Пакараць «Хамас», але не дапусціць вялікай вайны. Што азначае візіт Байдэна ў Ізраіль


Плануецца, што 18 кастрычніка прэзідэнт ЗША Джо Байдэн наведае Ізраіль і правядзе перамовы з кіраўніцтвам краіны. Візіт Байдэна на фоне нападу «Хамасу» на Ізраіль і рыхтавання наземнай аперацыі Цагалю ў сектары Газа, імаверна, будзе мець істотнае значэнне для далейшага развіцця сітуацыі ў рэгіёне. Як Злучаныя Штаты плануюць паўплываць на бакі канфлікту? Ці ўдасца перадухіліць вялікую вайну?

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу выступаюць з заяваю для медыяў у Тэль-Авіве, Ізраіль. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Pool / Reuters / Forum

Візіту Джо Байдэна папярэднічала вялікае турнэ дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена па Блізкім Усходзе, падчас якога ён наведаў асноўныя краіны рэгіёну – Катар, Бахрэйн, Іярданію, Саудаўскую Аравію, ААЭ, Егіпет і Ізраіль. З Ізраілю пачалося і завершылася турнэ: дзяржаўны сакратар пабываў там 12 і 16 кастрычніка.

У ноч на аўторак, пасля 7,5 гадзіны перамоваў у Тэль-Авіве з прэм’ер-міністрам Бэньямінам Нэтаньягу ды ізраільскімі вайскоўцамі, Блінкен апавёў журналістам, што цяпер краіну наведае Джо Байдэн, каб пацвердзіць салідарнасць ЗША з Ізраілем і «непахісную прыхільнасць да яго бяспекі».

«Прэзідэнт працягне шчыльна каардынаваць дзеянні з нашымі ізраільскімі партнёрамі, каб дамагчыся вызвалення захопленых «Хамасам» закладнікаў», – падкрэсліў дзяржаўны сакратар ЗША.

Паводле Блінкена, Байдэн падкрэсліць выразнае пасланне ЗША «любому суб’екту, дзяржаўнаму або недзяржаўнаму, які спрабуе скарыстацца гэтым крызісам для нападу на Ізраіль: не рабіце гэтага».

Чакаецца, што пасля візіту ў Ізраіль Байдэн наведае Іярданію, дзе сустрэнецца з каралём Абдулой ІІ, прэзідэнтам Егіпту Абдэльфатахам ас-Сісі і кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам.

Пагроза новага фронту

Цяпер галоўная задача адміністрацыі Байдэна – перадухіліць вялікую вайну.

Маштабны напад «Хамасу» на Ізраіль робіць фактычна немагчымым захаванне статусу-кво ў рэгіёне. Ізраільскае кіраўніцтва адразу дало зразумець, што не збіраецца абмяжоўвацца паветранымі атакамі на базы тэрарыстаў. Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што плануе цалкам знішчыць «Хамас», і анансаваў наземную аперацыю ў сектары Газа, якая, праўда, пакуль яшчэ не пачалася. Наземная аперацыя Цагалю ў сектары Газа ў сваю чаргу можа падштурхнуць іншыя радыкальныя групоўкі і дзяржавы рэгіёну выступіць супраць Ізраілю на баку «Хамасу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскі салдат паказвае знак перамогі з калоны браняваных транспарцёраў, якія кіруюцца да мяжы з сектарам Газа на поўдні Ізраілю. 16 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News

Медыі цяпер разважаюць, што ў выпадку маштабнай эскалацыі Ізраілю давядзецца ваяваць ледзь не на пяць франтоў: супраць «Хамасу» ў сектары Газа, супраць «Хізбулы» ў Ліване, супраць палестынскіх груповак на Заходнім беразе Іярдану, супраць Ірану і праіранскіх груповак з боку Сірыі.

Ключавая тут пазіцыя Ірану, які займае найбольш жорсткую пазіцыю ў дачыненні Ізраілю, фінансуе і пастаўляе зброю «Хамасу» і «Хізбуле». Тэгеран ужо папярэдзіў Ізраіль (як публічна, гэтак і ў прыватным парадку), што можа ўмяшацца ў канфлікт, калі Цагаль перакрочыць пэўныя чырвоныя лініі падчас баявых дзеянняў супраць «Хамасу». Такою чырвонаю лініяй, паводле ўладаў Ірану, станецца ўварванне Цагалю ў сектар Газа.

«Лідары супраціву не дазволяць сіянісцкаму рэжыму зладзіць якіх-кольвек дзеянняў у Газе… Усе варыянты адкрытыя, і мы не можам заставацца абыякавымі да ваенных злачынстваў, учыненых супраць народу Газы», – заявіў кіраўнік МЗС Ірану Гусэйн Амір-Абдулагіян 16 кастрычніка. Міністр адзначыў, што імавернасць адкрыцця новага фронту расце з кожнаю гадзінай, і прыгразіў «вялізнымі стратамі» ЗША.

Хаця некаторыя эксперты лічаць пагрозу ўступлення Ірану ў вайну малаімавернаю, выключаць сцэнар маштабнай эскалацыі ўсё-такі нельга.

«Мы не можам выключаць, што Іран аддасць перавагу тым ці іншым чынам уступіць у беспасярэдняе [ваеннае] ўзаемадзеянне. Мы мусім падрыхтавацца», – заявіў дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван.

Зайсці, але не акупаваць

Паводле выдання Der Spiegel, наземная аперацыя Ізраілю цяпер адкладаецца ў звязку з візітам Байдэна. Аднак перанос тэрмінаў аперацыі не азначае, што амерыканскі лідар паляцеў у Ізраіль, каб прымусіць пераканаць кіраўніцтва гэтай краіны не ўваходзіць у сектар Газа. Насамрэч Белы дом не ставіць пад сумнеў права Ізраілю на жорсткі адказ тэрарыстам і ніякіх кампрамісаў тут не дапускае (прынамсі пакуль). «Мы заўсёды будзем на вашым баку», – заявіў Блінкен падчас візіту ў Ізраіль 12 кастрычніка.

16 кастрычніка Джо Байдэн у інтэрв’ю CBS пацвердзіў неабходнасць знішчыць «Хамас», у тым ліку праз уваход у сектар Газа. Аднак зрабіць гэта трэба без акупацыі гэтай тэрыторыі. Паводле прэзідэнта, у сектары Газа маюць кіраваць менавіта палестынскія ўлады:

«Радыкалы «Хамасу» не рэпрэзентуюць усяго палестынскага народу. І я думаю, будзе памылкаю з боку Ізраілю зноў акупаваць сектар Газа. Але зайсці і выбіць адтуль экстрэмістаў «Хізбулы» на поўначы і «Хамасу» на поўдні неабходна».

Каментуючы заяву Байдэна, амбасадар Ізраілю ў ЗША Міхаэль Гэрцаг адзначыў, што ягоная краіна не мае намеру акупаваць сектару Газа і не хоча кіраваць жыццямі двух мільёнаў палестынцаў. Разам з тым улады Ізраілю пакуль не патлумачылі, як будзе жыць сектар Газа пасля разгрому «Хамасу».

«Увесь рэгіён – на краі прорвы»

Формулу Байдэна «зайсці і выбіць, але не акупаваць» зрэалізаваць будзе няпроста. Ніхто не ведае, колькі часу зойме знішчэнне «Хамасу» і стабілізацыя сітуацыі. Наземная аперацыя ў любым выпадку пацягне за сабою новыя чалавечыя ахвяры і глыбокі гуманітарны крызіс, а таксама паставіць рубам пытанне пра далейшы статус сектару Газу, чым моцна занепакоеныя ў тым ліку саюзнікі ЗША на Блізкім Усходзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынцы разбіраюць завалы будынку пасля ізраільскага ўдару ў горадзе Хан-Юніс (Khan Yunis) на поўдні сектару Газа. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mahmud Hams / AFP / East News

Раніцаю 13 кастрычніка Цагаль апублікаваў заклік да жыхароў сектару Газа тэрмінова эвакуявацца ў паўднёвую частку, каб не стацца ахвярамі баявых дзеянняў. Адпаведнае рашэнне мусіць закрануць больш за 1,1 мільёна палестынцаў. Праціўнікі эвакуацыі мяркуюць, што гэта прывядзе да доўгатэрміновыя наступстваў: пасля наземнай аперацыі рэжым кантролю за сектарам Газа можа быць перагледжаны, і тады перасяленцы не здолеюць вярнуцца дадому. Улады Ізраілю зняпраўджваюць такія планы, але засцярогі на гэты конт ёсць не толькі ў «Хамасу», але і ў суседніх дзяржаваў.

14 кастрычніка міністры замежных справаў Катару і Саудаўскай Аравіі назвалі катэгарычна непрымальным патрабаванне Ізраілю да жыхароў паўночнай часткі сектару Газа тэрмінова эвакуявацца. Улады Егіпту выступілі супраць ідэі стварыць гуманітарныя калідоры для ўцекачоў з сектару Газа і адмовіліся адчыняць свае КПП на мяжы, каб не дапусціць масавага сыходу палестынцаў.

Кароль Іярданіі Абдула II падчас сустрэчы з Блінкенам і потым падчас паездак па еўрапейскіх краінах падкрэсліваў, што спробы выціснуць палестынскіх уцекачоў у суседнія краіны і «дэ-факта зафіксаваць становішча на месцах» абсалютна недапушчальныя.

«Увесь рэгіён – на краі прорвы», – заявіў ён.

Прэзідэнт Егіпту заявіў, што Ізраіль і без наземнай аперацыі ўжо выйшаў за межы законнай самаабароны. Асудзіў сістэматычнае бамбаванне сектару Газа і кронпрынц Саудаўскай Аравіі Мухамэд бін Сальман, падкрэсліўшы, што каралеўства прыкладае максімум намаганняў, каб спыніць эскалацыю.

Каментар
Вайсковы аглядальнік Давід Шарп: Ізраіль павінен абараняцца
2023.10.17 09:00

Тры мэты Вашынгтону

У выніку амерыканская дыпламатыя на Блізкім Усходзе мусіць развязаць вельмі складаную задачу з некалькімі складнікамі.

Па-першае, Белы дом плануе дапамагчы Ізраілю пакараць тэрарыстаў. Ізраіль ужо пачаў атрымліваць дадатковую вайсковую дапамогу ад амерыканцаў, а ў Кангрэсе будзе разглядацца пытанне пра вылучэнне на гэтыя мэты яшчэ $ 2 млрд. Не выключана, што гаворка ў выніку пойдзе нават пра больш значную дапамогу.

Па-другое, ЗША маюць намер не дапусціць уцягвання ў вайну новых суб’ектаў, у першую чаргу Ірану.

Вашынгтон хоча паўплываць на «Хамас» і Тэгеран праз арабскія краіны. Таксама Блінкен сустракаўся з кіраўніком палестынскай адміністрацыі Махмудам Абасам, каб перадухіліць эскалацыю на Заходнім беразе ракі Іярдан. Нядаўнія рэзкія выказванні Абаса наконт «Хамасу» сведчаць пра тое, што сустрэча была прадуктыўнай. Акрамя таго, паводле медыяў, пасля перамоваў з дзяржаўным сакратаром ЗША кіраўніцтва ААЭ пераканала Сірыю не ўмешвацца ў канфлікт Ізраілю і «Хамасу».

Адначасова Злучаныя Штаты дэманструюць сілу, дасылаючы да берагоў Ізраілю свае авіяносныя злучэнні. Акрамя таго, паводле медыяў, Пэнтагон разаслаў загад рыхтавацца да разгортвання прыблізна 2000 амерыканскіх вайскоўцаў – іх могуць перакінуць на Блізкі Усход для выканання дапаможных функцыяў. У Кангрэсе тым часам задумаліся аб прыняцці закону, які дазволіць ЗША выкарыстаць войскі ў выпадку маштабнай эскалацыі цяперашняй вайны на Блізкім Усходзе.

Па-трэцяе, ЗША важна не страціць уплыву ў рэгіёне і не пасварыцца з сяброўскімі арабскімі краінамі, якія не падтрымліваюць ні тэрору «Хамасу», ні дзеянняў Ізраілю. Таму адміністрацыя Байдэна надае вялікую ўвагу неабходнасці мінімізаваць страты цывільнага насельніцтва падчас аперацыі Ізраілю, забяспечыць прымальнае для ўсіх рашэнне наконт эвакуацыі мірных жыхароў з зоны баявых дзеянняў і даставак гуманітарнай дапамогі. Зрабіць гэта няпроста: прынамсі пераканаць Егіпет адчыніць КПП «Рафах» на палестынскай мяжы пакуль не ўдалося.

Візіт Байдэна ў Ізраіль і Іярданію, імаверна, разлічаны на тое, каб спрыяць дасягненню ўсіх трох мэтаў.

Аналітыка
Як баявыя дзеянні на Блізкім Усходзе паўплываюць на вайну Украіны і Расеі?
2023.10.16 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў