У Польшчы падлічылі 100 % галасоў на парламенцкіх выбарах. Бальшыня ў апазіцыі


Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы 17 кастрычніка апублікавала вынікі падліку 100 % галасоў выбараў у Сейм і Сенат, а таксама вынікі рэферэндуму. Кіроўная партыя заняла першае месца ў Сейме і Сенаце, але апазіцыйная кааліцыя разам мае больш галасоў – імаверна, яна і сфармуе ўрад.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лідар апазіцыйнай Грамадзянскай кааліцыі Дональд Туск на перадвыбарчай акцыі. Кастрычнік 2023 года. Польшча.
Фота: Platforma.org

Фінальныя вынікі мала адрозніваюцца ад папярэдніх, што былі даступныя ўдзень 16 кастрычніка. Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» ужо не будзе мець паловы мандатаў у Сейме, нават калі пойдзе на кааліцыю з ультраправай Канфедэрацыяй. Больш за палову мае апазіцыя: Грамадзянская кааліцыя, «Трэцяя дарога» і «Новыя левыя».

Абноўлена
Партыя ўлады перамагла, але трыумфавала апазіцыя? Што адбываецца з выбарамі ў Польшчы
2023.10.16 16:57

На выбарах у Сейм (ніжнюю палату парламенту з 460 дэпутатамі) галасы размеркаваліся так:

  • «Закон і справядлівасць» – 35,38 % галасоў і 194 мандаты;
  • Грамадзянская кааліцыя – 30,7 % і 157;
  • «Трэцяя дарога» – 14,4 % і 65;
  • «Новыя левыя» – 8,61 % і 26;
  • Канфедэрацыя – 7,16 % і 18;
  • астатнія – менш за 2 %, не пераадольваюць бар’ераў, каб трапіць у парламент.

На выбарах у Сенат (верхнюю палату парламенту) галасы размеркаваліся так:

  • «Закон і справядлівасць» – 34,81 % галасоў;
  • Грамадзянская кааліцыя – 28,91 %;
  • «Трэцяя дарога» – 11,5 %;
  • Канфедэрацыя – 6,75 %;
  • «Новыя левыя» – 5,29 %;
  • беспартыйныя – 4,91 %.

У Сенаце са 100 месцаў 66 зоймуць прадстаўнікі апазіцыйнай кааліцыі, а «Закон і справядлівасць» атрымае 34 мандаты.

Яўка на выбарах стала рэкорднай для сучаснай Польшчы: 74,38 % на выбарах у Сейм і 74,31 % на выбарах у Сенат. Гэтак шмат не галасавала нават на выбарах 1989 года – першых часткова вольных з часу Другой сусветнай вайны.

Адметна, што на выбарах бывае важны нават адзін голас: у адной з варшаўскіх акругаў разрыў між «Новымі левымі» і Канфедэрацыяй склаў роўна адзін голас.

Канстытуцыя Польшчы не абавязвае прэзідэнта даручаць фармаванне ўраду пераможнай кааліцыі. А дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда – былы чалец партыі «Закон і справядлівасць». Цягам 14 дзён з першай сесіі Сейму прэзідэнт мусіць прызначыць прэм’ера, пасля за 14 дзён той мае атрымаць вотум даверу ад прынамсі паловы Сейму, а калі не атрымае, цягам яшчэ 14 дзён прэм’ера мае выбраць сам Сейм. Калі не будзе згоды, можа дайсці да датэрміновых парламенцкіх выбараў.

Яўка на рэферэндум склала 40,91 % – гэта значыць, вынікі рэферэндуму не будуць абавязковыя да выканання. Хоць на ўсе чатыры пытанні рэферэндуму звыш 90 % галасоў – «не», як і заклікалі ўлады, апазіцыя задаволеная, бо нашмат менш за палову выбарнікаў выказаліся так, як хацела кіроўная партыя.

Разбор
На рэферэндуме ў Польшчы будзе пытанне пра мяжу з Беларуссю. За што яшчэ галасуюць палякі
2023.09.22 17:02

Дзяржаўныя медыі Беларусі апошнім часам моцна «паглыбілі» свае веды Польшчы, а дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА нават запусціла польскамоўную версію сайту. Беларуская журналістка-міжнародніца Марыя Садоўская-Камлач тлумачыла «Белсату», што гэта хутчэй падрыхтоўка да наступных выбараў і намаганні дэстабілізаваць Польшчу.

Выказванні Аляксандра Лукашэнкі на карысць польскай апазіцыі яна лічыць спробай папсаваць імідж гэтых палітыкаў – што ўлада, што апазіцыя ў Польшчы салідарныя ў стаўленні да Беларусі.

Каментар
Лукашэнка прайграў на польскіх выбарах? Навошта прапаганда Беларусі бралася за Польшчу
2023.10.16 19:24

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў