларусі пачалі набіраць моц пратэсты і затрыманні, выходзіць «Бяжы, хлопец». Тут ужо «з бусаў палезлі здаровыя лосі ў спарціўках і з позіркам бы ў насарога». Але герой песні яшчэ працягваў верыць «у святы механізм дарвінізма, што некалі згіне ўсё, што не карысна».

У кастрычніку 2020 года пад уражаннем ад прапаганды рэжыму выходзіць песня «БТ», дзе «наступаюць на Брузгі ў шапках з натаўскай фальгі Сцяпан Алаізавіч Гітлер-Пуціла, а следам за ім баявая Гадзіла».

І вось, праз тры гады, улетку 2023 года свет пабачыла «Emigrant Song», ці не самая папулярная песня «Leibonik», мяркуючы па праглядах на Youtube:

«Мала хто разлічваў на такія во прыгоды

– Выязджаў на паўгады, а атрымалася на годы,

Ну пашырыш гарызонты, ну такой бяды

– Выязджаў на пару год, а ад’ехаў назаўжды».

Кожная песня – гэта вялікая палёгка

«Усе гэтыя песні – гэта і ёсць мой шлях, натуральная мая рэакцыя на тое, што зараз мне самому цікава і тое, што я перажываю», – распавёў «Белсату» Сяргей Башлыкевіч.

Ён прызнаецца, што спачатку пісаў больш вясёлыя песні на абстрактныя тэмы, але пасля «дайшоў» і да больш сур’ёзных, «больш зразумелых і блізкіх».

Цяпер музыка ў эміграцыі. У сталіцы Нідэрландаў Амстэрдаме з немагчымасцю вярнуцца ў Беларусі. Але, дадае, «шкадаваць тут няма аб чым».

«Для мяне кожная з гэтых песняў – гэта вялікая палёгка. Гэта адлюстраванне блізкай рэчаіснасці, якое дапамагае спусціць пар і выказацца», – кажа суразмоўца.

Разважанне з сусветам

Уласна песня «Emigrant Song» пачалася з жадання аўтара абмеркаваць з сябрам, як прайшоў ягоны пераезд.

«З таго самага «Скажы, Віталік!». У першай версіі песня і называлася «Скажы, Віталік!». Віталік – гэта адзіны чалавек, які двойчы згадваецца ў гэтай песні», – адзначае Сяргей Башлыкевіч.

Толькі адпраўляючы песню на публікацыю, музыка вырашыў назваць прасцей – «Emigrant Song».

«Не было ідэі зрабіць песню як песню. Хутчэй, такое выказванне. Пачынаючы яе, я яшчэ не ведаў, які будзе фармат. Яшчэ не думаў, што гэта будзе размова на ўсю песню, і што будзе падсумаванне ў канцы і пра мяне. Гэта атрымалася арганічна, з развіццём думкі. Пачаўшы з Віталіка, згадаў іншых. Потым прыпыніўся, падумаў пра тое, што вось такія прыгоды: выязджаў ненадоўга, а атрымалася назаўжды. Далей працягнуў вандроўку з наведваннем сяброў, знаёмых і напрыканцы ўжо звярнуўся зноўку да сябе», – раскрывае суразмоўца гісторыю паўстання твору.

Hавiны
Беларускі рэп рэфлексуе на эміграцыю: цырк жыцця Zeman’а і справы сяброў Leibonik’а
2023.06.22 16:24

Апроч Віталіка, у новай эмігранцкай песні вельмі шмат герояў – беларусаў, раскіданых па ўсім свеце. Наташа, Дзёня, Глеб, Міша і іншыя… І ўсе яны – рэальныя людзі. Шмат слухачоў пазналі сябе ў песнях. Некаторыя пісалі публічна пра гэта ў сацсетках, некаторыя – прыватна, распавядае музыка. Крытыкі не выказвалі, праўда, некаторыя адзначалі, напрыклад, што «бурштын балтыйскі ўжо надакучыў, ужо неактуальна».

«У мяне не было мэты канкрэтна да іх звярнуцца з гэтай песні. Гэта разважанне з сусветам навокал. Прасцей разважаць з сусветам, нават калі ўнутры сябе глядзіш у вочы знаёмых», – кажа Сяргей Башлыкевіч.

Песімістычны прагматызм

Сам музыка выехаў з Беларусі паўтара гады таму ў выніку спалучэння «палітычных, эканамічных і ўнутраных прычынаў».

«Тут спалучалася прага, што ішла праз усё жыццё, пажыць дзе-небудзь яшчэ, павандраваць. Эканамічна – тое, што з 2020 года месцаў, дзе б мне цікава было працаваць, у Беларусі станавілася ўсё менш і менш у сувязі з тым, што айцішачка канчалася. Да таго ж я б хацеў развівацца далей у працоўным плане. А пра палітычнае можна нават не казаць», – кажа суразмоўца.

Гурт «Leibonik».
Фота: Leibonik/Башлыкевіч / Facebook

Нават за такі кароткі час пачынаеш забываць сваё жыццё ў Беларусі, і гледзячы зараз на фотаздымкі мясцінаў, дзе жыў у Менску, пачынаеш блытаць іх і нават не пазнаваць, дадае ён.

«Не хочацца казаць, што я вымываю ідэнтычнасць, але сапраўды шмат якія рэчы паступова забываюся. Для мяне, напрыклад, культурным кодам з’яўляецца тая самая МАПІДаўская шпалера [якая таксама стала героем песні. – рэд. belsat.eu]. Першыя мае здымныя кватэры былі пабудаваныя МАПІДам. Гэта стандартныя ugly [пачварныя. – рэд. belsat.eu] шпалеры, што я не думаў ніколі, што можна на іх забыцца, а ў рэале ўжо пляма нейкая ў памяці», – распавядае Сяргей Башлыкевіч.

Пры гэтым адносна вяртання ў Беларусь ён усё яшчэ «вельмі аптымістычны чалавек».

«Унутры сябе захоўваю аптымізм, хоць зараз гэтая вера даволі невялікая ўва мне, але, напэўна, хочацца сябе падманваць у нечым і захоўваць беларускую рысу: спадзявацца на лепшае, рыхтавацца да горшага», – гаворыць музыка.

Яму «ў сярэдзіне хочацца верыць, што шмат хто вернецца», калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца. Прынамсі, дадае Сяргей Башлыкевіч, вернецца значная частка сяброў з калямузычнай і калялітаратурнай тусоўкі.

«Бо я сам не ведаю, як будзе далей. Гэта я зараз захоўваю ў сабе нейкую беларускасць. А чым далей, тым больш буду адарваны ад Беларусі. Я не ведаю, ці атрымаецца мне пісаць неяк, каб гэта было на сучасным беларускім узроўні, на адной хвалі з Беларуссю», – мяркуе суразмоўца.

А вось людзям не з культурнага асяроддзя, на яго думку, «айцішачцы» і тым, хто ўжо асеў на адным месцы, будзе вельмі цяжка вяртацца:

«Гэта мой такі песімістычны прагматызм».

«Сачыце за абвесткамі»

За бліжэйшыя месяцы Сяргей Башлыкевіч плануе запісаць новы альбом, куды ўвойдуць эмігранцкія песні. Працуе ён над ім «амаль што адзін».

«Тэксты і канцэпт музыкі ўжо гатовыя, то бок, я ўжо ведаю, што у мяне ёсць матэрыял. Зараз механічная справа – выдаткаваць час, запісаць, звесці. Вельмі аптымістычны мой прагноз – за два месяцы гэта скончыць», – кажа музыка.

Увосень 2022 года гурт «Leibonik» зладзіў канцэртны тур па гарадах Польшчы і Літвы.  Цяпер музыкам давядзецца разабрацца, як будзе існаваць гурт, чальцы якога раскіданыя па розных краінах.

«Калі мы ў Вільні яшчэ перад першым канцэртам мінулага тура проста сабраліся і за два дні ўспомнілі старую праграму, дадалі пару песень, якія раней не гралі, і паехалі ў тур, зараз я не ведаю, як гэта магчыма і ці атрымаецца нам сабрацца. Сачыце за абвесткамі», – распавёў Сяргей Башлыкевіч.

Паводле суразмоўцы, яму б хацелася працягваць выступаць на жывых канцэртах і атрымліваць зарад ад іх:

«Мне хочацца больш самаму і граць на гітары жыўцом на сцэне, і выконваць, і сустракацца з людзьмі, але пакуль дакладных планаў няма».

Пры гэтым музыка дадае: ужо задуманы новы альбом, які мае выйсці пасля эмігранцкага. У ім плануецца сабраць «кавалак вясёлых і тупых песень».

Інтэрв’ю
«Першая думка – паехаць на вайну». «N.R.M.» едзе з канцэртам у полк Каліноўскага
2023.05.31 10:53

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў