На выбары АГП ізноў адправіць «спікераў»


Аб’яднаная грамадзянская партыя вызначылася са сваім фарматам удзелу ў кампаніі пад назваю «мясцовыя выбары».

Рашэнне прыянлі на паседжанні Палітсавету АГП.

«Асобы, зарэгістраваныя кандыдатамі, пойдуць з галоўным мэсіджам: «За сумленныя выбары!», – кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька. – Падчас кампаніі яны будуць даводзіць людзям, што сапраўдных выбараў у нас няма, ёсць толькі бутафорыя, псеўдавыбары. Беларусы насамрэч не абіраюць нікога ва ўладу, знізу даверху ўлада прызначае сябе сама і таму не нясе ніякай адказнасці перад грамадзянамі. І гэта мае наўпроставую сувязь з эканамічным становішчам».

АГП мае намер вылучыць у якасці кандыдатаў каля 200 асобаў па ўсіх абласцях Беларусі. Анатоль Лябедзька падкрэслівае, што партыя не лічыць іх кандыдатамі, якія бяруць удзел у выбарах. «Гэта не кандыдаты, а спікеры, і браць удзел яны будуць не ў выбарах, бо іх няма, а ў палітычнай кампаніі пад умоўнаю назваю «мясцовыя выбары».

Агітацыя за байкот цяпер забароненая Выбарчым кодэксам. Таму прадстаўнікі АГП будуць заклікаць выбарнікаў не галасаваць ні за каго, а калі на ўчастак усё ж прымусілі прыйсці, дык пісаць поперак бюлетэню: «Патрабую сумленных выбараў! Досыць нас падманваць!» – не кранаючы прозвішчаў кандыдатаў.

Гэткі фармат Аб’яднаная грамадзянская партыя будзе прапаноўваць і партнёрам з кааліцыі.

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў