Мінпрацы РФ раскрыла верагодную лічбу стратаў у вайне з Украінай


Міністэрства працы і сацыяльнага развіцця РФ зрабіла заказ на выраб амаль што мільёна пасведчанняў для ветэранаў баявых дзеянняў і сваякоў загінулых ветэранаў войнаў і інвалідаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: сайт Міністэрства сацыяльнага развіцця Маскоўскай вобласці

Аб гэтым паведамляе выданне «Вёрстка», якое заўважыла адпаведны тэндар на партале дзяржзакупак. Як сцвярджае выданне, гэтыя лічбы могуць ускосна сведчыць аб маштабах удзельнікаў і загінулых у баях ва Украіне з боку Расеі.

Так, згодна з інфармацыяй «Вёрсткі», Міністэрства працы заказала 757 305 пасведчанняў ветэрана баявых дзеянняў і 230 000 пасведчанняў для «чальцоў сем’яў загінулага (памерлага) інваліда вайны, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны і ветэрана баявых дзеянняў».

Як згадваецца ў дакуменце, з надрукаваных пасведчанняў 600 000 прызначана для Мінабароны, 86 805 – для Мінсацабароны, 60 000 – для МУС, 10 000 – для Росгвардыі, 500 – для Мінбуда.

З надрукаваных пасведчанняў для чальцоў сям’і загінулага 200 000 прызначаецца для Мінабароны, а 30 000 – для Мінсацабароны.

Як адзначае выданне, з чэрвеня пасведчанні «чальцоў сем’яў загінулага (памерлага) інваліда вайны, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны і ветэрана баявых дзеянняў» выдаюцца не толькі сваякам загінулых салдатаў рэгулярнай арміі, але і загінулых добраахвотнікаў.

За час вайны, паводле падлікаў «Вёрсткі», Міністэрства працы заказала ўсяго 936 052 пасведчанні для ветэранаў баявых дзеянняў.

Пры гэтым адзначаецца, што заказы падобных пасведчанняў рабіліся і да вайны, але колькасць тых, што прызначаліся для Мінабароны, была нашмат меншай, а колькасць пасведчанняў для чальцоў сем’яў загінулых штогод зніжалася. Такія пасведчанні атрымлівалі чальцы сем’яў загінулых у Вялікую Айчынную вайну, а таксама падчас іншых канфліктаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў