Як баявыя дзеянні на Блізкім Усходзе паўплываюць на вайну Украіны і Расеі?


На фоне нападу баевікоў «Хамасу» на Ізраіль у медыях усё часцей гучыць меркаванне, што падзеі на Блізкім Усходзе могуць прымусіць Захад істотна скараціць дапамогу Украіне. Ці сапраўды ўзброены канфлікт Ізраілю і «Хамасу» згуляе на руку Крамлю? І ці здольныя ЗША падтрымліваць адразу і Ізраіль, і Украіну?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскі ваенны лагер ля мяжы з Газай у кібуцы Барам, Ізраіль. 14 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

ЗША – асноўны саюзнік Украіны і Ізраілю

Злучаныя Штаты лідаруюць у праўкраінскай кааліцыі, яны надаюць Кіеву найбольшую і крытычна важную дапамогу.

У пачатку верасня тагачасны міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў апавядаў, што на ЗША прыпадае прыкладна 60 % усёй міжнароднай дапамогі. Паводле «The Washington Post», за паўтара года поўнамаштабнай вайны ЗША скіравалі Украіне падтрыманне на агульную суму $ 66 млрд. З іх $ 43 млрд – вайсковая дапамога (у гэтую суму ўваходзяць пастаўкі амерыканскай зброі і тэхнікі ды іншыя выдаткі, у тым ліку грошы на закуп у трэціх краінах).

Ізраіль ніколі не атрымліваў ад ЗША дапамогі ў такіх маштабах за такі кароткі тэрмін. Аднак Ізраіль – найбуйнейшы атрымальнік амерыканскай вайсковай дапамогі ў межах доўгатэрміновых праграмаў. Напрыклад, у 2018 годзе Вашынгтон ухваліў вылучэнне абароннай дапамогі Ізраілю на суму $ 38 млрд на працягу 10 гадоў. Да гэтага дзеяла аналагічнае 10-гадовае пагадненне на вылучэнне $ 30 млрд. У 1998–2007 гадах Ізраіль атрымліваў ад амерыканцаў прыкладна $ 2,4 млрд штогод. Рабілася ўсё гэта на планавай аснове, калі Ізраіль не быў уцягнуты ў такую маштабную ваенную эскалацыю, якая пачалася 7 кастрычніка 2023 года.

Неўзабаве пасля нападу баевікоў «Хамасу» прэзідэнт ЗША Джо Байдэн распарадзіўся надаць дадатковае падтрыманне Ізраілю. Суму не агучылі.

Якая дапамога можа спатрэбіцца Ізраілю

Мяркуючы з адкрытай інфармацыі, наменклатура зброі і тэхнікі, патрэбных Украіне і Ізраілю, істотна адрозніваецца. Найперш гэта звязана з тым, што гаворка пра вельмі розныя паводле характару ўзброеныя канфлікты.

У адным выпадку гэта маштабная вайна дзвюх дзяржаваў, дзе лінія фронту складае прыблізна 1200 км, абодва бакі актыўна выкарыстоўваюць браняваную тэхніку, авіяцыю, артылерыю і ракеты. У другім выпадку (прынамсі на гэтым этапе) гэта вайна дзяржавы з тэрарыстычнай арганізацыяй, што кантралюю адносна невялікі кавалак тэрыторыі (даўжыня сектару Газа складае прыблізна 40 км, шырыня – 6–12 км, агульная плошча – каля 360 км²). У «Хамасу» няма (ці амаль няма) авіяцыі, браняванай тэхнікі, цяжкой артылерыі і высокадакладнай зброі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абломкі разбуранага будынку пасля ізраільскіх авіяўдараў у горадзе Газа, сектар Газа. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ali Jadallah / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Ізраіль у сваю чаргу валодае досыць вялікім арсеналам вайсковай тэхнікі, якога будзе больш як дастаткова для канфлікту з «Хамасам». У тым ліку на ўзбраенні Цагаль ёсць 200 амерыканскіх самалётаў F-16, 85 F-15 і 36 F-35, каля 700 танкаў «Merkava MkIII» і каля 200 танкаў «Merkava MkIV», які лічыцца адным з найлепшых танкаў свету. Таму Ізраілю наўрад ці спатрэбяцца ад свайго саюзніка новыя самалёты, верталёты, браняваная тэхніка, артылерыя і ЗРК, нават калі канфлікт зацягнецца. Аднак на ракеты, боепрыпасы ды, імаверна, запчасткі для некаторых відаў тэхнікі попыт будзе.

Паводле «The Washington Post», Ізраіль адразу пасля нападу «Хамасу» папрасіў ЗША дапамагчы з папаўненнем запасаў ракетаў-перахопнікаў для сістэмы супрацьракетнай абароны «Жалезны купал», бомбаў малога дыяметру і боепрыпасаў для кулямётаў. Паводле медыяў, першы самалёт з амерыканскімі боепрыпасамі прыбыў на авіябазу Нэватым на поўдні Ізраілю ўжо 10 кастрычніка. У той жа дзень група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ЗША ўнесла законапраект аб вылучэнні Ізраілю дадатковых $ 2 млрд на падтрыманне сістэмы паветранай абароны «Жалезны купал».

У гэтым канфлікце Ізраіль будуць патрэбныя высокадакладныя авіяцыйныя бомбы, якія Цагаль якраз атрымлівае ад ЗША. Паводле Bloomberg, амерыканцы цяпер прыскорылі перадачу Ізраілю 1000 разумных бомбаў GBU-39/B Small Diameter Bomb (SDB), але не ў межах дадатковай дапамогі, а згодна са старымі пагадненнямі. У высокадакладных бомбах мае патрэбу і ЗСУ.

Таксама, імаверна, падчас наземнай аперацыі ў Ізраілю можа ўзнікнуць неабходнасць у дадатковых пастаўках 155-мм снарадаў для артылерыі. Гэты тып снарадаў асноўны і для Цагалю, і для ЗСУ. Раней прадстаўнікі NATO не раз наракалі: краіны Захаду зусім не былі гатовая да таго, што боепрыпасы будуць расходавацца ва Украіне такімі шалёнымі тэмпамі. Калі ўзнікне неабходнасць забяспечваць снарадамі Ізраіль, то нагрузка на іх абаронную прамысловасць яшчэ больш узрасце. Разам з тым нават у выпадку працяглай наземнай аперацыі расходы снарадаў усё роўна не наблізяцца да ўзроўню Украіны, бо ў сектары Газа проста не можа быць вялікай франтавой вайны.

Hавiны
Вінаватае надвор’е? Ізраіль адклаў пачатак наземнай аперацыі ў сектары Газа
2023.10.15 12:10

Ці хопіць зброі на ўсіх?

У цэлым, улічваючы рэсурсы ЗША ды іх саюзнікаў, а таксама характару двух канфліктаў, дапамога Украіне і Ізраілю не выглядае ўзаемавыключальнымі задачамі.

Як апавёў выданню Politico адзін з амерыканскіх чыноўнікаў, нягледзячы на дапамогу Украіне, у ЗША яшчэ дастаткова зброі, каб дапамагчы і Ізраілю, пагатоў краіны выкарыстоўваюць пераважна розныя ўзбраенні.

Былы ўкраінскі амбасадар у Вашынгтоне Валерый Чалы ў інтэрв’ю Бі-Бі-Сі таксама звярнуў увагу на тое, што ўзбраенне для Ізраілю і Украіны перасякаюцца толькі ў вузкім дыяпазоне. Чалы мяркуе, што вайна на Блізкім Усходзе паўплывае не на змест і аб’ёмы дапамогі Украіне, а, хутчэй, на тэрміны яе вылучэння, што «звязана з працэсам прыняцця рашэнняў і вылучэння пэўнай наменклатуры ўзбраенняў».

Праблема рэсурсаў можа абвастрыцца, калі вайна Ізраілю і «Хамасу» перарасце ў буйны рэгіянальны канфлікт. Некаторыя медыі разважаюць пра тое, што ў выпадку маштабнай эскалацыі Ізраілю давядзецца ваяваць ледзь не на пяць франтоў, у тым ліку супраць Ірану. Тэгеран ужо папярэдзіў Ізраіль, што можа ўмяшацца ў канфлікт, калі Цагаль перакрочыць пэўныя чырвоныя лініі падчас аперацыі супраць «Хамасу».

Hавiны
Ізраільская армія нанесла ўдары па тэрыторыях Лівану і Сірыі
2023.10.11 13:22

Каб не дапусціць умяшання іншых дзяржаваў, Злучаныя Штаты адразу перакінулі да берагоў Ізраілю сваю авіяносную групу, што ёсць адназначным папярэджаннем для патэнцыйных саюзнікаў «Хамасу» ў гэтым канфлікце. Пазіцыя Вашынгтону мусіць стацца моцным стрымлівальным фактарам.

Калі сітуацыя ўсё-ткі будзе развівацца паводле найгоршага сцэнара, то відавочна, што патрэбы Ізраілю ў дапамозе рэзка вырастуць. Адпаведна вырасце і рызыка таго, што зброі на ўсіх будзе ўжо не ставаць. Аднак пакуль такі сцэнар застаецца выключна гіпатэтычным.

Справа прынцыпу і бюджэту

Узброены канфлікт Ізраілю і «Хамасу» сапраўды перацягнуў увагу міжнароднай супольнасці з расейскай агрэсіі супраць Украіны. Але гэтыя падзеі не павінны пацягнуць за сабою змены палітыкі ЗША ды іх саюзнікаў у дачыненні Кіева.

Рашэнне падтрымаць Украіну мела не сітуатыўны, а стратэгічны і доўгатэрміновы характар, бо Крэмль сваймі дзеяннямі кінуў выклік сусветнаму парадку. Спыненне ці значнае скарачэнне дапамогі Украіне ў цяперашняй сітуацыі сталася б разбуральным ударам па міжнародных пазіцыях ЗША ды іх саюзнікаў. Калі гэта адбудзецца, то дыктатараў і тэрарыстаў па ўсім свеце з’явіцца спакуса распальваць усё новыя і новыя канфлікты, каб прымушаць Захад да чарговых саступак.

Таму цалкам лагічна, што Белы дом і Пэнтагон настойваюць: канфлікт на Блізкім Усходзе не здольны паўплываць на дапамогу Украіне.

«Рашуча зняпраўджваем думку, што ЗША не могуць адначасова падтрымліваць свабодалюбівага народу Украіны і падтрымліваць дзяржаву Ізраіль, – падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік амерыканскага прэзідэнта ў пытаннях бяспекі Джэйк Саліван. – У нас ёсць рэсурсы, інструменты і патэнцыял, каб эфектыўна гэта рабіць».

Аналагічную заяву зрабіў і міністр абароны Лойд Остын, які падкрэсліў, што ЗША «могуць і будуць» падтрымліваць адначасова Украіну і Ізраіль.

У якасці ілюстрацыі гэтай прынцыповай пазіцыі 11 кастрычніка ЗША абвесцілі вылучэнне Украіне чарговага пакету вайсковай дапамогі на $ 200 млн, што супала з прыбыццём у Ізраіль самалёта з дадатковай амерыканскаю дапамогаю.

Разам з тым трэба ўлічваць асаблівасці ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў ЗША. Апошнія сацыялагічныя апытанні дэманструюць, што ў амерыканскім грамадстве скарачаецца колькасць прыхільнікаў маштабнай вайсковай дапамогі Украіне. У асноўным гэта адбываецца за кошт электарату Рэспубліканскай партыі, што ўжо адбілася на паводзінах рэспубліканцаў у Кангрэсе. Менавіта праз пазіцыю рэспубліканцаў Белы дом не здолеў у верасні правесці праз Кангрэс дадатковага фінансавання Украіны на $ 24 млрд. У выніку чаго прынялі часовы бюджэт, пакуль што без дапамогі Кіеву.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты каля мяжы Ізраілю з сектарам Газа, поўдзень Ізраілю. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ronen Zvulun / Reuters / Forum

Канфлікт на Блізкім Усходзе даў праціўнікам падтрымання Украіны дадатковы аргумент у спрэчках вакол новага бюджэту. «Ізраіль апынуўся перад экзістэнцыйнаю пагрозаю. Любое фінансаванне Украіны неабходна тэрмінова перакіраваць у Ізраіль», – заявіў 9 кастрычніка сенатар ад штату Місуры, рэспубліканец Джош Голі. Пры гэтым падтрыманне Ізраілю сярод рэспубліканцаў пытанняў не выклікае: паказальна, што акт вылучэння дадатковых $ 2 млрд на «Жалезны купал» быў ініцыяваны найперш кангрэсменамі ад гэтай партыі.

Белы дом з усіх сілаў спрабуе перадухіліць спыненне амерыканскага падтрымання Украіны. Паводле «The Washington Post», з улікам апошніх падзеяў адміністрацыя Байдэна можа паспрабаваць развязаць праблему нестандартным шляхам: аб’яднаць у адзін запыт у Кангрэс просьбу пра вайсковую дапамогу для Украіны і Ізраілю. Гэтак плануюць нейтралізаваць супраціў правага крыла рэспубліканцаў, якія не захочуць адмаўляць Ізраілю ў падтрыманні. Не факт, што Белы дом пойдзе менавіта гэтым шляхам. Аднак падобная сітуацыя дэманструе, што падзеі на Блізкім Усходзе могуць выкарыстоўвацца ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў ЗША па-рознаму і не абавязкова толькі ў негатыўным для Украіны ключы.

Важна адзначыць, што саюзнікі ЗША з NATO таксама запэўніваюць пра нязменнасць курсу на дапамогу Украіне.

«Так, мы занепакоеныя і, вядома, узрушаныя жорсткасцю тэрарыстычнага нападу на Ізраіль у мінулыя выходныя. Але гэта не падарве нашай здольнасці, нашай гатовасці, нашай рашучасці працягваць падтрымліваць Украіну. І гэта дэманструецца не толькі на словах, але і на справе», – заявіў 13 кастрычніка генеральны сакратара Альянсу Енс Стольтэнбэрг і нагадаў, што краіны NATO ўхвалілі новыя вайсковыя пастаўкі ва Украіну.

Аналітыка
Ці стаміўся Захад ад падтрымання Украіны? Тлумачым, якія настроі пануюць у ЗША і Еўропе
2023.10.10 11:43

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў