Як французы лечаць казкамі беларускіх дзяцей


Гісторыя пра актораў, якія прыехалі ў гарадзенскі хоспіс і прыжыліся ў Беларусі. Цяпер вывучаюць у Менску сістэму Станіслаўскага.

Акторы-валанцёры ўпершыню з’явіліся ў Горадні яшчэ летась. Дырэктарка дзіцячага хоспісу Вольга Шульга трапіла на французскае дабрачыннае аб’яднанне «Тэатро» ў інтэрнэце і запрасіла з выступам у Беларусь.

Валанцёры знайшліся выпадкова, а прыехалі надоўга

Паводле спадарыні Вольгі, прафесійнага псіхолага, французскія валанцёры выкарыстоўваюць у спектаклі інтэрактыўную методыку. Яны ўцягваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў казку праз гульні, супольную барацьбу супраць зла.

Учора французы паставілі ў Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі казку «Крокамі Снежнай каралевы». У перформансе вельмі дакладна разлічаныя сцэны. Напачатку выкарыстоўвалася рэлаксацыя дзяцей, пасля – узбуджэнне іхнай нервовай сістэмы, а напрыканцы – ізноў разняволенне. Гэта вельмі добра ўплывае на эмацыйную ды інтэлектуальную сферы дзяцей з інваліднасцю, лічыць Вольга Шульга.

Дарэчы, пасля леташняга выступу ў Горадні французы вырашылі накіраваць 15 студэнтаў са свайго аб’яднання ў Менск праз абмен, у Акадэмію мастацтваў, каб вывучаць сістэму Станіслаўскага. Яны прыехалі летась у кастрычніку на 9 месяцаў. Амаль без выходных французскія студэнты працуюць на занятках па тэатральным мастацтве. Разам з рэжысёрам спектаклю, педагогам па сцэнічным руху Акадэміі мастацтваў Сяргеем Яфрэмавым яны прыдумалі спектакль для дабрачынных паказаў. Ён – на французскай мове, таму звычайна запрашаюць перакладчыка на расейскую.

Казку ўжо некалькі разоў паказалі ў Менску, а пасля павезлі тым, хто іх запрасіў упершыню. Галоўная мэта спектаклю – стварыць навагодні настрой у дзяцей, даць магчымасць паверыць у казку і добрых людзей. Кай і Герда шукаюць чароўны амулет і змагаюцца са служкамі Снежнае каралевы – павукамі ды чароўнымі дрэвамі. Змагарам дапамагаюць смешныя дзікуны-шаманы. Нарэшце добрыя сілы перамагаюць злых персанажаў, якіх ніхто не любіць, праз «абдымашкі» ды шматлікія паўторы «я цябе люблю».

Што французы кажуць пра Беларусь і беларусаў?

Палін (выканаўца ролі Герды) уразіла надзвычайная працавітасць беларусаў, а менавіта актораў, сярод якіх тыя праводзяць усе дні. Беларусы, паводле валанцёраў, працуюць звыш сваіх здольнасцяў, па-над сіламі, і удзень, і ўначы, але застаюцца жвавымі ды з усмешкаю. Яшчэ яны назвалі гасціннасць і адкрытасць.

Аказалася, што французскі сыр і віно не проста стэрэатыпы – валанцёрам іх тут вельмі не стае. А вось мясам, кажуць, іх кормяць зашмат. Што яны асабліва ўпадабалі, дык гэта беларускія кефір і садавінавыя ёгурты.

Французы не шкадуюць, што выбраліся на 9 месяцаў у Беларусь. Амэль (у спектаклі яна – Снежная каралева) пераконвае, што беларуская сістэма навучання тэатральнаму мастацтву нашмат лепшая, чым французская. Наперадзе перад студэнтамі яшчэ паўгода, каб авалодаць ёю.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў