news
Аналітыка
Ці прынясе вайна з «Хамасам» тэракты і закалоты ў Еўропу? І прычым тут Расея
У краінах Еўропы, нягледзячы на забароны, прайшлі акцыі салідарнасці з Палестынаю.
19.10.202308:00

Вайна паміж сектарам Газа і Ізраілем ужо закранула іншыя краіны. Звязаныя з ёю здарэнні і пратэсты спрычыняюцца ў тым ліку да ахвяраў у Еўропе.  «Белсат» распытаў экспертаў, ці здольны гэты канфлікт стацца пагрозаю для бяспекі еўрапейскіх краінаў, у тым ліку справакаваць масавыя закалоты і тэракты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынцы разбіраюць завалы пасля авіяўдару ў Хан-Юнісе на поўдні сектару Газа. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mahmud Hams / AFP / East News

Атака тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас» з сектару Газа на Ізраіль 7 кастрычніка і наступная аперацыя Цагалю ўжо прывяла да тысячаў забітых з абодвух бакоў. І канфлікт разрастаецца. Сутыкненні адбываюцца на заходнім беразе ракі Іярдан, на мяжы з Ліванам, двойчы бамбаванні зазнавалі аэрапорты ў Сірыі.

Пры гэтым арабскія групоўкі «Хамас» і «Хізбула» ўжо абвяшчалі 13 і 18 кастрычніка днямі гневу, заклікаючы арабаў і мусульманаў ува ўсім свеце «выйсці нашкодзіць ізраільцянам і габрэям».

У шмат якіх краінах Еўропы, нават нягледзячы на забароны, прайшлі акцыі салідарнасці з Палестынаю. Некаторыя з іх былі разагнаныя. Сваё падтрыманне палестынцам выказваюць і медыйныя асобы, у прыватнасці футбалісты.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Ёсць і першыя чалавечыя ахвяры. 13 кастрычніка, у такі дзень гневу, у горадзе Арас у Францыі 20-гадовы мужчына з крыкамі «Алах акбар!» уварваўся ў школу з нажом, забіў настаўніка і сур’ёзна параніў яшчэ двух чалавек. У сталіцы Бельгіі нарадзінец Тунісу 16 кастрычніка расстраляў двух шведскіх заўзятараў, а пасля быў забіты сам. У наступны дзень гневу, 18 кастрычніка, кактэйль Молатава паляцеў у сінагогу ў Берліне.

Аднак пакуль пратэсты і сутыкненні ў Еўропе далёкія ад таго, што адбываецца ў суседніх з Ізраілем краінах. Напрыклад, пасля выбуху 17 кастрычніка на тэрыторыі шпіталю ў сектары Газа, у чым «Хамас» і Ізраіль вінавацяць адно аднаго, у Іярданіі пратэстоўцы спрабавалі ўзяць штурмам амбасаду Ізраілю, а ў сталіцы Турцыі – атакаваць консульства. Адбыліся моцныя пратэсты з сутыкненнямі з паліцыяй і на Заходнім беразе Іярдану. Ізраіль загадзя эвакуяваў свае амбасады з Марока і з Егіпту, дзе ў пачатку канфлікту расстралялі ізраільскіх турыстаў.

Ці варта чакаць далейшай эскалацыі ў Еўропе?

Што можа справакаваць?

Ілія Куса, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, мяркуе, што пакуль канфлікт будзе абмежаваны Ізраілем і сектарам Газа, ён не прывядзе «да нейкіх сур’ёзных праблемаў у Еўропе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынцы ідуць маршам на дэманстрацыі ў горадзе Хэброн (Hebron) на Заходнім беразе Іярдану. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Hazem Bader / AFP / East News

«Калі вайна будзе далей узмацняцца і захопліваць новыя краіны рэгіёну, гэта можа патэнцыйна прывесці да новай хвалі ўцекачоў у Еўропу, да росту радыкалізму і ісламскага экстрэмізму, да пратэстаў, гэта значыць да дэстабілізацыі грамадскага парадку ў еўрапейскіх краінах, дзе пражываюць мусульманскія грамады, асабліва гэта датычыць Францыі і Нямеччыны», – заявіў эксперт.

Аднак гэта магчыма толькі ў выпадку «доўгай вайны рэгіянальных маштабаў, здольнай справакаваць перамяшчэнне мільёнаў людзей, дэстабілізаваць некалькі дзяржаваў і прывесці яшчэ і да росту цэнаў на энерганосьбіты, напрыклад, што ўдарыць па сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Еўропе, якая і так не простая», адзначыў Куса.

На думку аналітыка, эскалацыя ў Еўропе будзе залежаць ад колькасці ахвяраў, працягласці эскалацыі ў рэгіёне і таго, што будзе з палестынскім пытаннем у цэлым. Куса нагадаў: еўрапейскія мусульмане пераважна не адгукнуліся на заклік «Хамасу», які абвяшчаў пятніцу 13 кастрычніка днём гневу. Але, паводле яго, гэта перадусім сведчыць толькі пра тое, што сам па сабе «Хамас» не аўтарытэт для мусульманаў у свеце і мае неадназначную рэпутацыю:

«Але гэта не значыць, што мусульманскі свет абсалютна абыякавы да таго, што адбываецца».

Да таго ж сітуацыя з выбухам на тэрыторыі шпіталю ў сектары Газы, а не заклік «Хамасу», паводле якраз можа справакаваць маштабныя пратэсты, мяркуе Ілія Куса.

Аналітыка
Пакараць «Хамас», але не дапусціць вялікай вайны. Што азначае візіт Байдэна ў Ізраіль
2023.10.18 08:00

«Яна будзе прымушаць рэагаваць шмат каго, нават тых, хто асабіста не прывязаны эмацыйна да Газы, але яны з салідарнасці павінны рэагаваць», – мяркуе суразмоўца.

Пры гэтым, адзначае гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, «ніхто асабліва не разважае, адпавядае гэтая інфармацыя [пра віну Ізраілю. – Рэд. Belsat.eu] рэчаіснасці ці не», а людзям, якія выйшлі на вуліцы, проста «падабаецца жыць у свеце, дзе злачынствы здзяйсняюць выключна ізраільцяне, а палестынцы – на правільным баку гісторыі».

Паводле Фрыдмана, сітуацыя будзе толькі пагаршацца, ажно да магчымасці тэрарыстычных актаў, бо «далёка нам яшчэ да піку абвастрэння»:

«Ізраільская армія яшчэ не на тэрыторыі сектару Газа. Калі яны туды ўвойдуць, там будуць ахвяры, і ахвяры, напэўна, будуць значнымі. Гэтыя жахлівыя карціны таксама будуць прысутнічаць у медыях, асабліва ў арабскамоўных, і будуць уплываць на эмацыйны стан насельніцтва, у тым ліку тых людзей у Еўропе, якія спачуваюць Палестыне».

На думку гісторыка, паліцыю ў еўрапейскіх краінах чакае напружаная праца, што ўжо можна назіраць у Нямеччыне і Францыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі дэманстрацыі салідарнасці з палестынскім народам у Турыне, Італія. 14 кастрычніка 2023 года.
Фота: Claudio Furlan / LaPresse / AP / East News

«Паліцыя актыўна працуе, імкнецца перадухіліць розныя тэракты і напады. Пакуль гэта галоўным чынам у паліцыі атрымліваецца, але напружанасць будзе толькі ўзрастаць.  Застаецца спадзявацца на тое, што паліцыя ды іншыя праваахоўныя органы зробяць сваю працу добра і да жахлівых эксцэсаў справа не дойдзе», – дадаў Фрыдман.

Каму выгадна?

На думку Іліі Кусы, абсалютная большасць краінаў у свеце, у тым ліку на Блізкім Усходзе, не зацікаўленая ў далейшай эскалацыі. Нават Іран, які «гуляе на гэтай тэме» і спрабуе паказаць крывадушнасць Захаду, які, маўляў, не лічыцца з палестынскімі ахвярамі:

«На вялікае, дэстабілізацыя рэгіёну Ірану не патрэбная, бо эканоміка ў яго слабая. Яны таксама разумеюць, што не змогуць выбудоўваць нармальнай камунікацыі, у тым ліку з заходнім светам, з рэгіянальнымі краінамі, калі будзе бескантрольная эскалацыя».

Пры гэтым эксперт не выключае таксама змяншэння падтрымання дзеянняў Ізраілю з боку заходніх краінаў:

«Мне здаецца, што чым даўжэй будзе цягнуцца гэтая вайна, асабліва чым больш будзе такіх эпізодаў, як удар па шпіталі, тым складаней ім будзе захоўваць пазіцыю напалову маўклівага падтрымання дзеянняў Ізраілю».

Куса адзначыў, што першы шок ад тэракту «Хамасу» даў вельмі моцны імпульс і выклікаў спачуванне да Ізраілю, перакрываючы «любыя магчымыя негатыўныя наступствы ад таго фармату адплаты, які абраў урад Бэньяміна Нэтаньягу». Але цяпер, «калі ўжо мінуў час, эмоцыі трохі сціхлі», і «пайшло дамінаванне зусім іншых карцінак ужо з самой Газы», Ізраілю пачынаюць нагадваць пра неабходнасць захоўваць правілы вядзення вайны і нормы міжнароднага гуманітарнага права.

Аналітык мяркуе, што заходнія краіны будуць вымушаныя ціснуць на Ізраіль з мэтай абмежаваць вайсковую аперацыю ў сектары Газа, «магчыма, нават адмовіцца ад наземнай аперацыі, каб хутчэй скончыць, лакалізаваць канфлікт, не даць яму разрасціся да рэгіянальных маштабаў».

Паводле эксперта, для Еўразвязу гэта не толькі гуманітарнае і маральнае пытанне, але і пытанне стасункаў з глабальным поўднем, вялікую частку якога складаюць краіны арабскага і мусульманскага свету. Вайна ў Газе замінае яму выбудоўваць нармальныя стасункі з імі, бо «гэтыя краіны салідарызуюцца з палестынцамі, а Еўропа атрымліваецца па другі бок барыкадаў».

Тым не менш, дадаў Куса, ёсць краіна, якой эскалацыя на Блізкім Усходзе, выгадная, «прычым высокага ўзроўню». Гэта Расея, бо для яе гэта «вельмі добрая нагода не толькі згуляць на гэтым інфармацыйна ды ідэалагічна, што яны робяць, але і справакаваць крызіс у Еўропе, звязаны з наступствамі вялікай вайны, каб схіліць Еўропу да перамоваў у справе Украіны». Паводле эксперта, разлік Расеі заснаваны на тым, што чым больш будзе крызісаў у свеце, якім вымушаная даць рады Еўропа, тым большая будзе колькасць асобаў у Еўропе, хто будзе выступаць за замарожванне вайны ва Украіне і дамоўленасці з РФ, «каб неяк стабілізаваць сітуацыю ў свеце і зняць напружанне».

Аналітыка
Як баявыя дзеянні на Блізкім Усходзе паўплываюць на вайну Украіны і Расеі?
2023.10.16 08:00

Макар Мыш belsat.eu