344 дзень пратэстаў: Святлана Ціханоўская прыляцела ў ЗША, з Беларусі працягваюць з’язджаць журналісты


«Белсат» падводзіць вынікі нядзелі, 18 ліпеня.

Святлана Ціханоўская прыляцела ў Вашынгтон з працоўным візітам. У аэрапорце беларускую лідарку сустрэла амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Працоўная праграма распачалася з сустрэчы з беларускай дыяспарай а 14-й гадзіне па мясцовым часе на Freedom Plaza.

На панядзелак 19 ліпеня ў Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы на высокім узроўні ў Дзярждэпартаменце, а на аўторак – у Белым доме.

Hавiны
Распачаўся працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША
2021.07.18 17:21

З 19 ліпеня Літоўскі візавы цэнтр у Менску аднаўляе выдачу візаў тыпу С і D. 6 ліпеня МЗС Беларусі скараціў дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы да аднаго супрацоўніка консульскай службы і трох супрацоўнікаў адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу. Літоўскі візавы цэнтр у Менску перастаў прымаць дакументы 8 ліпеня, а 7 ліпеня – у Горадні.

У той жа час літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 41 нелегальнага мігранта з беларускага боку. Большасць з іх сказалі, што яны – грамадзяне Іраку. Агульная колькасць затрыманых літоўцамі на сваёй мяжы мігрантаў з Беларусі ў 2021 годзе склала 2064 чалавекі.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падлічыла пашкоджанні, нанесеныя моцным даждждом, які абрынуўся на Беларусь у суботу 17 ліпеня.21 населены пункт пацярпеў у Гарадзенскай і Менскай абласцях. Пашкоджаныя дахі 7 жылых дамоў і 7 сельскагаспадарчых будынкаў. Зафіксаваныя 49 выпадкаў падзення дрэў.

Hавiны
Медыкі ацэньваюць стан маладзёнаў, у якіх ударыла маланка, як сярэдне-цяжкі
2021.07.18 13:56

У выніку ўдару маланкі ў дрэва ў вёсцы Ельніца Менскага раёну загінула 25-гадовая дзяўчына, чатыры хлопцы 29, 28, 25 і 25 гадоў – шпіталізаваны. З-за дрэва, якое зваліліся на чыгуначныя шляхі, адбылася затрымка ў руху трох пасажырскіх цягнікоў на перагонах «Куранец-Маладзечна» ў Вілейскім і «Вілейка-Маладзечна» ў Маладзечанскім раёнах Менскай вобласці.

У Горадні з-за моцнага ліўня апынуліся падтопленыя шэсць участкаў дарог, у Менску – пяць.

На волю пасля 10-дзённага арышту не выйшлі кіраўнікі «Нашай Нівы»: галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько. Усе трое былі затрыманыя 8 ліпеня паводле арт.342 КК РБ («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і правялі дзесяць содняў на Акрэсціна ў статусе падазраваных. 18 ліпеня стала вядома, што Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко перазатрыманыя яшчэ на трое содняў па новым крымінальным артыкуле. Чаму не вызвалілі Андрэя Дынько – дагэтуль невядома.

Hавiны
Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч не выйшаў на волю, яго затрымалі па новым крымінальным артыкуле
2021.07.18 17:56

З Беларусі з’ехаў галоўны рэдактар магілёўскага сайту 6tv.by Зміцер Салаўёў і частка рэдакцыі парталу. 14 ліпеня пасля ператрусу ГУБАЗіК паставіў Салаўёва перад выбарам – альбо закрыццё сайту, альбо крымінальная справа паводле арт.342 КК РБ. Частку супрацоўнікаў рэдакцыі прыгразілі таксама прыцягнуць за распальванне сацыяльнай варожасці. Зміцер Салаўёў і некаторыя журналісты сайту з’ехалі з Беларусі, частка засталася на радзіме. Спыняць працу 6tv.by не плануе.

Hавiны
Закрыццё сайту ці крымінальная справа. Частка рэдакцыі магілёўскага парталу 6tv.by пакінула Беларусь
2021.07.18 21:57

Стала вядома, што з’ехалі з Беларусі карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Раман Васюковіч і палітычны аналітык Валер Карбалевіч, які супрацоўнічаў з «Радыё Свабода».

У Парыжы Міжнародная федэрацыя па правах чалавека (FIDH) арганізавала акцыю салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, у прыватнасці, з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны». Сенатар Парыжу Рэмі Фера ў сваім выступе адзначыў, што Францыя павінна рабіць усё магчымае і змагацца за вызваленне праваабронцы Алеся Бяляцкага, ягоных паплечнікаў, да той пары, пакуль Беларусь не стане дэмакратычнай краінай.

ГГ, belast.eu

Стужка навінаў