Імя крабу, які прадкажа вынікі ЧС па хакеі, далі расейскія маракі


Краб Пятровіч, які ў траўні 2014-га года стане прадказальнікам вынікаў матчаў чэмпіянату свету па хакеі, атрымаў новае жытло. У Менск 10-гадовы краб вагою 3,5 кг прыехаў з Баранцава мора. У новы акварыум яго перасадзілі намеснікі міністраў.



У цырымоніі ў цэнтры акіянаграфіі «Адкрыты акіян» узялі ўдзел намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга, намеснік міністра прыродных рэсурсаў Ігар Качаноўскі ды менеджар дырэкцыі ў справе правядзення чэмпіянату свету па хакеі–2014 Арсеній Якавенка. З іхнаю дапамогаю краба Пятровіча ўрачыста перасадзілі са старога акварыума ў новы.

{movie}Намеснікі міністраў дапамаглі перасадзіць краба Пятровіча ў новы акварыум |right|14240{/movie}

Гэтак званую прыёмную краба аформілі тэматычнымі экспанатамі, якія расказваюць наведнікам пра гісторыю даследаванняў Арктыкі ды Антарктыкі, пра легендарных даследнікаў Поўначы з беларускімі каранямі – Ота Шміта і братоў Лапцевых.

«У канцы кастрычніка краба вылавілі ў моры на глыбіні 100 метраў і адправілі на караблі ў Мурманск. Адтуль маракі адправілі яго самалётам у Маскву і потым – у Менск, – распавёў Аляксей Азараў, дырэктар цэнтру акіянаграфіі. – Чаму яго назвалі Пятровіч? Гэта імя далі маракі-падводнікі ды палярнікі. Пэтрас з грэцкай мовы азначае «цвёрды, камень».

Паводле Азарава, краб Пятровіч вельмі прыязны, любіць назіраць за ўсім, што адбываецца вакол. У прадказанні вынікаў хакейных матчаў будзе выкарыстоўваць хакейную пляцоўку і шайбу, прызнаўся дырэктар цэнтру акіянаграфіі: «Цяпер мы будзем яго рыхтаваць да гэтай падзеі, і думаю, што да чэмпіянату свету краб падыдзе ў поўным узбраенні».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў