Аперацыя пераносіцца. Менчукі расказалі, ці давалі хабар артапедам за пратэзаванне суставаў


18 красавіка Лукашэнка назваў колькасць затрыманых артапедаў – 35 чалавек. Нібыта дактары падказвалі пацыентам, «якія імпартныя артапедычныя дэталі ім у цела ўставіць», і атрымлівалі хабар. Паразмаўлялі з менчукамі, якія або рыхтаваліся да аперацыі для пратэзавання суставаў, або адпраўлялі на яе сваіх бацькоў. Людзі сцвярджаюць, што ім ніхто не падказваў, які выбраць пратэз, а пра хабар і гаворкі не было.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ulrich Niehoff / imageBROKER / Forum

40-гадоваму Арцёму ў лютым 2021 года дыягнаставалі асептычны некроз галоўкі бядровай косці, аднак у той час аперацыі пратэзавання былі прыпыненыя праз пандэмію COVID-19. Ужо ў 2022-м ён запісаўся на прыём да загадчыка траўматолага-артапедычнага аддзялення клінічнага шпіталю № 6 Менску Мікалая Жыхара. Хацеў трапіць менавіта да яго, бо Жыхар рабіў раней аналагічную аперацыю цесцю Арцёма, і вельмі паспяхова.

«Інфармацыі ніякай: ні пра людзей, ні аб пратэзах»

«Трапіў да яго на кансультацыю 2 сакавіка. У той дзень якраз была камісія на пазачарговае пратэзаванне. Ён паглядзеў мой рэнтген-здымак, а я напісаў заяву з просьбаю запісаць мяне на тэрміновую аперацыю з ужываннем імпартнага пратэза, бо не магу трываць болю. Пратэзы там былі розных вытворцаў. І доктар не ўдакладняў, які менавіта будзе пратэз. Яны ж падбіраюцца паводле памераў, індывідуальна, там было некалькі варыянтаў.

У заяве таксам напісаў, што аплочваю ўсё сам. Нічога загадзя не плаціў, тым больш доктар папярэдзіў, што аплата будзе рублямі ў касу больніцы ўжо беспасярэдне падчас шпіталізацыі», – расказвае Арцём.

Мужчына кажа, што яго запісалі на шпіталізацыю на канец траўня. Але тыдзень таму, 13 красавіка, Арцём даведаўся, што Мікалая Жыхара затрымалі і той у СІЗА КДБ. Аперацыя пераносіцца.

«Я пайшоў да іншага артапеда ў платную клініку. Яны там усе адно аднаго ведаюць. І той параіў мне перанесці шпіталізацыю на восень. Бо, кажа, цяпер інфармацыі ніякай не мае: ні пра людзей, ні аб пратэзах. Калі і што будзе, якія будуць вытворцы, хто будзе пастаўляць – зусім нічога не вядома. То бок у Беларусі, як я зразумеў, засталіся толькі беларускія пратэзы», – мяркуе наш суразмоўца.

РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Менск, Беларусь. 6 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Арцём гаворыць, што ўжо звыкся з болем, таму гатовы трываць яе да восені. Бясплатны пратэз беларускай вытворчасці ставіць не збіраецца, бо «ён менш функцыянальны і недаўгавечны». Да таго ж, каб яго паставіць, трэба стаяць у чарзе. Разлічвае на імпартны і сучасны – за $ 2,5–3 тысячы.

Што да затрымання лекараў, Арцём не выключае, што маглі працаваць нейкія карупцыйныя схемы:

«Калі браць кошт гэтага пратэза для канчатковага спажыўца, то ўва ўсім гэтым ланцужку, напэўна, закладзена столькі нацэнак, што, думаю, усё магло быць. Можа, і былі нейкія нагоды. Але асабіста мне ніхто не навязваў канкрэтнага вытворцу пратэза і ніхто не схіляў да хабару».

«Вышукваюць сродкі і шукаюць спосаб запалохаць»

Чытачка «Белсату» Алеся распавяла, што ў 2017 годзе ейнаму бацьку аперацыю пратэзавання тазасцегнавога сустава рабілі таксама ў 6-м гарадскім клінічным шпіталі сталіцы (магчыма, аперыраваў той жа Жыхар). І зрабілі паспяхова. Мужчыну было тады 58 гадоў, хадзіў ён з цяжкасцю, перамагаючы боль. Пасля аперацыі ж, прызнаецца дачка, «бачыла тату, які ледзь не падбягаў да тралейбуса».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аперацыя эндапратэзавання.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

«Не ведаю, якая там сітуацыя з затрыманымі дактарамі. Але з татам было так: яму далі накіраванне, ён прыехаў, і лекар распавёў яму пра ўсе гэтыя пратэзы. Яны з мамаю параіліся і выбралі сустаў брытанскай вытворчасці, які каштаваў на той момант каля 2,5 тысячы долараў. Усё афіцыйна было, была дамова, і праз касу ўсё плацілі. Ну і потым зрабілі аперацыю», – расказвае жанчына.

Паводле Алеся, бацьку ніхто не падштурхоўваў купіць пратэз пэўнай фірмы. Ён сам выбраў аптымальны для сябе варыянт. Была магчымасць паставіць беларускі пратэз, але мужчына пабаяўся, што ў гэтым выпадку праз некаторы час давядзецца рабіць паўторную аперацыю.

«Гаворкі пра хабар наагул не было. Толькі кошт сустава. І ніхто ў нас ніякіх грошай не прасіў, ніхто не навязваў», – зазаначае чытачка.

Інтэрв’ю
Якую дапамогу ў Беларусі атрымліваюць людзі з рэдкімі захворваннямі? Размова з маці дзяўчынкі, хворай на СМА
2022.04.18 08:40

Жанчына кажа, што была троху здзіўленая інфармацыяй пра арышт артапедаў. Яна мяркуе, што дзяржава такім чынам спрабуе выбіць у людзей грошы, якіх цяпер вельмі не стае:

«Нават калі нейкая карупцыя там была ў гэтым сегменце медыцыны, то яна, хутчэй за ўсё, была і раней. І тое, што яны толькі цяпер на гэта выйшлі, паказвае, што яны ўсюды вышукваюць сродкі і шукаюць спосабы запалохвання. Мне гэта так бачыцца.

Я думаю, карупцыйныя схемы працуюць не толькі ў гэтым сегменце. Але ж толькі цяпер яны так нечакана іх пачалі выкрываць…»

У панядзелак 18 красавіка ўлады ўпершыню прызналіся ў масавых затрыманнях артапедаў, хаця першыя арышты адбыліся яшчэ 26 сакавіка. 13 красавіка з’явілася інфармацыя пра затрыманні яшчэ трох чалавек. Лукашэнка заявіў пра затрыманне агулам 35 дактароў і назваў гэта «аперацыяй». Паводле непацверджанай інфармацыі, артапеды праходзяць паводле арт. 430 КК («Атрыманне хабару»), а справа звязаная з пастаўкамі эндапратэзаў.

Аб’ектыў
Рыхтуецца новая «справа медыкаў»
2022.03.29 23:39

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў